Савет Міністраў Беларусі пастановай № 388 ад 15 чэрвеня даў гарантыі ўраду па двух крэдытах, выдадзеных «Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыяй» (БНБК).
Гаворка ідзе пра крэдыты «Беларусбанка» на 43,3 млн даляраў і «Белгазпрамбанка» ў расейскіх рублях у суме, эквівалентнай 33,17 млн даляраў. Абодва крэдыты былі аформленыя ў ліпені 2021 году з тэрмінам пагашэньня да 30 сьнежня 2023 году («Беларусбанк») і 30 студзеня 2023 году («Белгазпрамбанк»). Гарантыі ўраду распаўсюджваюцца на пагашэньне асноўнай сумы пазыкі.
Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя — кампанія зь дзяржаўным і прыватным капіталам. Беларускай дзяржаве належыць 25% кампаніі, кітайскім інвэстарам — 29%, яшчэ 45% дзеляць дзьве эмірацкія кампаніі (каму яны належаць, невядома) і дзьве шатляндзкія кампаніі, 1% належыць расейскаму інвэстару.
Дырэктарам карпарацыі прызначаны Данііл Урыцкі, у якім у Кіргізстане апазналі зьбеглага былога прэм’ера Кіргізстану Даніяра Ўсенава, якога на радзіме чакае пажыцьцёвае зьняволеньне за саўдзел у забойстве дэманстрантаў у 2010 годзе. Паводле інфармацыі СМІ, Даніяр Усенаў пражывае ў Беларусі. Генпракуратура Кіргізстана дамагалася яго экстрадыцыі, але атрымала адмову ад беларускіх калегаў, якія назвалі яго перасьлед «палітычна матываваным».
Пятай часткай беларускай біятэхналягічнай карпарацыі валодае 31-гадовы Асылбек Саліеў, пляменьнік зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Ён таксама хаваецца ў Беларусі.
Будаўніцтва вытворчасьці БНБК пачалося ў 2018 годзе недалёка ад Рудзенску. Кошт праекту ацэньваецца ў 733 млн даляраў. Для яго рэалізацыі кітайскі «Эксімбанк» выдзяляў ільготны крэдыт на 628 млн даляраў.
Вытворчасьць камбікорму на БНБК плянавалі запусьціць у 2020 годзе, а амінакіслот — да сакавіка 2021-га, але на пачатак гэтага году БНБК мела патрэбу ў дадатковых інвэстыцыях на суму ня менш за 17 млн рублёў. Улады разьлічваюць, што БНБК пачне працаваць на поўную магутнасьць зь 1 ліпеня.
Плянавалася, што ў год будзе вырабляцца прадукцыі на суму 650 млн даляраў і БНБК будзе атрымліваць у год 300-350 млн даляраў чыстага прыбытку.