Сабралі гісторыі трох беларусак, якія сёлета паступаюць на гуманітарныя спэцыяльнасьці.
«Я наагул не зьбіраюся пасьля ўнівэру працаваць па спэцыяльнасьці»
Ганна сёлета скончыла школу ў невялікім беларускім гарадку. Ад сваёй мары ёй давялося адмовіцца, і вось чаму:
— У апошні момант я вырашыла не паступаць у Акадэмію мастацтваў, пра якую марыла апошнія чатыры гады. Я зьбіралася паступаць на кінатэлеапэратара. Але там спэцыялізацыя менавіта па тэлевізіі. Гэта значыць, што пасьля заканчэньня ВНУ мне будзе «сьвяціць» мінімум два гады адпрацоўкі на БТ. А гістфак — гэта адзіны альтэрнатыўны варыянт, куды мне таксама цікава паступіць.
— Ці не адгаворвалі вас бацькі — маўляў, спэцыяльнасьць павінна быць пэрспэктыўнай, «пракарміць» чалавека, а гуманітарныя навукі сёньня ня надта модныя і запатрабаваныя?
— Мама адгаворвала, але не таму, што гэта «ня модна», а таму, што не зусім зразумела, што рабіць пасьля гістфаку, акрамя працы ў навучальных установах ці навуковай дзейнасьці. Але я не зьбіраюся працаваць па спэцыяльнасьці, таму мы з мамай прыйшлі да таго, што пытаньне «што рабіць пасьля» не праблема.
— Ці верыце вы, што на гістфаку Белдзяржунівэрсытэту будуць выкладаць сапраўдную гісторыю, без ідэалёгіі?
— Не, вядома, ня веру. Адназначна ідэалёгія будзе. Але я маю выбар — згаджацца з тым, што там будуць гаварыць, або не згаджацца.
— Колькі балаў вы набралі на ЦТ? Якія прадметы здавалі?
— У суме я набрала 334 балы. Здавала беларускую мову, гісторыю Беларусі і сусьветную гісторыю найноўшага часу. На гістфаку летась на кірунак «гісторыя» праходны бал быў 322.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывучае замежныя мовы, мае хлопца са Львова. Што вядома пра Дануту Перадню, якую прызналі «тэрарысткай» і зьняволілі на 6,5 года«Усе веды, якія ў мяне ёсьць, я атрымала ад мамы і з кніг, якія чытала»
— На вашу думку, ці дастаткова школьнай праграмы і ўрокаў, каб пасьпяхова здаць ЦТ?
— Для таго, каб здаць ЦТ, магчыма, гэтага і дастаткова. Але вынік ЦТ і наяўнасьць сапраўдных ведаў — гэта розныя рэчы.
З рэпэтытарамі я не займалася, хадзіла толькі на факультатыў па беларускай мове. Мне думаецца, на гуманітарны факультэт цалкам магчыма самастойна падрыхтавацца і пасьпяхова здаць іспыты. Пры ўмове, калі ёсьць матывацыя і жаданьне.
Я вучылася ў звычайнай школе ў райцэнтры. Я ўвогуле вельмі не люблю школу і ўсё, што зь ёй зьвязана. Нават урокі літаратуры хацелася проста «перажыць». Так склалася, што амаль усе веды, якія ў мяне ёсьць, я атрымала ад мамы і з кніг, якія чытала. У школе была зусім не патрэбная асабіста мне ідэалёгія і патрабаваньне ўдзельнічаць у жыцьці школы.
А з карыснага — некалькі вельмі добрых настаўнікаў, якія проста вельмі добрыя людзі, без прывязкі да школы. Мне падабаўся (мы і зараз падтрымліваем сувязь) настаўнік па гісторыі і настаўніца па беларускай мове. А ўсе астатнія проста былі, і ўсё. Таксама былі некаторыя пэдагогі, зь якімі ўсе канфліктавалі. Напрыклад, з настаўніцай расейскай літаратуры, таму што яна не разумела, навошта чытаць кнігі ў поўным варыянце, а не ў скарочаным.
