Пра тое, што Мікалай Лукашэнка абраў для навучаньня біялягічны факультэт БДУ, 13 чэрвеня паведаміў тэлеграм-канал «МатолькаHelp». Новыя падрабязнасьці зьявіліся 16 чэрвеня. Як паведаміла тая ж крыніца, для Мікалая Лукашэнкі ўжо стварылі групу аднакурсьнікаў з 10 чалавек, ён будзе навучацца па спэцыяльнасьці «біятэхналёгіі».
Паводле інфармацыі гэтага тэлеграм-канала, на факультэце ўжо пачалі рамантаваць памяшканьні і абнаўляць вучэбныя праграмы.
Свабода паразмаўляла зь некалькімі выпускнікамі біялягічнага факультэту БДУ пра тое, што можа чакаць Мікалая Лукашэнку на факультэце і якія там самыя статусныя спэцыяльнасьці.
«Няма „саўка-саўка“»
Іванка навучалася на біялягічным факультэце да лістапада 2020 году, калі была вымушаная сысьці адтуль з палітычных прычын. Адвучылася там дзяўчына два гады, адмовіцца ад вучобы яе «ветліва папрасілі».
«Магу сказаць, што ўмовы навучаньня на хімічным факультэце, дзе мы праходзілі практыку, былі нашмат горшыя, — кажа былая студэнтка. — Мне, у прынцыпе, падабалася, як усё абстаўлена на нашым біяфаку. Там няма такога ўжо „саўка-саўка“. У холе вельмі прыгожа было, шмат расьлінаў. Ня ведаю, наколькі зараз гэта ўсё захавалася. Рамонт даволі нармальны. Можна было б і лепш, але ў параўнаньні зь іншымі факультэтамі нармальна».
Іванка кажа, што ёй падабаўся буфэт, сталоўка таксама была добрая, але студэнты там ня вельмі актыўна харчаваліся, ежу гатавалі ў інтэрнаце. Смачная піцца, добрая кава, якую дазвалялася нават наліваць у свой кубак.
«Добрых выкладчыкаў таксама хапае, — згадвае былая студэнтка. — Выдатная выкладчыца лаціны, выкладчыка гісторыі магу прыгадаць, па мікалёгіі і альгалёгіі. Гэта шыкоўныя выкладчыкі. Пра адміністрацыю ў мяне засталіся ня вельмі добрыя ўспаміны, але гэта зьвязана з адлічэньнем пасьля пратэстаў. Да восені 2020 году я дэкана і іншых ня вельмі ведала, яны ніяк не ўплывалі на нашую вучобу, у мяне не было заўвагаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унучкі Лукашэнкі будуць вучыцца ў прыватнай школеАсоба дэкана. Сусьветна вядомы навуковец і прыхільнік рэжыму Лукашэнкі, які вярнуўся з Брытаніі
У 2021 годзе на біяфаку БДУ навучалася каля 2000 студэнтаў. На факультэце дзейнічае дзевяць катэдраў, ёсьць уласны батанічны сад і дасьледчая станцыя на Нарачы.
Варта зьвярнуць увагу на асобу дэкана.
Вадзіму Дзямідчыку — 50. Ён скончыў біяфак (1994), абараніў кандыдацкую дысэртацыю (1998). А ў 2000 годзе атрымаў брытанскі грант, стаўшы навуковым супрацоўнікам ва Ўнівэрсытэце Кембрыджу. Потым быў лектарам і кіраўніком лябараторыі ва Ўнівэрсытэце Эсэксу.
У Брытаніі Дзямідчык стаў вядомым у навуковым сьвеце спэцыялістам у галіне дасьледаваньня іённых каналаў і рэцэптараў расьлін, адным са стваральнікаў тэорыі росту расьліннай клеткі. Меў дзясяткі публікацый у самых прэстыжных сусьветных навуковых выданьнях . Але пасьля 12 год у Вялікай Брытаніі вырашыў вярнуцца на родны біяфак, прычым перавёз у Менск і абсталяваньне лябараторыі. Ужо ў Беларусі абараніў доктарскую і ўзначаліў Катэдру клетачнай біялёгіі і біяінжынэрыі расьлін.
