«16 траўня была ў мяне плянавая мэдычная рэабілітацыйная экспэртная камісія, МРЭК. І забралі другую групу — далі трэцюю! Я спытаўся ў лекаркі: „У мяне што — селязёнка адрасла, якую выразалі, тры чвэрці падстраўнікавай залозы, частка страўніка і кішэчніку?“ Яна кажа, што не, стан мой — сярэдняй цяжкасьці, але групу забрала. На маё абурэньне адказала, каб скардзіўся ў вышэйшыя інстанцыі», — расказаў былы палітвязень.
Маючы другую групу, ён атрымліваў пэнсію — 278 рублёў.
«І гэтых грошай ні на што, канечне, не хапала. Бо ў сакавіку я на лекі аддаў 150 рублёў. Выжываю дзякуючы жонцы і неабыякавым беларусам», — кажа Аляксей.
Таксама другая група дазваляла яму мець бясплатны праезд, санаторый — раз на год, і беларускія лекі са зьніжкай 90%.
З трэцяй групай ён будзе мець прыкладна 220 рублёў пэнсіі, 50% зьніжкі на беларускія лекі. «І ўсё на гэтым», — кажа Аляксей.«Я ўжо трэці раз праходзіў МРЭК. Адна камісія была ў калёніі. І нават там мне пакінулі другую групу і запэўнілі, што ніхто яе не забярэ пры анкалёгіі. Бо што зьмянілася ў мяне ў лепшы бок? Зрок сеў, панкрэатыт хранічны нажыў, пакутую ад болю, за год дзесяць разоў трапляў у шпіталь. На камісіі сёньня заўважыў, што ня толькі ў мяне забралі групу. Такое адчуваньне, што такім чынам «пазбаўляюцца» інвалідаў, якія нібыта «выздаравелі», — разважае былы палітвязень.
Ён кажа, што з такім станам здароўя ня знойдзе працы ў Гомлі. «Бо ніякай працы тут няма. Я працаваў на будоўлі раней. А цяпер у мяне няма сіл і здароўя нешта цягаць, падымаць. Проста паставілі мяне на мяжу выжываньня», — дадаў Аляксей.
Ён напісаў заяву на абскарджаньне рашэньня МРЭК. Але ня верыць, што гэта дасьць плён.
Анкалягічнае захворваньне ў яго выявілі ўвесну 2020 году. Правялі складаную апэрацыю, выдалілі селязёнку, частку страўніка, кішэчніка, падстраўнікавай залозы, бо пухліна дала мэтастазы.