Стала вядома, хто іх заменіць на час, які спатрэбіцца для канчатковага рашэньня аб іх звальненьні.
Свабода сабрала, што вядома пра патэнцыйных пераемнікаў Баканава і Венядзіктавай і пра тое, чаму Зяленскі вырашыў у пэрыяд ваеннага становішча правесьці кадравыя ратацыі ў дзяржаўных структурах, якія выконваюць задачы дакумэнтаваньня расейскіх злачынстваў і змагаюцца з дывэрсійнымі групамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўпершыню агучылі колькасьць вайскоўцаў, якія трапілі ў палон ці зьніклі бязь вестакЯк выглядае працэдура звальненьня адказных асобаў ва Ўкраіне
Паводле ўкраінскага заканадаўства, прэзыдэнт Украіны ня можа самастойна звольніць генэральнага пракурора і кіраўніка Службы бясьпекі — гэтых чыноўнікаў прызначае і звальняе Вярхоўная Рада Ўкраіны на прапанову кіраўніка дзяржавы.
У той жа час Уладзімір Зяленскі атрымаў права такім чынам праводзіць кадравыя зьмены дзякуючы ўхваленаму ў чэрвені закону аб прававым рэжыме ваеннага становішча.
Асобна варта зьвярнуць увагу на тое, што Ўладзімір Зяленскі ня проста адхіліў Івана Баканава і Ірыну Венядзіктаву ад пасад. У абодвух выпадках адбудзецца службовае расьсьледаваньне аб прызначэньнях у пракуратуру і Службу бясьпекі тых асобаў, якія пасьля ўварваньня расейскай арміі і акупацыі часткі тэрыторыі Ўкраіны перайшлі на бок акупацыйных уладаў.
Абгрунтоўваючы сваё рашэньне, Уладзімір Зяленскі паведаміў, што праваахоўныя органы зарэгістравалі 651 крымінальнае вядзеньне аб дзяржаўнай здрадзе і калябарантах — у 198 выпадках ужо паведамілі аб падазрэньнях. Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, больш за 60 супрацоўнікаў пракуратуры і СБУ засталіся на акупаванай тэрыторыі і працуюць супраць украінскай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка паказала, як выглядае Сьвятагорская лаўра на Данеччыне пасьля расейскіх абстрэлаў. ВІДЭАЗ чым гэта зьвязана
Фармальна нагодай для кадравых рашэньняў Уладзіміра Зяленскага стала затрыманьне Алега Кулініча, які да сакавіка 2022 году ачольваў упраўленьне СБУ ў Крыме — яно разьмяшчалася ў Херсонскай вобласьці пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе. Пра гэтае затрыманьне 17 ліпеня паведамілі Служба бясьпекі Ўкраіны, Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў і пракуратура.
Аднак экспэрты мяркуюць, што новыя кадравыя ратацыі зробленыя на карысьць і ўмацаваньне пазыцый найбліжэйшых паплечнікаў украінскага прэзыдэнта — кіраўніка Офісу прэзыдэнта Андрэя Ермака і ягонага намесьніка Алега Татарава.
Цягам апошняга году ва ўкраінскіх СМІ ідзе дыскусія пра тое, што Андрэй Ярмак — агент уплыву Расеі. На мінулым тыдні яе новую хвалю актывізавала сябра Кангрэсу ЗША, этнічная ўкраінка Вікторыя Спартц, якая зьвярнулася зь лістом да амэрыканскага прэзыдэнта Джо Байдэна па тлумачэньні, ці зьяўляюцца бясьпечнымі перамовы з Андрэем Ермаком.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская дэпутатка: «Многія праблемы Ўкраіны не вырашаюцца праз кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ермака»Раней, адказваючы на такія абвінавачаньні, Уладзімір Зяленскі адказваў, што не плянуе яго звальняць.
