На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу, былы супрацоўнік Міністэрства абароны Ўкраіны, удзельнік міратворчых апэрацый у Косаве і Іраку Сяргей Грабскі.
Сьцісла:
- У дзеяньнях Беларусі мы бачым усе фактары пагрозаў нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны (вучэньні, перадысьлякацыя ракетных комплексаў і г.д.).
- Беларускае войска пры ўварваньні можа адыгрываць толькі дапаможную ролю.
- Пакуль мы не назіраем поўнага набору прыкметаў хуткага наступу з боку Беларусі
- Крытэр — зьяўленьне ў Беларусі вялікага расейскага вайсковага кантынгенту.
- Украінскі ўдар па тэрыторыі Беларусі ў адказ на напады — легітымны і з ваеннага пункту гледжаньня мэтазгодны. З палітычнага пункту гледжаньня — не.
- Беларускае войска зладжанае з расейскім на 100%.
- Баявы досьвед, якога ў беларускага войска няма, ня можа замяніць ніякая падрыхтоўка.
- У расейскай ваеннай машыны ёсьць мэханізмы як прымусіць людзей ісьці ў бой. І настроі беларускіх вайскоўцаў ня будуць мець значэньня.
- Іх не пашлюць у бой як асобную баявую адзінку.
— Наколькі імаверны новы напад на Ўкраіну расейскімі войскамі з тэрыторыі Беларусі? Наколькі імавернае ўступленьне беларускага войска ў вайну?
— Калі разгарнуць хрэстаматыю па пагрозах нацбясьпецы, мы бачым усе фактары гэтых пагрозаў, якія могуць сьведчыць, што імавернасьць нападу павялічваецца.
У Беларусі створанае новае — паўднёвае — апэратыўнае камандаваньне, якое будзе кіраваць дзеяньнямі войскаў супраць Украіны.
Гэта няспынны і вельмі інтэнсіўны паток мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, які мы зараз назіраем: гэта праверкі, зьняцьцё тэхнікі з захаваньня, удакладненьне сьпісаў асобаў, якія падлягаюць мабілізацыі, гэта заявы аб стварэньні «народнага апалчэньня».
Варта прыгадаць пра перадысьлякацыю на поўдзень Беларусі дывізіёнаў ракетных комплексаў — расейскіх «Іскандэраў» і беларускіх «Точка У».
Адбываецца мінаваньне памежных тэрыторыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі новыя вучэньні ля мяжы з Украінай, але экспэрты не прагназуюць уступленьня беларускай арміі ў вайнуМы назіраем, што ў паўднёвыя раёны Беларусі перадысьлякоўваюць падразьдзяленьне комплексаў С-300.
Здавалася б, навошта гэта для наступу? Але гэта можа мець на мэце разгортваньне супрацьпаветранага «парасона» для прыкрыцьця груповак, якія будуць наносіць удары па тэрыторыі Ўкраіны.
Гэта сьведчыць пра аб’ектыўнае павелічэньне пагрозы нацыянальнай бясьпецы.
Уварваньне зь беларускай тэрыторыі гэтым разам не абавязкова павінна быць сухапутным.
Пакуль у Беларусі сканцэнтравана недастаткова сілаў для ажыцьцяўленьня сухапутнага ўварваньня. Але нанясеньне ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі робіцца ўсё больш імаверным.
Беларускія падразьдзяленьні могуць стаць часткай арміі ўварваньня. Самастойна беларускае войска ня ў стане супрацьстаяць Узброеным сілам Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узброеныя сілы Беларусі вучацца пераходзіць зь мірнага на ваенны час— Пэўныя элемэнты гэтай падрыхтоўкі, так здаецца, не зусім стасуюцца са сцэнарам нападу зь беларускай тэрыторыі. Навошта мінаваць мяжу, калі краіна зьбіраецца наступаць? Народнае апалчэньне не прыдатнае да нападу. Можа, беларускія ўлады рыхтуюцца да адбіцьця нападу з боку ці то Ўкраіны, ці то Польшчы?
— Тымі савецкімі мэтадамі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў Беларусі, складана выканаць новыя задачы. Ідзе пошук новых інструмэнтаў. Такім інструмэнтам можа стаць фармаваньне народнага апалчэньня. Гэта дазволіць удакладніць сьпісы людзкога кантынгенту.
Сёньня яны апалчэнцы, заўтра яны салдаты беларускай арміі.
