Ім інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Справу будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Пірожнікава, паведамляе «Вясна». Зьміцер у зьняволеньні з 23 сакавіка.
ПРАЦЯГ: Зьміцер і Наста Дашкевічы адмовіліся даваць паказаньні ў судзе. Пракурор запрасіў для іх па 1,5 года зняволеньня15 чэрвеня Наста нарадзіла сына Данііла, гэта чацьвёртае дзіця ў сям'і Дашкевічаў.
Свабода расказвала пра гісторыю каханьня сям’і Дашкевічаў. У гэтай публікацыі мы ўспамінаем найбольш значныя затрыманьні і суды, якія былі ў Зьмітра і Насты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хачу данесьці свой крыж». 11 фактаў пра Дашкевіча, якога вінавацяць у «арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»Яшчэ да «крыміналкі» адседзеў на сутках паўгода
Першае затрыманьне Зьмітра Дашкевіча, якое фіксуюць СМІ, адбылося 14 лютага 2002-га — больш за дваццаць гадоў таму. «Малады фронт» традыцыйна адзначаў Дзень сьвятога Валянціна. Юнакі і дзяўчаты, нягледзячы на забарону гарадзкіх уладаў, пайшлі цэнтральным праспэктам Менску. Маладафронтаўцаў затрымалі на скрыжаваньні праспэкта Скарыны (тады ён так называўся) і Дарашэвіча.
Затрыманых было каля трыццаці, але да суду дайшлі справы толькі шасьцярых. Сярод іх быў тагачасны лідэр «Маладога фронту», а сёньня палітвязень Павал Севярынец, Стась Івашкевіч (сёньня вядомы журналіст-расьсьледавальнік), а таксама Васіль Парфянкоў, які нядаўна бязь вестак зьнік падчас бою пад Лісічанскам. Быў сярод затрыманых і 20-гадовы Зьміцер Дашкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. Што вядома пра зьніклых пад Лісічанскам беларусаўІвашкевіч потым расказваў Свабодзе, што яго разам з Дашкевічам білі ў пастарунку. Урэшце Дашкевічу прысудзілі 35 «мінімалак» штрафу. На той момант гэта было 350 тысяч рублёў (па тагачасным курсе — 210 даляраў). Сярэдні заробак у Беларусі на той момант складаў 95 даляраў.
Першыя 10 сутак арышту Дашкевіч атрымаў у той жа год за сьвяткаваньне Дня Волі, тады Зьміцер нёс бел-чырвона-белы сьцяг. У камэры на Акрэсьціна Дашкевіч сядзеў разам зь Севярынцам.
Пасьля гэтага затрыманьні Дашкевіча сталі рэгулярнымі. Яшчэ да першай сваёй крымінальнай справы ў 2006 годзе толькі на «сутках» Зьміцер адседзеў больш як паўгода.
Галасы з-за сьценкі
Па крымінальнай справе Зьмітра затрымалі ўпершыню 15 верасьня 2006 году, тады хлопец сам прыйшоў у пракуратуру разам з адвакатам. На той момант ён ужо быў кіраўніком «Маладога фронту». Адтуль Зьмітра павезьлі ўжо на «Валадарку». Хлопца абвінавачвалі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асудзілі на 1,5 года калёніі. Пакараньне ён адбываў у Шклове. На волю выйшаў датэрмінова 23 студзеня 2008 году.
Па выхадзе з турмы грамадзкай дзейнасьці не спыніў. Другі крымінальны перасьлед Дашкевіча пачаўся напрыканцы 2010 году. Яго затрымалі разам з паплечнікам Эдуардам Лобавым (сёньня ваюе ва Ўкраіне) нібыта за бойку зь мінакамі. Адбылося гэта за дзень да асноўнага дня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ІТ, на вайне, у турме. Дзе цяпер маладафронтаўцы розных пакаленьняўСуд на хлопцамі праходзіў незвычайна. «Пацярпелыя» не паказаліся ўдзельнікам працэсу, былі толькі чуваць іх галасы з-за сьценкі. Паказаньні яны давалі даволі блытаныя, казалі, што мабільнікамі не карыстаюцца, а на месца здарэньня дабраліся на папутках.
Дашкевіча і Лобава асудзілі на два гады калёніі, потым Дашкевічу накінулі яшчэ год — за парушэньні ўмоваў адбыцьця пакараньня. Зьняволеньне кіраўнік «Маладога фронту» адбываў у Горках, Глыбокім і Горадні.
Пратэставаў супраць вайны разам з Пратасевічам
Па вызваленьні ў 2013 годзе Дашкевіч заняўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю і сям’ёй. Тым ня менш працягваў удзельнічаць у акцыях.
