«Ужо забаранілі дзейнасьць 10 прарасейскіх партый. Адначасова суд ухваліў рашэньне аб канфіскацыі ўсёй маёмасьці гэтых партый у даход дзяржавы», — паведаміла намесьніца міністра юстыцыі Ўкраіны Валерыя Каламіец 21 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.
Паводле яе, Міністэрства юстыцыі накіравала ў суды 17 позваў аб забароне палітычных партый на падставе адпаведных рашэньняў Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны і інфармацыі Службы бясьпекі Ўкраіны аб датычнасьці арганізацый да злачыннай дзейнасьці і аб дапамозе акупантам.
«Адна зь іх — партыя „Русь адзіная“, назвы тэрытарыяльных падразьдзяленьняў якой гучаць як „Партыя палітыкі Пуціна“. І фактычна ўжо год мы якраз разглядаем гэтую справу», — дадала намесьніца міністра юстыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада Ўкраіны прыпыніла дзейнасьць фракцыі дэпутатаў з прарасейскай партыіВалерыя Каламіец дадала, што парлямэнт мусіць ухваліць закон, які дазволіць пазьбегнуць паралічу мясцовых радаў праз забарону палітычных партый, прадстаўнікі якіх выбіраліся ў мясцовыя органы кіраваньня. Такія дэпутаты, паводле яе, атрымаюць магчымасьць працаваць у складзе дэпутацкіх груп, але фракцыі будуць скасаваныя.
«Партыя палітыкі Пуціна» афіцыйна ўдзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах у 2006 годзе, але не змагла пераадолець неабходны прахадны бар’ер. Пазьней яна была перааформлена ў партыю «Русь адзіная», але яе рэгіянальныя арганізацыі працягваюць дзейнічаць пад ранейшай назвай.
Цяпер рэгіянальныя падразьдзяленьні «Партыі палітыкі Пуціна» ёсьць у Мікалаеўскай вобласьці, у Кіеве, Адэсе, Данецку, Палтаве, Харкаве, Херсоне і Хмяльніцкім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі падпісаў закон аб дэсаветызацыі заканадаўства Ўкраіны