На пачатку тыдня намесьніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Краткова ў эфіры АНТ расказала на якім этапе зараз праходзіць заражэньне каронавірусам у краіне. Паводле яе слоў, COVID-19 працягвае цыркуляваць у Беларусі, пры гэтым у 96% хворых дыягнастуецца «стэлс-амікрон».
«Каранавірус не сыходзіў, ён застаецца з намі, але захворваньне на вельмі нізкіх паказчыках, і таму можа быць і ўзьнікла такое ўражаньне, што ён сышоў. Але гэта не час паслабляцца. Гэта час падрыхтавацца. Чаму? Бо ніхто неяможа даць у сьвеце канкрэтны прагноз. Ясна адно: каранавірус працягвае мутаваць», — заявіла Алена Краткова.
Аднак улады вырашылі прабраць надбаўкі мэдыкам за працу з хворымі СOVID-19 «ў сувязі са стабілізацыяй эпідэміялягічнай абстаноўкі».
Паводле інфармацыі ведамства, пасьля іх адмены уводзіцца новы ўказ ад 21 чэрвеня № 206, згодна зь якім для ўсяго мэдпэрсаналу ўведзены надбаўкі да 200% ад акладу. Так, надбаўка ў лекараў складзе 85% акладу, сярэдніх мэдработнікаў — 35%.
Пры гэтым на асобных участках, у залежнасьці ад складанасьці і інтэнсіўнасьці працы ўстаноўлены большы памер гэтай надбаўкі. У прыёмных аддзяленьнях стацыянараў, аддзяленьнях для пацыентаў з інсультамі, участковай службе паліклінік урачам будуць даплачваць 135% акладу, сярэднім мэдработнікам — 50%.
Супрацоўнікам выязных брыгад хуткай мэдыцынскай дапамогі ўстанавілі надбаўку: лекарам 135% акладу, сярэднім мэдработнікам — 60%. У аддзяленьнях анэстэзіялёгіі і рэанімацыі: лекарам 200%, сярэднім мэдработнікам — 70%.
Устаноўлена таксама надбаўка за асаблівасьць прафэсійнай дзейнасьці малодшым мэдыцынскім сёстрам і санітаркам прыёмных аддзяленьняў стацыянараў, аддзяленьняў (палат) для пацыентаў з інсультамі, выязных брыгад хуткай мэдыцынскай дапамогі, аддзяленьняў (палат) анэстэзіялёгіі і рэанімацыі ў памеры 15% ад акладу.