«Ідзём паляваць на змагароў!». Што псыхолягі кажуць пра мэтады запалохваньня ГУБАЗіКа

Былыя і цяперашнія кіраўнікі ГУБАЗІК. Зьлева направа: Вячаслаў Арлоўскі, Мікалай Карпянкоў, Міхаіл Бедункевіч

Шмат разоў Telegram выдаляў каналы ГУБАЗіК (Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі). Але яны зьяўляюцца зноў. Новыя затрыманьні і «пакаяньні» на відэа — не для людзей са слабымі нэрвамі. З затрыманых зьдзекуюцца, іх прыніжаюць. Гэта ўсё — пад вясёлую музыку ці кадры зь фільмаў. У тэлеграм-каналах міліцыянты праводзяць «галасаваньні» — каго заўтра затрымаць.

Свабода папрасіла некалькіх незалежных псыхолягах прааналізаваць гэтыя мэтады зьдзекаў з адных і запалохваньня другіх.

«Тое, што яны робяць, — забойства душы, адмова ад нармальных каштоўнасьцяў»

Псыхоляг Маргарыта (імя зьмененае на яе просьбу. — РС) кажа, што ў першую чаргу, калі глядзіш такія відэа, гаворка ідзе пра фэномэн расчалавечваньня.

«Яны спрабуюць падаць сваю дзейнасьць так, нібыта гэтыя затрыманьні адбываюцца не зь людзьмі, а з абстрактнымі ворагамі, „змагарамі“. Іх мэта — максымальна расчалавечыць. Жахлівыя кадры, калі ломяць дзьверы і б'юць чалавека, і гэта пад накладзеную вясёлую музыку, ствараюць эфэкт, што гэта такая гульня, гэта не па-сапраўднаму. Дзеці катавалі жабак, але тыя паміралі па-сапраўднаму, як у тым афарызьме», — тлумачыць спэцыялістка.

Яна кажа, што міліцыянты адказваюць на запыт сыстэмы. Запыт такі: пасеяць страх, «насыціць» ім кожнага чалавека, кожную ягоную клетку. Таму жорсткія затрыманьні павінны «выходзіць на аўдыторыю» — каб іх бачылі як мага больш людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запоем чытаў навіны „русского мира“ і крычаў, што на Кіеў трэба скінуць ядзерную бомбу». Што за людзі кіруюць ГУБАЗіКам

Маргарыта лічыць, што міліцыянты ня могуць спыніцца, аслабіць хватку.

«Бо спыніцца — гэта даць людзям падняць галаву, адчуць абурэньне. Таму рэпрэсіўная машына мае патрэбу ў нарошчваньні пачуцьця страху. І яны, міліцыянты, вучацца, „удасканальваюцца“ ў гэтай працы — сеяць страх», — кажа псыхоляг.

«Ня раю глядзець і распаўсюджваць такія відэа»

Псыхоляг кажа, што ёй цяжка ўявіць, якія каштоўнасьці маюць міліцыянты.

«Уратаваць краіну? На жаль, самыя вялікія злачынствы рабіліся пад „вялікімі“ ідэямі, кшталту „ачысьціць расу“. Што тычыцца чытачоў і гледачоў гэтага — я б раіла не глядзець і не распаўсюджваць такія відэа. Не паддавацца фэномэну расчалавечваньня. Зло наўрад ці мы можам перамагчы, але варта дадаваць у жыцьцё больш дабра, дапамагаць тым, хто ў патрэбе, быць салідарнымі», — раіць Маргарыта.

Яна лічыць, што тое, чым займаюцца «паляўнічыя на змагароў», — гэта «забойства душы, адмова ад нармальных каштоўнасьцяў».

«Туды ў прынцыпе не ідуць працаваць людзі з адэкватнай самаацэнкай»

Псыхоляг Натальля лічыць, што ў «органы» ў прынцыпе не ідуць працаваць людзі, якія не зазнавалі гвалту — эмацыйнага ці фізычнага.

«Тады ўнутранае несьвядомае ў іх прагне помсты ці справядлівасьці. Гэта такая несьвядомая спроба „аднавіць справядлівасьць“, якая была парушана ў дачыненьні да іх саміх. Плюс гэта людзі, якія маюць моцную патрэбу ў межах і правілах. Тыя, хто ідзе служыць у органы, як правіла, пазьбягаюць адказнасьці. Ім лёгка сказаць: гэта ня я, такі аддалі загад, мне сказалі», — кажа Натальля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баяцца — значыць любяць. Ідэальнае насельніцтва для пажыцьцёвага дыктатара

Яна лічыць, што людзі з нармальнай самаацэнкай або не ідуць у органы, або доўга там не затрымліваюцца.

«Нармальны чалавек мае шмат спосабаў даказаць сваю ўласную значнасьць. Гэтыя могуць толькі праз падаўленьне іншага ці дамінаваньне. Толькі так яны могуць адчуць сябе каштоўнымі. Гэта як маньяк. Ён атрымаў траўму — і пайшоў калечыць ці забіваць людзей. Яшчэ важны пункт — беспакаранасьць. Калі міліцыянт страляе ў падлетка і назаўтра міліцыянт — пацярпелы, гэта сыгнал і для яго, і для ўсіх, што так можна», — кажа спэцыялістка.

«Відэа з тымі, хто ў палоне, варта глядзець з выключаным гукам»

Натальля прыводзіць прыклад з хатнім гвалтам. Агрэсар пачынае біць блізкіх больш і больш, часам — аж пакуль не заб’е.

«Калі ніхто яго не спыняе ў час. У міліцыянтаў страх — самая моцная эмоцыя. Яны баяцца. Толькі выдаюць сябе за герояў. Пакуль ім баяцца няма чаго, яны так сябе паводзяць. Як зьвер, які адчуў смак крыві і ня можа спыніцца. Калі ім будзе чаго баяцца — будуць іншыя паводзіны», — лічыць псыхоляг.

Яна раіць не зважаць на тое, што затрыманыя людзі кажуць на «пакаяльных відэа». «Як казалі спэцыялісты, прызнаньні палонных трэба слухаць з выключаным гукам. Але і гаварыць пра гэта важна — пра гэтыя рэпрэсіі, зьдзекі, каб парадак дня не адыходзіў», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як канцлягер перажыць? Проста старацца выжыць» — псыхоляг Лілія Ахрэмчык

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўнік ГУБАЗіК пракамэнтаваў інфармацыю пра сваю датычнасьць да страляніны ў менскім ЖК «Каскад»