«Падручнік гісторыі нагадвае даведнік з самымі асноўнымі падзеямі, і толькі»
— А што тычыцца выкладаньня менавіта гісторыі, наколькі глыбокая і цікавая школьная праграма, ці ёсьць там перакосы ў нейкі бок, ідэалягічны складнік? Наколькі праўдзіва, на вашу думку, выкладзены матэрыял?
— Я думаю, што матэрыял падаецца вельмі скарочана, шмат важных момантаў проста ня згадваецца. Падручнік гісторыі нагадвае даведнік з самымі асноўнымі падзеямі, і толькі. Ідэалягічны складнік у асноўным у падручніках па грамадазнаўстве.
А ў падручніках па гісторыі ідэалёгія ёсьць у выглядзе перайначваньня падзей так, нібыта беларускі народ як самастойная нацыя — гэта прыдумка. Напрыклад, утварэньне БНР падаецца як нешта, што ня мае дачыненьня да рэальнай Беларусі.
— Чым канкрэтна плянуеце займацца пасьля сканчэньня вучобы? Выкладаць у школе, займацца навуковымі дасьледаваньнямі?
— Я наагул не зьбіраюся пасьля ўнівэру працаваць па спэцыяльнасьці. Ну... хутчэй за ўсё, што не. Шчыра прызнаюся: я зьбіралася паступаць у Акадэмію мастацтваў — ажно да канца красавіка.
Я мару прафэсійна займацца фатаграфіяй. Адукацыя патрэбна для сябе, не для працы. Але пакуль рана гаварыць, што будзе праз 4-5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэкан вярнуўся з Брытаніі, добры буфэт, адлічалі за пратэсты. Што кажуць пра факультэт БДУ, дзе, магчыма, будзе вучыцца Мікалай ЛукашэнкаПрамяняла цымбалы на сацыялёгію, Беларусь на Польшчу
Наста родам зь невялікага мястэчка ў Берасьцейскай вобласьці. Да 8 гадоў жыла з бацькамі, а потым паступіла ў сталічную гімназію-каледж мастацтваў, вучылася музыцы, ейная спэцыялізацыя — цымбалы. Дзяўчына вельмі рана стала самастойнай — з 8 гадоў жыла ў інтэрнаце ў Менску.
Аднак пасьля музычнага каледжу Наста паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «эканамічная сацыялёгія». Правучылася там год. У студзені 2021 году яе затрымалі за бела-чырвонае адзеньне, аштрафавалі. Ва ўнівэрсытэце пачаліся праблемы. Яна прыняла рашэньне падаць дакумэнты на праграму Каліноўскага ў Польшчу. Увосень 2021 году даведалася пра вынікі, паехала вучыцца ў Польшчу на падрыхтоўчы факультэт, так званую «зэрувку» («нулёўку»), дзе вучыла польскую мову.
Хацела ўзяць з сабой свой любімы музычны інструмэнт, але гэта аказалася вельмі складана.
«Беларусам і ўкраінцам ня цяжка вывучыць польскую мову»
Наста лічыць, што за год зусім рэальна добра вывучыць польскую мову.
Я мяркую, што ў мяне ўзровень калі не «В2», то «В1+» дакладна. Асабліва лёгка авалодваць мовай, калі ў цябе ў асяродку шмат польскіх сяброў, ты працуеш, шмат кантактуеш з носьбітамі мовы. Беларусам і ўкраінцам ня цяжка вывучыць польскую. За паўгода можна вывучыць мову на ўзровень В2«, — перакананая дзяўчына.
У Польшчы Наста паступае таксама на сацыялёгію, падала дакумэнты ў чатыры ўнівэрсытэты: ва Ўроцлаўскі, Варшаўскі, Гданьскі і Ягелонскі ў Кракаве. Тут можна падаваць дакумэнты онлайн адразу ў некалькі ВНУ, а пазьней выбраць, які больш падабаецца, тлумачыць яна.
«Я паступаю паводле агульных правілаў або для іншаземцаў, або для палякаў. Да прыкладу, ва Ўроцлаўскі ўнівэр я паступаю як іншаземка, у Ягелонскі як полька. Калі ў чалавека дастаткова балаў, у яго прымаюць дакумэнты. Улічваюцца адзнакі зь беларускага атэстата, некаторыя ўнівэрсытэты патрабуюць нават вынікі цэнтралізаванага тэставаньня. Унівэрсытэты самі пераводзяць балы ў свае польскія сыстэмы, самі іх лічаць. Галоўнае, каб быў апастыль, без апастылю — нікуды.
