«У мяне рак і панкрэатыт, яны што — зусім ужо?» Былога палітвязьня міліцыя абавязала палячыцца ад алькагалізму

Аляксей Раманаў, архіўнае фота

Жыхар Гомля Аляксей Раманаў трэці год змагаецца з ракам. Год ён правёў у турме за «абразу Лукашэнкі». «На волі мне няма спакою ад міліцыі і ўладаў. Забралі групу інваліднасьці! Цяпер зь нейкага перапуду абавязалі лячыцца ад алькагалізму!» — кажа былы палітвязень.

Аляксей Раманаў у 2020 годзе быў актывістам каманды Сьвятланы Ціханоўскай. У 2021 годзе ён адбыў год пакараньня ў калёніі за «абразу Лукашэнкі». Ён меў другую групу інваліднасьці па анкалёгіі. Падчас зьняволеньня ў яго знайшлі новую пухліну. Па вызваленьні яго пазбавілі 2-й групы інваліднасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставілі на мяжу выжываньня». Былога палітвязьня з анкалягічнай хваробай пазбавілі 2-й групы інваліднасьці

«Лекар мне сказаў так: „Раз ты выжыў, то групу забяром“. Гэта перад камісіяй яшчэ. На камісіі спытаўся ў лекаркі: „У мяне што — селязёнка адрасла, якую выразалі, тры чвэрці падстраўнікавай залозы, частка страўніка і кішэчніку?“ Яна кажа, што не, стан мой сярэдняй цяжкасьці. Але групу забрала», — расказаў былы палітвязень.

Днямі яго выклікалі ў паліклініку па месцы жыхарства, каб «азнаёміць» з дакумэнтам зь міліцыі. У паперы быў прапісаны абавязак прайсьці лячэньне ад алькагалізму і пагрозы зьмясіць Аляксея ў лячэбна-працоўны прафілякторый.

«Гэта нейкі жах. У мяне выразаныя вантробы, хранічны панкрэатыт, строгая дыета! Мне ўвогуле нічога нельга есьці, якая можа быць размова пра алькаголь? Я ніводнага разу не трапляўся нідзе нападпітку, не стаяў ніводнага разу на ўліку ў нарколяга. Што гэта ўвогуле? Кажуць — падпісвай паперу, яшчэ і ЛПП пагражаюць», — кажа былы палітзьняволены.

У дакумэнце напісана, што Раманаў «азнаёмлены аб шкодзе ўжываньня алькагольных напояў», «папярэджаны пра недапушчальнасьць зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў», «ведае, што ў выпадку зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў можа быць накіраваны на прымусовае лячэньне ў ЛПП», «абяцае ліквідаваць парушэньні правілаў карыстаньня жылымі памяшканьнямі, прайсьці абсьледаваньне і лячэньне ў лекара-нарколяга».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заявілі, што ўсе грошы пайшлі мігрантам, і параілі ехаць да іх на мяжу». Былы палітзьняволены з інваліднасьцю застаўся бяз пэнсіі

«Там трэба было пазначыць тэрмін. Я пазначыў, што да 31 сьнежня нешта там ім абяцаю. Гэта проста зьдзек нейкі», — дадаў Аляксей.

Маючы другую групу інваліднасьці, ён атрымліваў пэнсію — 278 рублёў. Цяпер будзе атрымліваць каля 220 рублёў і пазбавіцца некаторых ільгот — на лекі, праезд у транспарце, санаторый.

«І гэтых грошай, тых 278 рублёў, ні на што, канечне, не хапала. Бо за месяц я на лекі аддаў 150 рублёў. Выжываю дзякуючы жонцы і неабыякавым беларусам», — кажа Аляксей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пандэмія і рэпрэсіі зьмянілі жыцьцё хворых на рак у Беларусі