У 2014 годзе ён атрымаў стыпэндыю ад імя Лукашэнкі, а ў 2017-м — яшчэ і адмысловы прэзыдэнцкі грант.
У 2019 годзе доктар навук і прафэсар Вадзім Дзямідчык ачоліў біялягічны факультэт.
Чалавек (прасіў не называць яго імя ў публікацыі), знаёмы зь Дзямідчыкам падчас ягонага брытанскага пэрыяду, кажа, што той быў прыхільнікам беларушчыны, наведваў Беларускі рэлігійны і культурны цэнтар у Паўночным Лёндане. Але гэта, кажа суразмоўца, у Дзямідчыку сумяшчалася з «такім сабе праўладным патрыятызмам, нават лукашызмам».
«На публічных сходах дыяспары ён заклікаў супрацоўнічаць з амбасадай Беларусі. У прыватных размовах ён вельмі нэрвова рэагаваў на крытыку Беларусі пасьля гвалтоўнага разгону пасьлявыбарчага пратэсту ў сьнежні 2010 году і вялікай хвалі рэпрэсій. Сьцьвярджаў, што ня варта абагульняць і падаваць усё ў чорных колерах. Выразна адрозьніваў сябе ад „апазыцыянэраў“. Таксама меў нейкі антызаходні сантымэнт, крытыкаваў многія складнікі ўладкаваньня заходняга грамадзтва».
Апошняе пацьвярджаюць і публічныя выказваньні Вадзіма Дзямідчыка.
«Я пераканаўся ў тым, што мы — абсалютныя эўрапейцы, што наша культура, адукацыя не саступаюць брытанскім, а ў цэлым і пераўзыходзяць іх, — расказваў навуковец у інтэрвію дзяржаўнаму выданьню „Минск-новости“ ў 2014 годзе — Плебейскага комплексу пакланеньня перад Захадам, ад якога цярпяць некаторыя нашы суайчыньнікі, у мяне няма. Я лічу: нашы студэнты ў сваёй большасьці мацнейшыя, разумнейшыя за ангельскіх. І ўвогуле, беларусам трэба маліцца на нашы дзіцячыя сады, школы, ахову здароўя, камуналку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўка ды Грышка пра беларускую адукацыю і Колю Лукашэнку«Самая „крутая“ катэдра»
Яшчэ адзін выпускнік біяфаку БДУ, які скончыў вучобу за некалькі гадоў да 2020-га, узгадвае пра адносны спакой на факультэце і больш-менш прымальныя ўмовы навучаньня.
«Там было нармальна, сярэдне так, — кажа выпускнік. — Ад палітыкі былі далёкія ўсе, спэцыяльнасьці ва ўсіх збольшага вузкія. Магчыма, гады навучаньня паўплывалі. Яны прыпалі акурат на самы спакойны час. Разьмеркавалі маіх аднакурсьнікаў у асноўным на харчовыя прадпрыемствы, нехта далей пайшоў вучыцца. Агулам на біяфаку вучыцца можна, але трэба найперш самому гэтага хацець. Адлічыцца таксама складана, калі за вучобу. Дастаткова было хадзіць на заняткі і лябараторныя, рыхтавацца да сэсіі. Такое сабе балотца, як усюды ў нашых ВНУ».
Суразмоўца кажа, што калі Мікалаю Лукашэнку падбяруць добрага навуковага кіраўніка, арганізуюць асаблівыя ўмовы навучаньня, то стаць добрым спэцыялістам ён зможа і на біяфаку БДУ. Да падзей 2020 году і да выключэньня беларускіх ВНУ з Балёнскага працэсу ў 2022-м факультэт меў нядрэнныя сувязі з замежнымі навучальнымі ўстановамі. Што ад іх засталося цяпер, сказаць цяжка.