2 сакавіка 2014 году Дашкевіч быў затрыманы ля расейскай амбасады, калі выступіў супраць вайны ва Ўкраіне. Разам зь ім і іншымі затрымалі і Рамана Пратасевіча, які тады таксама быў у «Маладым фронце». Дашкевіча арыштавалі на 12 сутак. На 25 сутак затрымлівалі яго падчас правядзеньня ў Менску чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год з пасадкі Ryanair у Менску. Як зьмянілася за гэты час беларускае небаУ верасьні 2016 году Дашкевіча затрымлівалі на мяжы з Расеяй у Веткаўскім раёне, калі ён капаў там акопы разам з паплечнікам Сяргеем Пальчэўскім. Такім чынам яны хацелі прадэманстраваць, што расейскіх войскаў у Беларусі ніхто не чакае. У міліцыі Дашкевіч сказаў, што ня ведае расейскай, таму з урокаў для перакладу яго допытаў здымалі настаўніц беларускай мовы. За «незаконнае зьняцьцё ўрадлівай глебы» ён атрымаў штраф у памеры 220 рублёў.
У сакавіку 2017 году Зьмітра затрымалі, калі ён рабіў новую кухню для пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Хлопец замовіў піцу, а замест яе прыехала міліцыя. Дашкевіч быў тады затрыманы ў рамках справы «Белага легіёну», за падрыхтоўку масавых беспарадкаў. Менш як празь месяц Зьмітра вызвалілі, да суду справа не дайшла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшоў час татальнай зачысткі». Дашкевіч выйшаў пасьля 15 сутак арышту. ВІДЭААпошнія гады Зьміцер Дашкевіч засяродзіўся на абароне мэмарыялу Курапаты. Праз гэта неаднаразова ўзьнікалі канфлікты зь міліцыяй, былі затрыманьні і арышты. Пасьля 15 сутак за ўдзел у пратэстах 2020 году казаў, што ня бачыў яшчэ ніколі такіх нясьцерпных умоваў, якія былі створаныя тады.
Дапытвала Чамаданава
Першае затрыманьне Насты Палажанкі (такое прозьвішча яна насіла да шлюбу) адбылося 5 жніўня 2005 году каля амбасады Польшчы ў Менску. Маладафронтаўцы выказвалі салідарнасьць зь недзяржаўным Саюзам палякаў, вынікі зьезду якога не прызнавалі ўлады. Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч атрымалі тады па 10 сутак арышту, а непаўналетнюю Насту вызвалілі.
У траўні 2006 году 15-гадовая Палажанка ўдзельнічала ў галадоўцы маладафронтаўцаў, якая праходзіла супраць палітычна матываваных адлічэньняў студэнтаў з ВНУ і вучылішчаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Палажанка: «Зьміцер афіцыйна папрасіў у мяне рукі маёй дачкі»Так атрымалася, што першы суд для Палажанкі быў адразу па крымінальнай справе. Гэта было ў траўні 2007 году, тады пяцёх маладафронтаўцаў (Хведарука, Корбана, Гарэцкага, Палажанку і Янушэўскага) судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Старэйшых хлопцаў аштрафавалі, а 10-клясьніцы Насьце прысудзілі «прымусовыя меры выхаваўчага характару».
Падчас аднаго з затрыманьняў на пачатку 2008 году Палажанку дапытвала асабіста будучая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Першы ў жыцьці адміністрацыйны арышт Палажанка атрымала ў лістападзе 2008 году, праз пару месяцаў пасьля паўналецьця. Яе разам зь іншымі маладафронтаўцамі асудзілі за ўдзел у акцыі насупраць КДБ 7 лістапада. Ленінскі суд Менску арыштаваў юнакоў на трое сутак, на момант абвяшчэньня прысуду гэты тэрмін ужо скончыўся, таму яны адразу выйшлі на волю.
Год умоўна і затрыманьне каталікамі
Мабыць, адно з найбольш арыгінальных затрыманьняў здарылася з Настай Палажанкай у ліпені 2009 году, калі яе затрымалі дружыньнікі на сустрэчы каталіцкай моладзі ў Івянцы. Наста раздавала буклеты «Сьцяг і герб Беларусі». Дружыньнікі здалі дзяўчыну ў міліцыю, дзе на яе склалі пратакол.
У сьнежні 2010 году Насту затрымалі за падзеі Плошчы. У турме КДБ яе пратрымалі да 17 лютага. Судзілі Насту разам з Уладзімерам Някляевым, Віталём Рымашэўскім, Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком. Дзяўчына атрымала год умоўна. Пазьней Наста прызналася, што была вымушаная падпісаць паперу аб супрацоўніцтве з КДБ, але агентку зь яе ніхто не спрабаваў зрабіць.
Пасьля гэтага Насту яшчэ неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у самых розных акцыях пратэсту, прысуджалі ёй адміністрацыйныя арышты.