Сьцісла:
- Цяперашняя, шостая з пачатку году сустрэча выглядае трохі незвычайнай.
- Крызіс вакол Літвы рэзка павышае геапалітычную і вайсковую ролю Беларусі. Адпаведна ўзрастаюць і рызыкі.
- Выглядае, што пакуль жорсткі адказ Расеі Літве і NATO ладзіцца ў фармаце ядзернага шантажу.
- Упершыню Пуцін прыстрашыў Захад разьмяшчэньнем у Беларусі ядзернай зброі.
- Пуцін у сваім фірмовым стылі ідзе па шляху падвышэньня ставак. У разьліку на тое, што Захад спалохаецца.
Усе ўжо амаль прызвычаіліся, што перамовы Лукашэнка з Пуціным адбываюцца не радзей, чым раз на месяц. Тым ня менш, цяперашняя, шостая з пачатку году сустрэча выглядае трохі незвычайнай паводле некалькіх чыньнікаў.
Па-першае, усё ж частата такіх самітаў выклікае пэўнае зьдзіўленьне. Хоць збольшага гэта можна патлумачыць. Тут і патрэба ва ўзаемным псыхалягічным падсілкаваньні для лідэраў краін, якія апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі. Асабліва на тле той дыпляматычнай поўхі, якую атрымаў Пуцін ад прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева на Санкт-Пецярбурскім эканамічным форуме. І неабходнасьць дэманстрацыі ўласнаму электарату, што ў вонкавай палітыцы ўсё нармальна, яшчэ засталіся надзейныя саюзьнікі.
Другі момант. Цяперашняя сустрэча нібыта анансавалася. 13 чэрвеня пра яе гаварыў амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў, 17 чэрвеня пра будучыя перамовы з Пуціным паведаміў сам Лукашнка. Але, паводле папярэдняй інфармацыі, сустрэча павінна была адбыцца ў Горадні. Пуцін мусіў прыехаць на штогадовы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі 30 чэрвеня −1 ліпеня. Пра гэтыя пляны гаварыў прэм’ер-міністар РФ Міхаіл Мішусьцін.
Таму візыт Лукашэнкі ў Расею за пяць дзён да меркаванай паездкі прэзыдэнта РФ у Беларусь выглядаў нечаканым. Цяпер высьветлілася, што Пуцін у Горадню не паедзе.
Па-трэцяе, Лукашэнка прыляцеў у Расею на некалькі дзён. Тэлеграм-канал «Пул Первого» паведаміў, што афіцыйныя лідэры плянавалі 23 і 24 чэрвеня правесьці нефармальныя перамовы ў падмаскоўнай рэзыдэнцыі Пуціна Завідаве, а потым паехаць у Санкт-Пецярбург, дзе ўжо 25 чэрвеня пройдзе іх рабочая сустрэча. І паводле таго ж беларускага тэлеграм-каналу, у Завідаве яны «нефармальна размаўлялі». Пацьвярджэньня гэтай інфармацыі з расейскага боку няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Брытаніі засьцярог ад спробаў прымусіць Кіеў да «кепскага міру»Таму першае пытаньне: ці такая сустрэча ў падмаскоўнай рэзыдэнцыі была? Калі так, то чаму няма пра яе ніякай інфармацыі? І ў такім выпадку, навошта ляцець яшчэ ў Санкт-Пяцербург і зноў весьці перамовы? Усё гэта выглядае даволі загадкава.
Яшчэ адна загадка. Напярэдадні перамоваў у Санкт-Пяцербургу расейская авіяцыя ўпершыню з пачатку вайны нанесла ўдар па Ўкраіне ракетамі непасрэдна з тэрыторыі Беларусі. Нейкага значнага ваеннага сэнсу ў абстрэлу Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай вобласьцей не было. Тут хутчэй сэнс палітычны. Выглядае як сродак ціску на Лукашэнку з боку Крамля, спроба канчаткова запэцкаць яго, скапрамэнтаваць. Каб заявы кшталту «Беларусь у вайне не ўдзельнічае» выглядалі недарэчна.
