Дакладная колькасьць беларусаў, якія пасьля жніўня 2020 году выехалі ва Ўкраіну з палітычных прычынаў, невядомая. Можна меркаваць, што гэта тысячы чалавек. Толькі ў 2021 годзе ўкраінскія ўлады выдалі беларусам звыш 4300 часовых альбо пастаянных дазволаў на жыхарства. Масавая плынь палітычных уцекачоў зь Беларусі вымусіла ўлады Ўкраіны ўдвая павялічыць тэрмін (да 6 месяцаў. — РС), цягам якога беларусам дазвалялася знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі легальна без рэгістрацыі і дазволу на жыхарства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, што назад ня пусьцяць». «Бчб-нявесьце» Іне Зайцавай пагражае дэпартацыя з УкраіныЗ пачаткам вайны Расеі супраць Украіны беларусы сутыкнуліся з шэрагам праблем. Ужо ўвечары 26 лютага ўкраінскія банкі заблякавалі рахункі ўсім грамадзянам Беларусі, пазьней да гэтага дадаліся праблемы з атрыманьнем дазволаў на жыхарства альбо іх падаўжэньнем. У выніку частка беларусаў вымушана зьяжджае з Украіны. Сярод іх апынулася і вядомая «бчб-нявеста», удзельніца пратэстаў 2020 году Іна Зайцава. Як Іна расказала Свабодзе ў панядзелак 20 чэрвеня, яна разам зь сям’ёй прыняла рашэньне выехаць з Украіны на тэрыторыю адной зь дзяржаў Эўразьвязу. Дом, які сям’я Іны купіла ва Ўкраіне ва ўласнасьць, на тры гады пакінуць мясцовым вымушаным перасяленцам. Свабода таксама расказвае гісторыі іншых беларусаў, якія цяпер сутыкнуліся з праблемамі ва Ўкраіне.
«Ніякіх тэрмінаў мне ўкраінскія ўлады не называюць»
Генадзь прыехаў ва Ўкраіну год таму. Расказвае, што ратаваўся ад перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.
«Мая праблема ў тым, што пасьля пачатку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне спынілася чарга на атрыманьне статусу дадатковай абароны, — расказвае Генадзь. — Я ў траўні хадзіў у міграцыйную службу. Там гавораць толькі чакаць. Я хачу атрымаць статус абароны, але пакуль ніхто ня кажа мне, ці такое ўвогуле магчыма. Заяву я падаў зімой, але пакуль нічога. Я не эканамічны ўцякач, зьехаў з палітычных прычын».
Генадзь таксама гаворыць, што мае праблемы праз блякаваньне свайго банкаўскага рахунку ва ўкраінскім банку. Беларус кажа, што ў гэтым пытаньні няма ніякага руху, яму застаецца спадзявацца на абяцаньні Офісу Сьвятланы Ціханоўскай паўплываць на ўкраінскія ўлады. Хлопец застаецца ва Ўкраіне, мае там працу. Ён кажа, што мае час да верасьня. Калі за гэты час нічога ня вырашыцца з дакумэнтамі, будзе вымушаны зьехаць.
«Ніякіх тэрмінаў мне ўкраінскія ўлады не называюць, — кажа Генадзь. — Калі я размаўляў зь міграцыйнымі чыноўнікамі ў лютым, яны расказвалі пра карантын. У траўні мне сказалі, што праз вайну ўвогуле не разглядаюць пакуль дакумэнтаў. Нічога невядома».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Асаблівы рэжым». Што трэба і варта ведаць беларусам пры ўезьдзе ва Ўкраіну«Бацька — грамадзянін Украіны, я спадзяваўся атрымаць дакумэнты хутка»
Сяргей ва Ўкраіну прыехаў у канцы 2021 году. Ягоны бацька — грамадзянін Украіны, таму хлопец адразу заняўся сваімі дакумэнтамі і разьлічваў атрымаць украінскі пашпарт даволі проста і хутка. Аднак усё атрымалася зусім іначай.
«Я пачаў зьбіраць дакумэнты на атрыманьне ўкраінскага грамадзянства, але з 2022 году яны ўвялі патрабаваньне даведкі аб несудзімасьці, — расказвае Сяргей. — Пакуль я тут рабіў даверанасьць, пакуль з натарыюсамі разьбіраўся, пакуль яго адправіў у Беларусь па пошце, пачалася вайна. Добра, што мне „Укрпошта“ яго вярнула назад. Паспрабаваў пераслаць у Беларусь дакумэнты празь Літву, але падчас гэтага ў мяне ўжо скончыўся тэрмін легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. Цяпер трэба чакаць апастылю, там чарга да сьнежня. Што мне рабіць, ня вельмі зразумела».
Сяргей расказвае, што хадзіў у прыватную юрыдычную фірму ва Ўкраіне і там яму параілі ні ў якім выпадку не выяжджаць за мяжу. Бо пасьля гэтага беларуса проста не пусьцяць на ўкраінскую тэрыторыю. Чыноўнікі ў аддзеле міграцыі сказалі Сяргею цалкам адваротнае — выехаць і легальна вярнуцца назад.
