Спыненьне апэрацый з каштоўнымі мэталамі
З 1 ліпеня Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь перастане купляць і прадаваць у сваіх касах зьліткі каштоўных мэталаў: золата, срэбра і плаціны.
Апэрацыі спыняцца як зь юрыдычнымі асобамі, так і з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізычнымі асобамі. Але куплю-продаж па-ранейшаму будуць весьці з банкамі.
Скасаваньне ліміту на замежныя пасылкі
З 1 ліпеня Савет міністраў скасуе ліміт у 22 эўра на пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў. Ліміты павысілі яшчэ ў красавіку, а цяпер новыя ліміты ўнесьлі ў пастанову «Аб мерах па рэалізацыі Дамовы аб Мытным кодэксе Эўразійскага эканамічнага зьвязу».
Як і раней, запоўніць электронную дэклярацыю на пасылку давядзецца, толькі калі яе агульны кошт, вага або колькасьць тавараў перасягнуць ліміты, устаноўленыя Эўразійскай эканамічнай камісіяй (ЭЭК).
ЭЭК павялічыла для фізычных асоб ліміты кошту замежных пасылак, якія ня будуць абкладацца мытнымі пошлінамі. Цяпер замест 22 эўра — 1000 эўра. Вага бяспошлінных пасылак таксама ўзрасла з 10 да 31 кіляграма. Калі кошт пасылкі перавышае ўстаноўленае абмежаваньне або яго вага складае больш за 31 кг, неабходна будзе заплаціць пошліну ў памеры 15% ад кошту замовы, але ня менш як 2 эўра за 1 кг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ўсярэдзіне абрываецца, калі адчыняеш паштовую скрыню, а там пуста». Улады пазбаўляюць палітвязьняў перапіскіУлады спадзяюцца на паўнавартасную працу БНБК
Раней Савет міністраў Беларусі адмысловай пастановай даў гарантыі ўраду па двух крэдытах «Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі» (БНБК). Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя — кампанія зь дзяржаўным і прыватным капіталам. Беларускай дзяржаве належыць 25% гэтай кампаніі, кітайскім інвэстарам — 29%, яшчэ 45% дзеляць дзьве эмірацкія кампаніі (каму яны належаць, невядома) і дзьве шатляндзкія, 1% належыць расейскаму інвэстару.
Будаваць вытворчасьць БНБК пачалі ў 2018 годзе недалёка ад Рудзенску. Кошт праекту ацэньваецца ў 733 млн даляраў. Для яго рэалізацыі кітайскі «Эксімбанк» выдзяляў ільготны крэдыт на 628 млн даляраў. Улады спадзяюцца, што зь ліпеня БНБК запрацуе напоўніцу.
Адметна, што кіроўныя пасады ў кампаніі займаюць двое грамадзян Кіргізстану, якіх Беларусь адмовілася выдаць Бішкеку на запыт кіргіскай Генпракуратуры. Пры гэтым Беларусь і Кіргізстан разам уваходзяць у АДКБ і вядуць гандаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад гарантаваў банкам вяртаньне крэдытаў БНБК, якой кіруе беглы прэм’ер КіргізстануУвядзеньне базавага рахунку для пэнсіянэраў
Беларусаў, якія выйдуць на пэнсію пасьля 1 ліпеня і стануць атрымліваць выплаты не гатоўкай, а на картку, абавяжуць адкрыць базавы рахунак. На яго будуць пералічваць гэтыя выплаты, таксама пэнсіянэру выдадуць картку сыстэмы «Белкарт».
Пры гэтым адкрываць базавыя рахункі можна толькі ў банках з доляй дзяржавы больш за 50%, адпаведна гэта: «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», «Белінвестбанк» і «Банк Дабрабыт».
Новаўвядзеньні не закрануць тых, хто атрымлівае пэнсію празь «Белпошту» або ў банку (яны будуць абавязаныя адкрыць базавы рахунак да 1 ліпеня 2025 году).