Яшчэ большую незадаволенасьць грамадзкія актывісты выказвалі ў адрас намесьніка кіраўніка Офісу прэзыдэнта Алега Татарава — ён куратар усяго сілавога блёку. Пры прэзыдэнцтве Віктара Януковіча ён ачольваў Галоўнае сьледчае ўпраўленьне МУС Украіны і на гэтай пасадзе спрыяў перасьледу актывістаў Рэвалюцыі годнасьці 2013–2014 гадоў.
Як адзначаюць украінскія СМІ, новыя часовыя кіраўнікі пракуратуры і СБУ — Аляксей Сіманенка і Васіль Малюк — цесна зьвязаныя з кіраўніцтвам Офісу прэзыдэнта.
Часова кіраваць пракуратурай будзе куратар справы Шарамета
Аляксей Сіманенка — намесьнік генэральнага пракурора. Менавіта на яго Ўладзімір Зяленскі ўсклаў часовае кіраўніцтва пракуратурай, хоць паводле заканадаўства ў такім выпадку абавязкі генэральнага пракурора мусіў выконваць першы ягоны намесьнік — Раман Гоўда.
У статусе намесьніка пракурора Аляксей Сіманенка быў куратарам расьсьледаваньня забойства Паўла Шарамета, а ў час адпачынку Ірыны Венядзіктавай падпісаў падазрэньне Пятру Парашэнку ў так званай «вугальнай справе», паводле якой цяпер арыштаваны лідэр ужо забароненай партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук, кум расейскага прэзыдэнта Пуціна.
Украінскія СМІ паведамляюць, што ў свой час, калі супраць Алега Татарава завялі крымінальную справу аб хабарніцтве, Аляксей Сіманенка спрыяў яе закрыцьцю.
«Калі параўноўваць яго і Венядзіктаву, то гэта калясальнае пагаршэньне і адкрыцьцё шляху для поўнага самавольства. Венядзіктава адмаўлялася падпісваць шэраг абвінавачаньняў, у тым ліку і супраць Парашэнкі, тады часова (абсалютна незаконна) ставілі в.а. Сіманенку, і ён усё падпісваў, а тады вярталася Венядзіктава», — напісаў з гэтай нагоды палітычны экспэрт Тарас Чарнавол у сваім тэлеграм-канале.
Выданьне «Українська правда» са спасылкай на свае крыніцы ва ўладзе паведаміла, што Ірыну Венядзіктаву адхілілі з прычыны напружаных стасункаў з Офісам прэзыдэнта. У прыватнасьці, паведамляе выданьне, незадаволенасьць каманды Зяленскага выклікала мэдыйная актыўнасьць генэральнай пракуроркі і яе рашэньні ў паскораным рэжыме перадаваць у суды справы супраць расейскіх палонных. Гэта, паводле асобаў, датычных да перамоў з расейцамі, магло пагражаць судамі над украінскімі палоннымі і спыненьнем абмену.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Шарамета: падазраваны падзякаваў маці журналіста, настойвае на сваёй невінаватасьціНа чале СБУ — брыгадны генэрал
З чэрвеня ўкраінскія СМІ пачалі пісаць пра тое, што між кіраўніком Офісу прэзыдэнта Андрэем Ермаком і кіраўніком СБУ Іванам Баканавым абвастрыўся канфлікт за ўплыў на Ўладзіміра Зяленскага. Менавіта тады і зьявіліся першыя паведамленьні пра магчымае звальненьне Івана Баканава.
У цяперашнім адхіленьні Івана Баканава з пасады большасьць экспэртаў зьвяртаюць увагу на тое, што гэта зроблена на падставе дысцыплінарнага статуту, а дакладней — за «невыкананьне (неналежнае выкананьне) службовых абавязкаў, што прывяло да чалавечых ахвяр ці іншых цяжкіх наступстваў».