Мне пашанцавала: я пасьпела ўсё зрабіць у Беларусі яшчэ да абвастрэньня гэтай праблемы, даволі хутка і танна», — кажа яна.
«У Польшчы ёсьць і агульнае зь Беларусьсю: сацыялёгія там ня вельмі папулярная»
Сярэдні бал атэстата ў Насты 9,5. А вось ЦТ, прызнаецца дзяўчына, яна здала крыху горш: расейскую мову на 88 балаў, гісторыю на 86, а грамадазнаўства на 70. Спачатку хацела паступаць на псыхоляга.
Натуральна, я вывучала рэйтынгі польскіх унівэрсытэтаў, праграмы, асаблівасьці. Зразумела, што ўзровень ва ўсіх прыкладна аднолькавы. Да прыкладу, ва ўроцлаўскім ёсьць ня проста сацыялёгія, але і спэцыялізацыя «эканамічная сацыялёгія», сацыялёгія пэўных груп, у Гданьску «прыкладная сацыялёгія» — хутчэй за ўсё, там упор робіцца на дасьледаваньні.
Але ў Польшчы ёсьць і агульнае зь Беларусьсю: сацыялёгія ня вельмі папулярная. Так, сацыёлягі зарабляюць, працуюць, але ў сьвядомасьці ў звычайных людзей сацыёляг — гэта чалавек, да паслуг якога ты зьвернесься ці не ў апошнюю чаргу» — разважае Наста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія актывісты ў Чэхіі правялі сустрэчу ў ВНУ, каб спыніць дыскрымінацыю студэнтаў зь Беларусі«Мне ў наргасе трапіліся ў большасьці сваёй цудоўныя выкладчыкі»
Што да году вучобы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце, у цэлым дзяўчына мае вельмі станоўчыя ўражаньні.
«Для мяне першы год вучобы быў вельмі клясным. Мне ў наргасе трапіліся ў большасьці сваёй цудоўныя выкладчыкі! Пэдагогі ўмелі зацікавіць студэнтаў, вельмі клапаціліся пра нас. Ведаю, што пасьля майго сыходу ў апошні час шмат іх звольніліся з унівэрсытэту, асабліва маладыя. Вядома, як і паўсюль, былі і дрэнныя выкладчыкі. Але я ўспамінаю больш пра добрае, прыемнае. Не магу сказаць, якая там цяпер абстаноўка. Кажуць, што шмат зьмянілася, і ня ў лепшы бок», — прызнаецца Наста.
Дзяўчына лічыць, што ў Польшчы больш спрыяльныя ўмовы і для студэнтаў, для падпрацоўкі. І падзялілася гісторыяй, як спрабавала падзарабіць у Беларусі ў адной буйной кампаніі.
«Я працавала рэкрутэрам, альбо HR-мэнэджарам, наймала кладаўшчыкоў. Адпрацаваўшы тым паўтара месяца, зарабіла 600 рублёў. Працавала і ў іншых кампаніях, тое самае. Студэнтаў у Беларусі дзяржава не падтрымлівае, няма ніякіх льгот, немагчыма ўладкавацца на няпоўны працоўны дзень. У Польшчы за студэнтаў і людзей да 26 гадоў працадаўца ня плаціць падаткаў, гэтыя грошы ідуць непасрэдна на заробак студэнтаў. Тут ты можаш вучыцца і забясьпечваць сябе сам. Палову свайго заробку ў беларускай кампаніі я магу зарабіць тут за 2-3 дні», — кажа Наста.
Цяпер вакацыі, і яна працуе ў Варшаве афіцыянткай — на пачатку вучобы ёй хацелася б пару месяцаў адаптавацца ва ўнівэрсытэце і засяродзіцца менавіта на вучобе, а потым ужо сумяшчаць вучобу з працай, бо стыпэндыя ў праграме Каліноўскага невялікая.