Самае відавочнае тлумачэньне гэтых тэрміновых перамоваў палягае ў тым, што яны зьвязаны з крызісам ва ўзаемадачыненьнях Расеі зь Літвой. Рашэньне Вільні абмежаваць расейскі транзыт у Калінінградзкую вобласьць на падставе санкцый ЭЗ, выклікала моцную нэгатыўную рэакцыю Масквы. Крэмль паабяцаў жорсткі адказ. І вось тут роля Беларусі вельмі вялікая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як NATO адкажа на расейскія пагрозы Літве? Меркаваньні літоўскага палітолягаКалі гаворка ідзе пра пра ваенны адказ, пра магчымы прарыў «Сувалскага калідора» (пра што кажуць усе экспэрты), дык без удзелу Беларусі гэтая апэрацыя немагчымая. Бо такі прарыў будзе мець посьпех толькі ў выпадку, калі ён ажыцьцявіцца з двух бакоў: з тэрыторыі Калінінградзкай вобласьці і з тэрыторыі Беларусі. Прычым, пытаньне пра задзейнічаньне беларускага войска ў гэтай апэрацыі — другаснае. У любым выпадку расейскія войскі будуць вымушаны выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю. І калі напад на Ўкраіну можна было ажыцьцявіць і без задзейнічаньня Беларусі, то ваенная акцыя супраць Літвы магчымая толькі з удзелам Беларусі.
То бок крызіс вакол Літвы рэзка павышае геапалітычную і вайсковую ролю Беларусі. Адпаведна ўзрастаюць і рызыкі.
Выглядае, што пакуль жорсткі адказ Расеі Літве і НАТО ладзіцца ў фармаце ядзернага шантажу. І Беларусь тут выступае на першы плян. Публіцы быў паказаны добра разыграны спэктакль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захад ня будзе адступаць». Палітоляг Іван Крыстэў — пра беларускую рэвалюцыю і вайнуАпошнім часам стала нядобрай традыцыяй, што галоўным застрэльшчыкам і ініцыятарам агрэсіўнай антызаходняй і антыўкраінскай рыторыкі зьяўляецца Лукашэнка. І гэтым разам ён паскардзіўся Пуціну, што самалёты ЗША і NATO «трэніруюцца несьці ядзерныя боегалоўкі». І папрасіў люстэркавага адказу ў выглядзе даабсталяваньня беларускіх самалётаў Су-25, каб яны былі здольныя несьці ядзерныя зарады. Пуцін паабяцаў гэта зрабіць, а таксама адзначыў, што Расея «ў найбліжэйшыя месяцы» перадасьць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М», якія могуць быць аснашчаныя ядзернымі боегалоўкамі.
Такім чынам, упершыню Пуцін прыстрашыў Захад разьмяшчэньнем у Беларусі ядзернай зброі. І калі разумець словы двух лідэраў літаральна, то ў выпадку рэалізацыі гэтай ідэі, Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай. Бо, паводле словаў Пуціна, ядзерную зброю атрымаюць менавіта беларускія Ўзброеныя сілы.
Зразумела, чаму Лукашэнка ўспрымае гэтыя прапановы зь вялікім энтузіязмам. Ён марыў пра гэта даўно. Шантаж Захаду ядзернай зброяй — гэта значна мацней, чым шантаж мігрантамі.
Відавочна, ад пагрозы да рэалізацыі — вялікая дыстанцыя. Тым больш, што ў Крамлі шмат разоў падумаюць, ці варта даваць Лукашэнку ядзерную зброю.
Тым ня менш, зроблены яшчэ адзін крок да ваеннай эскаляцыі. Пуцін у сваім фірмовым стылі ідзе па шляху падвышэньня ставак. У разьліку на тое, што Захад спалохаецца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.