12 чэрвеня агенцтва Reuters напісала пра гібель пад Севераданецкам Луганскай вобласьці былога брытанскага вайскоўца Джордана Гэтлі. Сям’я вайскоўца паведаміла, што ў пятніцу атрымала зьвесткі, што ён быў забіты пад Севераданецкам.
Джордан Гэтлі, па словах ягоных родных, звольніўся з брытанскага войска ў сакавіку і адправіўся ва Ўкраіну, каб дапамагчы ў барацьбе супраць расейскага ўварваньня. Гэта ня першая сьмерць замежнага грамадзяніна ў вайне з Расеяй на баку Ўкраіны.
Свабода вывучыла, як Украіна заахвочвае замежных вайскоўцаў і што яны могуць атрымаць ад дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апантаныя помстай. Полк Каліноўскага як начны кашмар ЛукашэнкіПершыя добраахвотнікі — беларусы і грузіны
Праз тры дні пасьля пачатку расейскага ўварваньня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў іншаземцаў далучыцца да абароны краіны. Сярод першых, хто адгукнуўся на заклік, — беларусы і грузіны. Прадстаўнікі Беларусі і Грузіі ўжо мелі досьвед удзелу ў баявых дзеяньнях на ўкраінскім Данбасе з 2014 году.
Грузінскі батальён удзельнічаў у абароне Луганскага аэрапорту ў 2014-м і ў баях за Дэбальцава. Цяпер ён ваюе ў складзе аднаго з батальёнаў тэрытарыяльнай абароны Кіеўскай вобласьці. На пачатку 2022 году ацэначная колькасьць складала 25 байцоў.
У склад беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага таксама найперш увайшлі тыя, хто пачынаў у 2014 годзе ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў «Азоў», «Правы сэктар» і «Данбас».
Першапачаткова беларускае падразьдзяленьне налічвала каля 40 байцоў, але зь цягам часу да яго далучылася гэтулькі беларусаў-добраахвотнікаў, што трэба было рэаргнаізавацца ўжо ў полк. Сёлета беларусы змагаліся за Кіеў, Мікалаеў, удзельнічалі ў баях на Данбасе і ў Марыюпалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я бег да параненага пад мінамётным агнём». Беларус «Фрэдзі» расказвае, як на вайне працуюць парамэдыкіУ Міністэрстве абароны Ўкраіны адмовіліся ўдакладніць, колькі беларусаў удзельнічала ў баях на прамысловай пляцоўцы «Азоўсталі» і якая цяпер іхная доля. На пытаньне Свабоды намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр адказала: «Па грамадзянах Беларусі мы ня маем інфармацыі для абнародаваньня».
З пачатку расейска-ўкраінскай вайны ў баях загінулі шэсьць беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вайне ва Ўкраіне загінуў камандзір атраду Павал «Волат» — шосты беларускі баец з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі
Далучэньне іншаземцаў стала сыстэмнай працай
Колькасьць замежных грамадзян, ахвочых ваяваць на баку Ўкраіны павялічвалася з кожным днём. І ўжо праз 10 дзён пасьля пачатку вайны ўлады вымушаныя былі стварыць адмысловы сайт Fightforua.org, празь які каардынуецца набор у Інтэрнацыянальны легіён.
На сайце вызначаныя ўсе крокі, якія мусіць прайсьці замежны грамадзянін, каб уступіць ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Тады ж, у сакавіку, украінскія ўлады паведамлялі пра 20 тысяч іншаземцаў, які заявілі пра жаданьне змагацца з Расеяй на баку Ўкраіны.
Ад пачатку дзейнасьці да Замежнага легіёну далучыліся тысячы добраахвотнікаў з 55 краін сьвету, у тым ліку з Канады, краін Балтыі, Польшчы, Аўстраліі, Нідэрляндаў, ЗША, Чэхіі, Фінляндыі і іншых краін.
Дакладную колькасьць тых іншаземцаў, якія служаць у Інтэрнацыянальным легіёне, не называюць.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, іншаземцы могуць падпісаць кантракт на службу ва Ўзброеных сілах Украіны на тэрмін ад трох да пяці гадоў і могуць у любы момант, у адрозьненьне ад грамадзян Украіны, адмовіцца ад працягу службы.
Нядаўна парлямэнт ухваліў зьмены ў заканадаўства, згодна зь якімі цяпер іншаземцаў могуць прымаць на службу і ў выведныя органы. Раней гэта было забаронена ў мэтах нацыянальнай бясьпекі.
У той жа час іншаземцы маюць права служыць толькі ў шараговым, сяржанцкім ці старшынскім складзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Было зразумела, што расейскіх салдатаў тут парвуць на ўкраінскі сьцяг». Як былы апэратар ОРТ далучыўся да батальёну КаліноўскагаДзе ваююць іншаземцы
Нядаўна стала вядома, што Інтэрнацыянальны легіён залучаецца на найбольш складаныя кірункі фронту — у Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласьцях. Цяпер шэраг падразьдзяленьняў задзейнічаныя ў абароне Севераданецку.
У склад легіёну набіраліся пераважна падрыхтаваныя людзі, якія мелі баявы досьвед. Кожны праходзіў абавязковую праверку ў спэцслужбах. Але досьвед не гарантуе, што застанесься ў жывых. На сёньня вядома сама менш пра 10 загінулых іншаземцаў.