Дасьледуе «прапаганду ў беларускіх дзяржаўных тэлеграм-каналах»
Яшчэ Наста знайшла падпрацоўку па будучай спэцыяльнасьці: праводзіць сацыялягічныя дасьледаваньні. Нядаўна Беларускі офіс адукацыі выклаў інфармацыю пра конкурс грантаў для дасьледаваньняў, якія тычыцца Беларусі.
«Зараз мы з мэнтарам робім дасьледаваньні на тэму „Прапаганда ў дзяржаўных тэлеграм-каналах“ — вывучаем, як часта дзяржаўныя тэлеграм-каналы выкарыстоўваюць пэўныя словы, інструмэнты, а таксама мову асобных прапагандыстаў кшталту Азаронка, Эйсмант і гэтак далей. Я сама паведамленьняў не чытаю, а пры дапамозе мовы праграмаваньня раблю так, што кампутар за мяне лічыць колькасьць словаў у тым ці іншым тэлеграм-канале, як яны зьвязаныя, як часта іх цытуюць», — тлумачыць Наста.
У будучыні яна хацела б працаваць як сацыёляг, аналітык. Але наперадзе яшчэ гады вучобы.
«Я хацела б вярнуцца ў Беларусь. Але пакуль, на жаль, я ня бачу сябе патрэбнай у Беларусі. Таму хачу атрымаць якасную адукацыю, паглядзець на разьвітыя краіны, каб потым свае веды прынесьці ў нашу краіну», — дзеліцца сваімі марамі Наста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыходзяць ад КДБ устаноўкі, як і што рабіць». Выкладчыцы, якіх звольнілі за палітыку, расказваюць пра падзеі ў ВНУ«Ведаць псыхалёгію сярод маіх равесьнікаў лічыцца вельмі крута»
Беларуска Карына скончыла менскую школу летась, але вырашыла год адпачыць і дасканала вывучыць польскую мову — каб паступіць у польскую ВНУ. п
«У мяне была моцная матывацыя і мара — паступіць вучыцца ў Польшчу. Вучыць мову мне было няцяжка, гэта прыносіла мне задавальненьне. Ведаючы беларускую, польскую вывучыць вельмі лёгка. Я займалася з рэпэтытарам. У мяне былі вялікія перапынкі, усяго я вучыла мову прыкладна адзін год», — кажа Карына.
Яе ўжо залічылі ў Варшаўскую акадэмію Леана Казьмінскага https://www.kozminski.edu.pl на спэцыяльнасьць «Псыхалёгія ў бізнэсе». Гэта прыватная некамэрцыйная бізнэс-школа. Дзяўчына раней займалася ў псыхалягічнай групе зь дзецьмі ад 13 да 16 гадоў.
«У нас быў бізнэс-курс, дзе шмат расказвалі менавіта пра гэтую ўстанову і наагул пра варшаўскія ВНУ. І была экскурсія па варшаўскіх навучальных установах. І мяне настолькі ўразіла атмасфэра! Я яшчэ ня ведала, на каго я хачу вучыцца, але зразумела, што хачу вучыцца менавіта там. Проста загарэлася! Усе вельмі прыязныя, ветлівыя, гасьцінныя, добразычлівыя — для мяне вельмі важны эмацыйны складнік, калі са мной ветліва размаўляюць», — тлумачыць свой выбар навучальнай установы Карына.
Што да спэцыяльнасьці «псыхалёгія ў бізнэсе» — гэта ў пэўнай ступені сумесь прафэсій яе бацькоў: маці ў Карыны псыхоляг, тата — юрыст.
«І мяне вельмі цешыць, што я сумясьціла спэцыяльнасьці таты і мамы. Сёньня ўсе цікавяцца псыхалёгіяй, гэта ня проста модна. Ведаць псыхалёгію сярод маіх равесьнікаў лічыцца вельмі крута. І дарослыя цяпер пачынаюць разумець важнасьць веданьня псыхалёгіі», — прызнаецца яна.