«Я вырашыў застацца тут, — кажа беларус. — Бо была гаворка, што дакумэнты беларусам могуць зноў пачаць выдаваць. Але што будзе з маім грамадзянствам, пакуль незразумела. Сяджу дома, стараюся не выходзіць, не бадзяцца па вуліцах. Каб патрулі не спынялі мяне. Так і жыву. Калі нехта мне тут пачынае расказваць, якія беларусы паганыя, а я маю час, то магу пераканаць яго, што гэта ня так. Я ўжо цалкам перайшоў на ўкраінскую мову, таму гэта рабіць мне прасьцей. Часта сутыкаюся з тым, што людзі спачатку рэагуюць на беларусаў ня вельмі добра, але мая ўкраінская мова вельмі моцна ўплывае на суразмоўцаў».
Сяргей разьлічвае застацца ва Ўкраіне, у Беларусь вяртацца не плянуе, асабліва пасьля таго, як беларускія ўлады паспрыялі расейскаму ўварваньню на ўкраінскую тэрыторыю. У трэція краіны хлопец ехаць таксама пакуль не зьбіраецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам часова перастануць выдаваць візы ў Данію, Эстонію, Швэцыю, Фінляндыю«Штраф і штамп у пашпарт»
Беларус Дзяніс сутыкнуўся з праблемай легалізацыі ва Ўкраіне, куды прыехаў яшчэ ў лістападзе 2020-га. Хлопец кажа, што зьехаў з Беларусі праз крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту.
«Да 27 траўня ў мяне быў часовы дазвол на жыхарства, — расказвае Дзяніс. — Падставай для яго было сяброўства ў валянтэрскай арганізацыі. Пры гэтым з 25 кастрычніка 2021 году я яшчэ афіцыйна працаўладкаваны ў дзяржаўнай украінскай кампаніі. Маю кантракт і дазвол на працаўладкаваньне да кастрычніка 2022-га, гэта падстава для падаўжэньня дазволу на жыхарства. 20 траўня зьвярнуўся ў міграцыйную службу Кіева. Там мне сказалі, што яны не прымаюць дакумэнты на падаўжэньне, а калі заканчваецца тэрмін, то можна спасылацца на 165-ю пастанову Кабінэта міністраў, якая дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны ў ваенны час».
Нядаўна Дзяніс даведаўся, што ў беларусаў зноў пачалі прымаць дакумэнты на афармленьне дазволаў на жыхарства, але ўсім, у каго ён скончыўся, даюць штраф памерам 5100 грывень (каля 170 даляраў. — РС), а ў пашпарт ставяць штамп аб неабходнасьці выехаць. Хлопец кажа, што ў міграцыйнай службе гавораць, што потым ён зможа вярнуцца ва Ўкраіну і падаць дакумэнты наноў. Але па факце памежнікі абяцаюць не ўпусьціць назад.
«Сам яшчэ не падаваў дакумэнтаў, перад падачай параілі зьвярнуцца ў арганізацыю „Права на абарону“, — кажа Дзяніс. — Я зьвярнуўся туды, чакаю цяпер, што са мной зьвяжацца іхны юрыст. Па сутнасьці, я зараз нелегальна знаходжуся ва Ўкраіне, хаця законная падстава і ўсе дакумэнты для падаўжэньня тэрміну дазволу на жыхарства ў мяне ёсьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца кіраўніка МУС Украіны заявіў, што верагоднасьць нападу Беларусі на Ўкраіну нізкая«Міграцыйная служба загадала выяжджаць»
Аліса з мужам пераехала ва Ўкраіну зь Беларусі ў сьнежні 2021 году. Жанчына расказвае, што, каб зрабіць від на жыхарства, разьлічвала знайсьці сабе афіцыйную працу.
«Знайшла кампанію, якая была гатовая ўзяць мяне працаваць, для гэтага трэба было спачатку мае дакумэнты вэрыфікаваць, — расказвае беларуска. — Але пасьля пачатку вайны дакумэнты беларусаў і расіян увогуле не разглядаюцца. Я пісала ў міграцыйную службу, яны гавораць мне выяжджаць назад».
Па словах беларускі, тым беларусам і расейцам, у каго ўжо быў раней украінскі дазвол на жыхарства, дазваляюць падаць дакумэнты на яго працяг. Аднак, у некаторых выпадках людзям настойліва раяць выехаць за мяжу Ўкраіны, а пасьля спрабаваць вярнуцца.
«Тым, у каго не было дазволу на жыхарства да вайны, цяпер яго ўвогуле ня робяць, — скардзіцца Аліса. — Гэта я расказваю пра сытуацыю ў Кіеве. Паколькі не было ніякіх заяваў наконт падаўжэньня легальнага знаходжаньня альбо дзеяньня дазволаў падчас вайны, дзяржаўныя службы цяпер самі вырашаюць, браць дакумэнты ў беларусаў альбо не».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларусаў пераехалі ва Ўкраіну за даваенны год. Лічбы ад Укрстату