Прадстаўніцы беларускай нацыянальнай меншасьці ў Чэхіі, прадстаўнік Беларускага інстытуту ў Празе і прадстаўнік Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Чэскай Рэспублікі сустрэліся на гэтым тыдні з рэктарам Чэскага тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Празе Войцехам Пэтрачкам і прарэктарам у міжнародных сувязях Олдржыхам Старым.
Прадметам сустрэчы стала прапанова аб супрацоўніцтве ад Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і прызнаных прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці Чэхіі ў справе дапамогі цяперашнім і будучым беларускім студэнтам ЧТУ з увагі на забарону тэхнічнай дапамогі і іншыя захады ў сувязі з вайной ва Ўкраіне.
Адной з дамоўленых формаў супрацоўніцтва будуць экспэртныя заключэньні ад афіцыйных прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасьці, якія б пацьвердзілі, што гаворка ідзе пра асобу, якая падзяляе гуманістычныя і дэмакратычныя каштоўнасьці эўрапейскай супольнасьці.
Беларускі бок запэўнілі, што ЧТУ будзе сачыць за тым, каб у дачыненьні да Беларусі і беларусаў не ўжываўся агульны падыход пры ўжываньні абмежавальных захадаў, а кожны выпадак ацэньваўся ў індывідуальным парадку. Унівэрсытэт таксама будзе сачыць за тым, каб не было дыскрымінацыі беларускіх студэнтаў і студэнтак па прыкмеце іх нацыянальнасьці або грамадзянства Беларусі.
Навучаньне беларусаў і беларусак у найстарэйшым тэхнічным унівэрсытэце Эўропы мае даўнія традыцыі. У 1920–1930 гадах у Чэскім тэхнічным унівэрсытэце вучыліся ад 150 да 200 беларускіх студэнтаў. З таго часу ЧТУ заўсёды быў адкрыты для беларусаў, а пасьля пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе ён адным з першых пачаў дапамагаць перасьледаваным беларускім студэнтам і зьбіраецца рабіць гэта і далей.