На мінулым тыдні СМІ паведамілі, што, што Мікалай Лукашэнка і дзьве ўнучкі кіраўніка краіны Анастасія і Дар’я сышлі зь ліцэя БДУ.
Сын кіраўніка краіны Дзьмітры Лукашэнка расказаў «Спутнику»:
«Напэўна, ні для кога ўжо не сакрэт, усе тры мае дочкі вучацца і будуць вучыцца ў школе, якая знаходзіцца каля Драздоў — Менская міжнародная гімназія. Малодшая пайшла ў першую клясу (сёлета), сярэдняя і старэйшая таксама праходзяць там навучаньне», — паведаміў кіраўнік прэзыдэнцкага спартовага клюбу Дзьмітры Лукашэнка.
Маладога чалавека, вельмі падобнага да Мікалая Лукашэнкі, убачылі нядаўна каля гэтай школы карэспандэнты TUT.BY.
Гэтую школу ў Драздах пабудавала кампанія расейскага алігарха Міхаіла Гуцырыева. Яна зарэгістраваная на кіпрскую афшорную кампанію «Блатбэрг Холдынгс Лімітэд».
У жніўні тагачасны старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак паведаміў, што летась 880 навучэнцаў атрымлівалі ў сталіцы агульную сярэднюю адукацыю ў 12 прыватных установах. У цяперашні час колькасьць такіх навучальных устаноў складае 18. Толькі чатыры зь іх, паводле Сівака, прайшлі адпаведную акрэдытацыю. «Сытуацыю трэба браць пад кантроль», — заявіў тады Сівак, якога 3 верасьня Лукашэнка прызначыў віцэ-прэм’ерам.