Што тычыцца мінаваньня мяжы, то ў выпадку пачатку баявых дзеяньняў давядзецца супрацьдзейнічаць дзеяньнямі ўкраінскіх выведна-дывэрсійных групаў у адказ на напад зь беларускай тэрыторыі.
Тыя, хто ставіць міны, ведаюць пра праходы ў мінных палях. Хто міны ставіць, той іх можа і хутка зьняць і забясьпечыць праход сваіх падразьдзяленьняў у зону выкананьня задачаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі праходзяць вучэньні па адбіцьці нападу звонку— Ці можна адрозьніць падрыхтоўку да рэальнага нападу ад імітацыі, пагрозы, ілжывага манэўру? Можа, Лукашэнка і не зьбіраецца ваяваць?
— Можа быць. Зыходзячы зь сёньняшняй сытуацыі, можна сказаць, што дзеяньні Ўзброеных сілаў Беларусі маюць дэманстрацыйны характар. Існуе шэраг выведных прыкметаў, якія кажуць, што наступ рыхтуецца. Пакуль мы не назіраем поўнага набору гэтых прыкметаў.
Мы ня бачым пабудовы баявога парадку, які сьведчыць аб верагоднасьці наступу.
Мы ня бачым назапашваньня боепрыпасаў, падвозу паліва, мэдычнай падрыхтоўкі наступу.
Тое, што мы назіраем, можа разглядацца як пачатковая стадыя падрыхтоўкі наступу. Магчыма, цяпер за дзеяньнямі, якія робяцца, нічога не стаіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: Расея перамясьціла пускавыя ўстаноўкі «Іскандэр» у Лунінец Берасьцейскай вобласьціАле спалучэньне гэтых дзеяньняў не дазваляе выключыць пагрозу, што за гэтай імітацыяй ня будзе больш рашучых і пэўных дзеяньняў.
Як я ўжо казаў, беларускае войска ня будзе наступаць асобна. Так што як толькі мы ўбачым канцэнтрацыю расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, можна будзе гаварыць пра падрыхтоўку да рэальнага нападу. Гэта крытэр.
На сёньняшні дзень нават мінімальных украінскіх сілаў дастаткова, каб стрымаць наступ тых сілаў, якія цяпер сканцэнтраваныя ў Беларусі ля мяжы.
7 батальённых групаў — гэта каля 6–7 тысячаў вайскоўцаў — гэтага мала для сухапутнага нападу.
— А ці актуальны сцэнар сымбалічнага ўдзелу беларускай арміі ў вайне? У студзені сёлета ў апэрацыі сілаў АДКБ у Казахстане ўдзельнічаў і беларускі вайсковы кантынгент. Ён быў невялікі, яго наяўнасьць дыктавалася больш палітычнымі, чым уласна вайсковымі меркаваньнямі. Гэтымі сямю батальённымі групамі Беларусь не магла б, фігуральна кажучы, паўтарыць досьвед місіі ў Казахстане?
— У Казахстане войскі былі задзейнічаныя для выкананьня паліцэйскіх функцыяў. Ва Ўкраіне ідзе вайна. І такое «пункцірнае» абазначэньне беларускай прысутнасьці ня мае сэнсу. У сымбалізмах ніхто разьбірацца ня будзе. Праціўнік, які перайшоў мяжу, падлягае зьнішчэньню.
Паслаць свае войскі на самагубства — вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі дастаткова адэкватнае, каб гэтага не рабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 22 чэрвеня ў Гомельскай вобласьці пачнуцца вучэньні з вайсковымі камісарыятамі— Ці абмяркоўваецца ва Ўкраіне магчымасьць удару па беларускай тэрыторыі, скажам, па пазыцыях расейскіх войскаў, самалётаў, ракетаў? Ці мэтазгодна гэта з ваеннага і з палітычнага пункту гледжаньня?
— Тут сапраўды трэба разьдзяляць ваенную і палітычную мэтазгоднасьць. Калі гаварыць толькі пра ваенную мэтазгоднасьць, то месцы канцэнтрацыі войскаў праціўніка, нават калі яны знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы, якая аказвае ім падтрымку, зьяўляюцца законнай ваеннай цэльлю. І супраць гэтага сусьветная супольнасьць ня будзе выступаць.
Але ёсьць і палітычныя рэаліі. Зразумела, што сёньня ўдар па Беларусі гарантавана прывядзе да адкрыцьця новага фронту супрацьстаяньня агрэсіі. Таму пытаньне нанясеньня ўдараў па тэрыторыі Беларусі нават не разглядаецца.
