Беларусь — у ліку пагрозаў. На саміце NATO згадалі пра беларуска-расейскую вайсковую інтэграцыю

Расейская вайсковая тэхніка на чыгуначнай станцыі Навабеліца пад Гомлем, 30 сакавіка 2022

Расейскія войскі знаходзяцца на беларускай тэрыторыі і выкарыстоўваюць яе дзеля нападу на Ўкраіну без усялякіх прававых падстаў.

Сьцісла:

  • У Дэклярацыі саміту NATO канстатуецца, што краіны альянсу сутыкнуліся з выклікам з боку Расеі і Кітаю.
  • Вайсковая сфэра стала тым кірункам, у якім беларуска-расейская інтэграцыя найбольш прасунулася.
  • Зь лютага 2022 году беларуска-расейская вайсковая інтэграцыя набыла такое паскарэньне, што стала пагрозай усім суседзям.
  • Няма ніякіх дамоваў, якія б рэглямэнтавалі знаходжаньне ў Беларусі войскаў РФ.

Асаблівая ўвага да Мадрыдзкага саміту NATO была выклікана тым, што ён адбываецца ў пераломны момант сусьветнай гісторыі. У Эўропе ідзе поўнамаштабная вайна. А менавіта дзеля нэўтралізацыі ваенных небясьпек і была калісьці створана гэтая арганізацыя. І вось такі час настаў.

У дэклярацыі саміту канстатуецца, што краіны альянсу сутыкнуліся з выклікам з боку Расеі і Кітаю. «Расейская Фэдэрацыя зьяўляецца найбольш значнай і непасрэднай пагрозай бясьпецы саюзьнікаў, міру і стабільнасьці ў эўраатлянтычным рэгіёне», — гаворыцца ў выніковым дакумэнце NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайны NATO з Расеяй ня будзе, калі мы будзем падрыхтаваныя да яе, — былы прадстаўнік Альянсу ў Маскве

Мадрыдзкі саміт прыняў новую Стратэгічную канцэпцыю і вырашыў павялічыць сілы хуткага рэагаваньня з 40 да 300 тысяч чалавек.

Дэклярацыя таксама ўзгадвае Беларусь: «Нарошчваньне маскоўскіх войскаў, у тым ліку ў рэгіёнах Балтыйскага, Чорнага і Міжземнага мораў, разам з вайсковай інтэграцыяй зь Беларусьсю кідае выклік нашай бясьпецы і інтарэсам».

За 30 гадоў існаваньня незалежнай Беларусі тэма беларуска-расейскай інтэграцыі набіла аскому. Пра яе казалі і пісалі так шмат, што цяжка нешта дадаць.

Але вось цяпер высьвятляецца, што тым кірункам, у якім інтэграцыя найбольш прасунулася, аказалася вайсковая сфэра. І вайна ва Ўкраіне тут стала моцным паскаральнікам гэтага працэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO прыняў новую стратэгічную канцэпцыю: Расею афіцыйна прызналі галоўнай пагрозай

Можна ўзгадаць, колькі жарсьцяў бушавала ў мінулыя гады, калі гаворка заходзіла пра замах Расеі на вайсковы сувэрэнітэт Беларусі. Як цяжка ішло стварэньне адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. А пытаньне пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай вайсковай авіябазы ў 2015 годзе выклікала скандал у адносінах паміж Менскам і Масквой. Лукашэнка ўпарта адстойваў сваё права на поўны кантроль за вайсковым сувэрэнітэтам краіны. Бо які ж гэта паўнаўладны дыктатар, які не кантралюе ўсё войска на падуладнай тэрыторыі?

Усё радыкальна памянялася пасьля жніўня 2020 году. У абмен на палітычную падтрымку Масквы Лукашэнка быў вымушаны крок за крокам здаваць ваенны сувэрэнітэт. Пачаліся бясконцыя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні розных маштабаў. Пад выглядам двух вучебна-баявых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі былі фактычна створаныя расейскія вайсковыя базы.

А зь лютага 2022 году беларуска-расейская вайсковая інтэграцыя набыла такое паскарэньне, што стала пагрозай усім суседзям. Пра што і гаворыцца ў дакумэнце Мадрыдзкага саміту NATO. Расейскія войскі прыйшлі сюды пад выглядам вучэньняў і тут засталіся. Адсюль яны пачалі наступ на Кіеў. Самалёты, якія бамбяць Украіну, вылятаюць зь беларускіх аэрадромаў. Ракеты таксама ляцяць зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская запісала зварот да Зяленскага: «Не разьяднацца тады, калі гэта дапаможа толькі ворагу»

Прычым варта асабліва падкрэсьліць, што расейскія войскі знаходзяцца на беларускай тэрыторыі і выкарыстоўваюць яе дзеля нападу на Ўкраіну без усялякіх прававых падстаў. Няма ніякіх дамоваў, якія б рэглямэнтавалі іхнае знаходжаньне тут. Нават незразумела, ці інфармуюць расейцы Лукашэнку пра выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі дзеля агрэсіі супраць суседняй краіны. На пачатку вайны ён неяк прызнаўся, што даведаўся пра гэта з мэдыя.

Але Лукашэнка маўчыць. Не спрачаецца, не скандаліць, як у 2015 годзе. Маўчаць і ўсе іншыя дзяржаўныя інстытуцыі. І ўсё гэта пад акампанэмэнт дзяржаўных СМІ пра пагрозу беларускаму сувэрэнітэту з боку Захаду. Такі сумны вынік 28-гадовага лукашэнкаўскага кіраваньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.