Былая студэнтка Іванка расказвае таксама, што на біяфаку БДУ яшчэ ўвосень 2020 году было даволі шмат замежных студэнтаў, яны навучаліся па-ангельску і асобна ад іншых. Беларускія студэнты зь імі ня надта перасякаліся.
«Паміж катэдрамі існуе такі негалосны падзел, — кажа Іванка. — Тыя, хто паступае на „экалёгію“, гэта адразу такое… А вось „біятэхналёгіі“ — гэта самы круты кірунак. Туды трэба набраць найбольш балаў пры паступленьні. Я збольшага задаволеная навучаньнем на біяфаку БДУ. Але гэта датычыць навучаньня ў нармальных умовах. У нас вясной 2020 году пачаліся дыстанцыйныя заняткі, яны былі вельмі дрэнна арганізаваныя. Ніхто ніякіх ведаў асабліва не даваў, асабліва па батаніцы. Але ў нармальных умовах усё было добра, вельмі цікава. Цікавая заалёгія асабліва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала зь першай настаўніцай Колі Лукашэнкі. Гісторыя Марыі Багамолавай«У пратэстах з нас мала хто ўдзельнічаў, па пальцах пералічыць»
Як расказалі Свабодзе адразу некалькі крыніц, памяшканьні біяфаку БДУ прынамсі да лета 2022 году былі аднымі з самых занядбаных ва ўнівэрсытэце. Аднак ужо цяпер дзе-нідзе пачаўся рамонт. Паводле інфармацыі падпісчыкаў сацсетак Свабоды, да ладу пачалі прыводзіць прыбіральні. У хуткім часе могуць пачаць абнаўляць спарткомплекс, да якога ў студэнтаў было шмат прэтэнзій. Ён на біяфаку БДУ быў малы і стары, зь нязручнымі распранальнямі. Нязручныя на факультэце таксама гардэробы, некаторыя студэнты мусяць насіць вопратку з сабой — бо няма патрэбных вешалак.
«У пратэстах з нас мала хто ўдзельнічаў, па пальцах пералічыць, — расказвае Іванка. — Выкладчыкі некаторыя таксама ўдзельнічалі. Яны размаўлялі з намі пра гэта на занятках, не замоўчвалі. Некаторыя рабілі прэзэнтацыі ў бела-чырвоных колерах. Але агулам такіх людзей там няшмат. Сярод студэнтаў таксама. Былі такія, якія ў мяне распытвалі, хто мне праплаціў за тое, што я раздаю ўлёткі. На маім патоку быў яшчэ толькі адзін студэнт, які ўдзельнічаў у пратэстах».
Катэдру, на якой, магчыма, будзе навучацца Мікалай Лукашэнка, Іванка называе ня толькі самай «крутой», але і самай пэрспэктыўнай.
«Выпускнікі нашага факультэту, як правіла, ідуць альбо на нейкі завод, альбо ў сельгассфэру, — расказвае дзяўчына. — Шмат хто хацеў стаць генэтыкам альбо яшчэ некім. А вось біятэхналёгіі — гэта магчымасьць пайсьці далей у навуку. Займацца адкрыцьцямі. З той катэдры гэта зрабіць нашмат прасьцей. На трэцім курсе там падзел на генэтыку і малекулярную біялёгію. Гэта самыя пэрспэктыўныя кірункі. Туды паступаюць найлепшыя, удзельнікі алімпіяд, пераможцы».
Афіцыйнага пацьверджаньня таго, што Мікалай Лукашэнка будзе навучацца ў БДУ на біялягічным факультэце, няма. Яго бацька неаднаразова публічна расказваў пра цікавасьць малодшага сына да біялёгіі, а 16 чэрвеня правёў нараду з удзелам міністра адукацыі, рэктара БДУ і дэкана біяфаку пра разьвіцьцё і інтэграцыю мэдыцыны і біялёгіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унівэрсытэт для Колі Лукашэнкі. Куды прыстройваюць вучыцца сваіх дзяцей постсавецкія дыктатары