Іна Зайцава стала вядомай у Беларусі падчас пратэстаў 2020 году. На шэсьці і мітынгі яна выходзіла ў вясельным строі белага і чырвонага колераў, праз што хутка атрымала мянушку «бчб-нявесты». Удзельнічала Зайцава ў акцыях ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах, езьдзіла падтрымліваць рабочых «Гродна Азота». У выніку Іна разам з мужам і двума дзецьмі ў сьнежні 2020 году зь Беларусі зьехала і пасялілася недалёка ад Кіева, дзе сям’я набыла невялікі вясковы дом. Летам 2021 году яна атрымала часовы дазвол на жыхарства ва Ўкраіне як пазаштатная журналістка «Белсату». На пачатку чэрвеня 2022 году яго трэба было працягнуць, але з гэтым узьніклі праблемы.
«Ніякіх праблем няма, калі ты прыехаў ва Ўкраіну паміраць»
«Ва Ўкраіне ў людзей няма ніякіх праблем, калі ты прыехаў паміраць за Ўкраіну, — кажа Іна ў размове са Свабодай. — А вось каб жыць тут, з гэтым складаней. У мяне цяпер скончыўся дазвол на жыхарства, і па ўкраінскім законе я павінна выехаць з Украіны, а тады зноў магу заехаць. І на працягу шасьці месяцаў змагу зноў займацца дакумэнтамі. Я прыйшла ў мясцовы дэпартамэнт па міграцыі і кажу ім, што не пасьпела падаць дакумэнты на працяг. Яны не прымалі праз вайсковы стан, а зараз зноў пачалі. Мне сказалі, што не праблема, маўляў. Едзь за мяжу, вяртайся, і мы вам усё аформім»
Іна паслухала чыноўнікаў і паехала на мяжу Ўкраіны і Малдовы, каб за дзень выехаць і вярнуцца назад да мужа і дзяцей. Усе пляны парушылі ўкраінскія памежнікі.
«Яны мне сказалі, што выпусьцяць з Украіны без праблем, а вось назад з Малдовы я ўжо не змагу вярнуцца, — расказвае беларуска. — У іх вайсковы загад. Сказала ім, што ў мяне дом, што я тут жыву, што я да Ўкраіны вельмі ляяльны чалавек. Кажу ім, давайце па-чалавечы неяк падыдзем да гэтага ўсяго. Бо я не хачу парушаць украінскіх законаў. Хачу знаходзіцца легальна».
Па словах Іны, украінскія памежнікі ёй патлумачылі, што законных падставаў для ўезду ва Ўкраіну ў яе пакуль можа быць няшмат: калі муж альбо дзеці — грамадзяне Ўкраіны, альбо патрэбны спэцыяльны дазвол на ўезд у якасьці будучага ўдзельніка баявых дзеяньняў. У выніку Іна адмовілася ад ідэі выяжджаць у Малдову і вярнулася дадому.
«Немагчыма патрабаваць нечага, калі ты сам гэтага не выконваеш»
«Зараз я ва Ўкраіне амаль нелегал, — кажа жанчына. — Мой дазвол на жыхарства скончыўся 10 чэрвеня. Я маю сем дзён, каб нейкім чынам выехаць і пасьля вярнуцца. З 17 чэрвеня я стану нелегалам цалкам. Тут цяпер блёкпасты на кожным кроку, усюды правяраюць дакумэнты. Што будзе са мной, я ня ведаю. Гэта ўсё надзвычай несалідарная пазыцыя, якая прыніжае і крыўдзіць па-чалавечы. Украіна моцна апэлюе да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і салідарнасьці. Крыўдзіцца на беларусаў і эўрапейцаў, калі яны не рэагуюць на бягучыя праблемы. І яны правільна гэтага патрабуюць, я абсалютна згодная з украінцамі. Але ж гэта двухбаковы працэс. Немагчыма патрабаваць нечага, калі ты сам гэтага не выконваеш».
Іна расказвае, што пасьля публікацыі ў сваім блогу, дзе яна напісала пра гэтыя праблемы, атрымала самыя розныя камэнтары. Збольшага падпісчыкі, у тым ліку ўкраінцы, падтрымалі беларуску. Аднак былі і адваротныя выпадкі.
«Адна ўкраінка мне напісала, што я ня маю права пярэчыць, — расказвае беларуска. — Што ідзе вайна, гінуць людзі. І я ня маю права абурацца. Сказала ёй, што гэта люстраная сытуацыя. Што было б, каб украінку разьвярнулі на мяжы з Эўразьвязам? Гэта быў бы скандал. А яны зараз робяць тое самае. Адправіць зараз беларуса ў Беларусь — гэта што можа значыць? У чым розьніца? Я ў сваім блогу пра ўсякае пісала. Што, мяне цяпер вернуць у Беларусь пад арышт і, магчыма, пад кулю?»
Па словах Іны, праблема з працягам дазволу на жыхарства ва Ўкраіне зараз датычыць ня толькі яе, але і іншых беларусаў, а таксама грамадзян іншых краін. Яна кажа, што зараз шмат каго выганяюць з Украіны такім жа чынам, прапаноўваюць ехаць дадому і там афармляць новыя дакумэнты для ўезду. Праблемы ўзьніклі ў тых, хто ня змог да пачатку чэрвеня падаць дакумэнты на працяг дазволу на жыхарства. У самой беларускі ён быў аформлены як у пазаштатнай супрацоўніцы тэлеканалу «Белсат». Іна кажа, што канал толькі зараз змог падаць новыя дакумэнты на яе імя. У аддзеле міграцыйнай службы, куды яна зьвярталася са сваімі праблемамі, беларуска сустрэла землякоў, якія таксама трапілі ў падобную сытуацыю і ня ведалі, што рабіць.
«Паставяць штампы аб забароне на ўезд на пяць гадоў»
Іна мяркуе, што ўкраінскія ўлады маглі б зараз выдаць распараджэньне, якое аўтаматычна працягвала б тэрмін дзеяньня ўсіх украінскіх дакумэнтаў замежнікаў да канца вайны. Гэта магло б вырашыць большасьць праблем зь легалізацыяй і нелегальным становішчам тысяч людзей, ня толькі беларусаў. Ёй самой зараз пагражае штраф — каля 500 даляраў.
«На дадатак, пасьля штрафу мяне могуць абавязаць пакінуць тэрыторыю Ўкраіны, — кажа беларуска. — Гэта ў лепшым выпадку. У горшым — вывезуць самі. Хоць я ня думаю, што зараз да такога дойдзе. Хутчэй за ўсё, проста запатрабуюць выехаць, праставяць штампы аб забароне на ўезд ва Ўкраіну на тры альбо пяць гадоў. Як вырашаць памежнікі».
Сытуацыю, у якую трапіла беларуска, ускладняе тое, што ў іх з мужам двое дзяцей, зь якіх адно яшчэ ходзіць у садок. Іна кажа, што прасьцей прымаць рашэньне аб пераезьдзе ў новую краіну было б адной, а не калі ў цябе ёсьць свой дом і сям’я. Зараз беларуска з мужам абдумваюць свой далейшы лёс, яны хочуць мець некалькі варыянтаў дзеяньняў.