«Кожны ўнівэрсытэт павінен знайсьці свой спосаб ацэнкі патэнцыйных абітурыентаў»
У Варшаўскай акадэміі імя Леана Казьмінскага было патрабаваньне: сярэдні бал атэстату мусіць быць большы за 8. Калі бал недастаткова высокі, чалавеку адразу кажуць, што ён не падыходзіць узроўнем ведаў. Потым была гутарка па-польску, выкладчык вызначаў узровень валоданьня польскай мовай, — тлумачыць пра мэханізм паступленьня Карына.
«Што тычыцца гутаркі, мне трапіліся дастаткова лёгкія пытаньні: мяне папрасілі расказаць пра сябе, сваю сям’ю; параўнаць, чым адрозьніваецца Варшава ад Менску, чаму я выбрала менавіта гэту краіну; расказаць пра любімыя кнігі і што я люблю рабіць у вольны час. Вось, у прынцыпе, і ўсё.
Я думаю, што кожны ўнівэрсытэт павінен знайсьці свой спосаб ацэнкі патэнцыйных абітурыентаў — у залежнасьці ад спэцыяльнасьці, ад кірунку: напісаць матывацыйны ліст, прайсьці тое ж сумоўе, гэта было б сумленна і максымальна набліжана да ацэнкі здольнасьцяў», — перакананая яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хацела мець дыплём з подпісамі гэтых людзей». Гісторыі студэнтак, якія пакінулі ВНУ, бо не зьмірыліся з рэпрэсіямі«ЦТ наагул не паказьнік узроўню ведаў»
А вось беларуская сыстэма цэнтралізаванага тэставаньня Карыне ня вельмі падабаецца, хаця летась яна праходзіла ЦТ.
«Я лічу, што ЦТ наагул не паказвае ўзроўню ведаў. Мой сябар не разумее матэматыку, зусім ня ведае яе. Ён ставіў галачкі выпадкова і атрымаў больш за 50 балаў!», — расказала яна.
Што тычыцца школьных ведаў, Карына мяркуе, што, акрамя ўменьня чытаць і выкладаць свае думкі, ёй наагул не спатрэбяцца многія прадметы.
«Ну мо яшчэ матэматыка — калі мы будзем вывучаць статыстыку. Многія настаўнікі наагул ня хочуць працаваць, ня хочуць нас вучыць, ня любяць сваю працу, і гэта адразу ж адчуваецца. І нават ня робяць выгляд, што яны стараюцца, што ім не напляваць на нас. І такіх нават не бальшыня, а ўсе, акрамя нашага кляснага кіраўніка.
Я ў перадапошняй клясе зьмяніла школу. Мне вельмі пашанцавала з кляснай кіраўніцай, яна праўда была для нас, як другая мама. Яна кожнага з нас матывавала, казала, што калі нам штосьці не падабаецца, „не вучыце паглыблена гэты прадмет, лепш вучыце тое, што вам падабаецца“. Наша клясная падтрымлівала кожнага, вельмі дапамагала нам, знаходзіла індывідуальны падыход, з кожным кантактавала», — з удзячнасьцю ўспамінае любімага пэдагога Карына.
Што тычыцца яе сяброў і знаёмых, многія вучацца ў Беларусі. Некаторыя паступілі ў БДУ, хтосьці вывучае маркетынг, частка нават пасьля 11-й клясы пайшла вучыцца ў каледжы.
«Мае сябры, зь якімі я кантактую, гавораць, што стаўленьне да студэнтаў у беларускіх ВНУ вельмі дрэннае, цябе ні ўва што ня ставяць. Ты ня можаш паспрачацца з настаўнікам, падыскутаваць з выкладчыкам, таму што „выкладчык заўсёды мае рацыю“. Гэта апрыёры, нязьменна. Гэта з расповедаў маіх знаёмых. Спадзяюся, у Польшчы будзе інакш».
Што да плянаў на будучыню, наперадзе яшчэ 3 асноўныя гады вучобы, потым магістратура.
«Я хачу працаваць проста псыхолягам — гэта на сёньняшні момант. Але, магчыма, пасьля 3 гадоў вучобы я захачу пакінуць унівэрсытэт. Стаць, напрыклад, флярыстам... Пакуль ня ведаю», — кажа Карына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая акадэмія стварыла праграму, якой могуць скарыстацца рэпрэсаваныя беларускія навукоўцы