Безумоўна, калі сытуацыя зьменіцца карэнным чынам і беларускія войскі будуць актыўна задзейнічаныя ў агрэсіўных дзеяньнях супраць Украіны, ваенная неабходнасьць будзе прэваляваць над палітычнай мэтазгоднасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар РНБА: Украіна мае магчымасьць нанесьці ўдар па тэрыторыі Беларусі, калі будзе загад Зяленскага— Як вы ацэньваеце баяздольнасьць беларускага войска? Яно ня мае баявога досьведу. Ёсьць таксама пытаньне, наколькі яно зладжанае з расейскім? У выпадку яго ўдзелу ў вайне — ці ня будзе яно «блытацца пад нагамі» ў расейцаў?
— Спачатку пра другое пытаньне. Беларускае войска сумяшчальнае з расейскім на 100%. Усё кіраўніцтва беларускага войска прайшло падрыхтоўку ў вайсковых акадэміях РФ. Усе статуты — гэта калька з расейскіх. Сыстэмы ўзбраеньняў, забесьпячэньня — усё аднолькавае.
Я ў свой час уважліва сачыў за вучэньнямі «Захад-2017». Дык падчас тых вучэньняў разглядалася пытаньне аб падпарадкаваньні і беларускіх, і расейскіх войскаў, якія знаходзіліся ў Беларусі, генштабу беларускіх Узброеных сілаў.
Адначасна з гэтым ВПС Беларусі падчас тых вучэньняў падпарадкоўваліся ВКС РФ.
Вось які высокі ўзровень узаемадзеяньня і зладжанасьці арміяў дзьвюх краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Ўкраіны: у Беларусі рыхтуюць праверку боегатоўнасьці войска на дзесяці палігонах краіныШто тычыцца баяздольнасьці, то можна доўга трэніравацца ва ўмовах, максымальна блізкіх да баявых. Але знаходзіцца ў рэальных баявых умовах — гэта зусім іншая справа. Я гэта па сабе ведаю. Набыцьцё баявога вопыту патрабуе часу і ахвяраў.
Так што калі беларускія войскі пойдуць на вайну, то яны, прынамсі напачатку, будуць выконваць толькі дапаможную функцыю пра расейскіх войсках.
Мы бачым сытуацыю з так званымі «мобікамі». Гэтак мы называем людзей, якія былі мабілізаваныя на акупаваных тэрыторыях Луганскай і Данецкай вобласьцяў.
Баявога вопыту ў іх няма, баявую падрыхтоўку яны не праходзілі. Але іх па-варʼяцку кідалі ў бой. І пры гэтым яны зьяўляюцца дастаткова сурʼёзнай ваеннай сілай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы супраць удзелу ў вайне, але ня моцна супраць Расеі, — вынікі апытаньня— Наколькі пры ацэнках баяздольнасьці беларускай арміі маюць значэньне грамадзкія настроі ў Беларусі? Паводле апытаньняў, пераважная частка грамадзтва катэгарычна супраць удзелу беларускіх вайскоўцаў у гэтай вайне. Войска — частка грамадзтва, яно ня можа не адчуваць даміноўных грамадзкіх настрояў, паводле якіх гэтая вайна — чужая для беларусаў.
— Тут ёсьць пэўная аналёгія з настроямі людзей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. У іх таксама не было жаданьня ваяваць. Яны хаваліся па завугольлях, адмаўляліся ісьці ў ваенкаматы.
Хіба гэта неяк паўплывала? Ды ніяк не паўплывала. Расейская ваенная машына, маючы вопыт 500 гадоў такіх агрэсіўных дзеяньняў, выпрацавала мэханізм прымусу, і калі ў вайскоўцаў нават няма вялікага імпэту ваяваць, яны ўсё роўна будуць ісьці ў атаку як «гарматнае мяса».
Самы просты інструмэнт — кадыраўскія загараджальныя атрады, якія прымусяць салдатаў ісьці ў бой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ня хоча ісьці ў ваенкамат і тым больш ваяваць». Жыхары «ДНР» і «ЛНР» паведамляюць пра аблавы на мужчын прызыўнога ўзросту— Але ёсьць досьвед Другой сусьветнай вайны. Вэтэраны той вайны расказвалі, што немцы былі грозным праціўнікам, а, скажам, румыны — ня надта.
— Але мы і ня кажам, што беларускае войска будзе выступаць як асобная, самастойная баявая адзінка. Яно будзе дадатковым кампанэнтам унутры расейскай ваеннай машыны.