Івана Баканава заменіць брыгадны генэрал, удзельнік антытэрарыстычнай апэрацыі, кадравы супрацоўнік Службы бясьпекі Васіль Малюк. Ён займаўся барацьбой з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю. Як паведамляюць украінскія СМІ, ён асабіста браў удзел у затрыманьнях злачынцаў.
«Українська правда» ў расьсьледаваньні, якое праводзіла ў 2021 годзе аб Алегу Татараву, апублікавала доказы ягоных дачыненьняў з Васілём Малюком і Аляксеем Сіманенкам — абодва яны прысутнічалі на сьвяткаваньні дня нараджэньня намесьніка кіраўніка Офісу прэзыдэнта.
Апазыцыя гаворыць аб прыкметах аўтарытарызму Зяленскага
Грамадзкі актывіст Андрэй Смалій мяркуе, што такія кадравыя ратацыі прывядуць да манапалізацыі ўлады Офісам прэзыдэнта.
«Гэта азначае, што замест ачышчэньня праваахоўных органаў ад людзей эпохі Януковіча мы маем адваротнае. Гэта абсалютная канцэнтрацыя ўлады ў руках Офісу прэзыдэнта. Пра якую незалежнасьць гэтых органаў можа быць гаворка?» — напісаў Андрэй Смалій на сваёй старонцы ў Facebook.
Фракцыя Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» заявіла, што будзе патрабаваць справаздач Ірыны Венядзіктавай і Івана Баканава ў парлямэнце.
«Начныя ўказы прэзыдэнта Зяленскага аб адхіленьні сваіх найбліжэйшых сяброў і паплечнікаў з высокіх пасад выглядаюць, на жаль, як чарговы крок да дыктатуры і наўпрост супярэчаць законам і Канстытуцыі Ўкраіны», — адзначаецца ў заяве палітычнай сілы.
Іншыя парлямэнцкія фракцыі пакуль не адрэагавалі на кадравыя ратацыі Ўладзіміра Зяленскага ў сілавых органах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Злачынствы супраць чалавечнасьці. У АБСЭ апублікавалі другую справаздачу аб ваеннай агрэсіі Расеі ва ЎкраінеСБУ ўсё яшчэ ў чаканьні рэформы
Служба бясьпекі Ўкраіны была створана ў 1991 годзе на аснове савецкага Камітэту дзяржаўнай бясьпекі УССР.
Увесь час украінскае грамадзтва настойвае на правядзеньні рэформы гэтай спэцыяльнай службы.
У 1998 годзе са складу СБУ вывелі ўпраўленьне аховы вышэйшых адказных асобаў (стварылі на яго аснове Ўпраўленьне дзяржаўнай аховы), у 2005-м — упраўленьне замежнай выведкі (стварылі асобную Службу замежнай выведкі) і ў 2007 годзе — органы і падразьдзяленьні ўрадавай сувязі (стварылі Дзяржаўную службу спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі).
Яшчэ адзін этап рэфармаваньня стартаваў у 2019 годзе з распрацоўкі новага праекту закону аб Службе бясьпекі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ арыштавала маёмасьць беларускага заводуУ выніку гэтай рэформы дзейнасьць СБУ мусіць сканцэнтравацца на контравыведным супрацьдзеяньні пагрозам дзяржаўнай бясьпецы, на барацьбе з тэрарызмам, кібэрбясьпецы, абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама ахове дзяржаўных таямніц.
Пасьля рэформы Служба бясьпекі Ўкраіны ня будзе займацца барацьбой з эканамічнай злачыннасьцю, а сканцэнтруецца на контравыведнай абароне аб’ектаў крытычнай інфраструктуры. Апроч таго, пасьля рэформы сьледчыя і пракуроры ня змогуць залучаць супрацоўнікаў СБУ да правядзеньня вобшукаў і апэратыўна-працэсуальных дзеяньняў у справах, якія не адносяцца да кампэтэнцыі службы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адхіліў ад пасады кіраўніка СБУ і генпракурора Ўкраіны