Новае абнаўленьне базы «дармаедаў»
Асобы, якія доўга не працуюць або працуюць за мяжой, апрача пяці краін — членаў ЭАЭС, да 21 ліпеня мусяць падаць у камісію па садзейнічаньні занятасьці дакумэнты аб працы. Калі ж гэтага не адбудзецца, беспрацоўныя будуць плаціць 100% за камунальныя паслугі ў наступныя месяцы.
У ліпені павышэньня ставак для «дармаедаў» ня будзе. Адно што ў «жыроўках» больш ня будзе падзелу тарыфаў за газ на «зімовы» і «летні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмены ў «дармаедзкім» дэкрэце. Плаціць за жыльлё па поўных тарыфах будуць амаль усе, хто зьехаў за мяжуПавышэньне ПДВ
Ад 1 ліпеня замежныя інтэрнэт-крамы ў Беларусі будуць плаціць ПДВ у памеры 20%. Імаверна, гэта адаб’ецца і на цэнах, якія могуць павысіцца прыкладна на столькі ж.
Улады лічаць, што гэта дазволіць павялічыць паступленьні ад бізнэсу ў бюджэт.
Мэдыкі — без «каранавірусных» надбавак, але зь іншымі
З 1 ліпеня мэдработнікі больш ня будуць атрымліваць «ковідныя» надбаўкі, якія зрабілі іх самай высокааплатнай катэгорыяй бюджэтнікаў. Гэта зьвязана з «стабілізацыяй у краіне сытуацыі з каранавірусам і пераходам паліклінік і лякарняў на звычайны рэжым працы».
Пры гэтым мэдыкам профільнае міністэрства паабяцала новыя надбаўкі, якія стымулююць іх да лепшай працы. Новыя надбаўкі будуць налічвацца ў залежнасьці ад складанасьці і інтэнсіўнасьці працы. Самая вялікая надбаўка прадугледжана для лекараў і мэдсясьцёр аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі, участковай службы, прыёмных аддзяленьняў шпіталяў, хуткай мэдычнай дапамогі, аддзяленьняў для пацыентаў з інсультамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўлады адмянілі надбаўкі мэдыкам за працу з хворымі СOVID-19, але вырашылі дадаць іншыяНовыя правілы аматарскага рыбалоўства
З 29 ліпеня набудуць моц новыя правілы аматарскага рыбалоўства, там прадугледжваюцца паслабленьні. Забароняць арэнду вадаёмаў у населеных пунктах, калі бераг возера часткова ўваходзіць у яго межы.
Нераты-«экраны» або «тэлевізары», нягледзячы на доўгія спрэчкі, усё ж вырашылі зрабіць законным сродкам лоўлі рыбы. Але абмежавалі іх памер: яны павінны быць ня большыя за 1×1,5 мэтра і ячэйкай ня больш як 30 мілімэтраў, па колькасьці — ня больш за дзьве штукі.
Што тычыцца відаў рыбы, гэтым летам дзейнічае забарона толькі на лоўлю сама.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе расказалі, ці плянуюць далей павышаць пэнсійны ўзрост у БеларусіНовыя старыя грошы
З 1 ліпеня ў Беларусі ўвялі абноўленую банкноту наміналам у 100 беларускіх рублёў. Зь яе прыбралі рэквізыт «Старшыня праўленьня» і подпіс экс-кіраўніка Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча, год узору банкноты «2009» замянілі на «2022», а выяву замку Радзівілаў у Нясьвіжы «наблізілі да яго актуальнага выгляду», таксама пазначылі назву. Таксама прыбралі некаторыя састарэлыя элемэнты аховы банкноты ад падробкі, іншыя — мадыфікавалі.
Банкноты ўзору 2009 году застаюцца законным плацёжным сродкам.
Зьмены для бізнэсу і адвакатаў
Беларускія прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць з 1 ліпеня 2022 да 31 сьнежня 2023-га не налічваць амартызацыі. У Савеце Міністраў мяркуюць, што гэта дазволіць зьнізіць сабекошт прадукцыі і забясьпечыць «павышэньне канкурэнтаздольнасьці», а таксама захаваць або павялічыць падаткаабкладальную базу.
Пры гэтым 1 ліпеня заканчваецца магчымасьць шэрагу індывідуальных прадпрымальнікаў не выкарыстоўваць касавае абсталяваньне.