Пакуль дакладна невядома, колькі іншаземцаў загінулі на пачатку сакавіка пасьля расейскага абстрэлу Явараўскага палігону — першага галоўнага месца дысьлякацыі інтэрнацыянальнага легіёну. Паводле афіцыйнай інфармацыі, тады загінулі 35 асобаў і атрымалі раненьні 134, але ўлады Ўкраіны сьцьвярджалі, што гэтыя ахвяры — зь ліку ўкраінскіх цывільных і вайскоўцаў.
Паводле замежных журналістаў, на момант абстрэлу на палігоне знаходзілася да адной тысячы іншаземцаў, якія прыехалі ваяваць у замежным легіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь вярнуся толькі на танку». Добраахвотнік «Хмель» пра моцнае раненьне на фронце, уцёкі з «хіміі» і беларускіх сваякоўЮрыдычны статус замежных добраахвотнікаў
Паводле міжнароднага заканадаўства, на іншаземцаў, якія служаць ва Ўзброеных сілах Украіны, пашыраецца дзеяньне Жэнэўскіх канвэнцый аб абароне. Але Расея, калі бярэ ў палон замежнікаў, такога статусу не прызнае.
Рэзанансным стаў выпадак з асуджэньнем на падкантрольнай Расеі тэрыторыі ў так званай «ДНР» да сьмяротнай кары трох украінскіх вайскоўцаў замежнага паходжаньня — двое зь іх зь Вялікай Брытаніі і адзін з Марока.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «ДНР» прысудзілі сьмяротнае пакараньне замежнікам, што ваявалі за ЎкраінуПаводле ўкраінскіх СМІ, усе гэтыя вайскоўцы, якія служылі ў 36-й асобнай брыгадзе марской пяхоты Ўзброеных сіл Украіны і здаліся ў палон у Марыюпалі, ужо мелі грамадзянства Ўкраіны. Цяпер іхныя сем’і разьлічваюць, што вайскоўцаў удасца абмяняць на расейскіх вайскоўцаў ці на арыштаванага ва Ўкраіне прарасейскага палітыка Віктара Медзьведчука.
Сьпікер Інтэрнацыянальнага легіёну Дам’ен Магру заклікаў Расею выканаць міжнароднае права, паводле якога бакі мусяць дамовіцца аб абмене ваеннапалоннымі.
Паводле яго, на сёньня няма інфармацыі яшчэ пра аднаго замежнага грамадзяніна — Эндру Хіла.
«У нас няма інфармацыі, як расейскі бок яго разглядае, хаця ёсьць агульная заява Расеі, што яны не разглядаюць легіянэраў як ваеннапалонных. Але цяпер нам неабходна пацьвярджэньне, што ён жывы, што да яго гуманна ставяцца і лечаць, згодна з Жэнэўскай канвэнцыяй», — дадаў Дамʼен Магру.
«Цяпер усё залежыць ад прарасейскіх прадстаўнікоў так званай „ДНР“. Што можна зрабіць для ваеннапалонных? Міжнароднае права дакладна вызначае: неабходна абмяняцца палоннымі вайскоўцамі. Гэта адзначаецца ў Жэнэўскіх канвэнцыях. І тады гэты сьмяротны вырак ня будзе прыведзены ў выкананьне. Я спадзяюся, што ўдасца арганізаваць абмен», — сказаў Дамʼен Магру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Батальён Кастуся Каліноўскага абвясьціў аб стварэньні аднайменнага палкаХто фінансуе замежны легіён
Сьпікер Інтэрнацыянальнага легіёну падкрэсьліў, што іхнае фармаваньне ўваходзіць у склад Узброеных сіл Украіны і цалкам забясьпечваецца за кошт бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на ўкраінскую армію.
«Гэта датычыць усіх выдаткаў: на пражываньне, на заробкі байцоў, амуніцыю і зброю», — удакладніў ён.
Дамʼен Магру дадаў, што байцы Інтэрнацыянальнага легіёну атрымліваюць такія ж заробкі, як і ўкраінскія вайскоўцы, і іх нельга параўноўваць з вайскоўцамі расейскай прыватнай вайсковай групы «Вагнэр».
«Мы зьяўляемся камбатантамі ў кантэксьце Жэнэўскіх канвэнцый. Расейцы проста ігнаруюць міжнароднае права. Група „Вагнэр“ — ня вельмі празрыстая. Вайскоўцы з гэтай групы атрымліваюць заробкі не ў структуры расейскай арміі, і яны зарабляюць значна больш, чым вайскоўцы Ўзброеных сіл Расеі. Калі гэтая інфармацыя дакладная, то яны зьяўляюцца наймітамі ў разуменьні Жэнэўскай канвэнцыі», — патлумачыў прадстаўнік Інтэрнацыянальнага легіёну.
Расейскі батальён — міт ці рэальнасьць?
У красавіку трое расейскіх вайскоўцаў на прэсавай канфэрэнцыі ў інфармацыйным агенцтве «Інтерфакс-Україна» абвясьцілі аб стварэньні добраахвотніцкага батальёну «Свабода Расеі».
Паводле іх, пасьля таго, як яны трапілі ў палон да ўкраінцаў і пабачылі ўсе зьверствы «пуцінскай арміі» ў Ірпяні і Бучы, то вырашылі перайсьці на бок Украіны і стварыць асобны батальён. Паводле аднаго з удзельнікаў, жаданьне далучыцца да батальёну «Свабода Расеі» выказалі каля 300 расейскіх палонных салдат.
Нядаўна ў інтэрнэце абнародавалі відэазапіс, зь якога вынікае, што да гэтага расейскага батальёну нібыта далучыўся і колішні віцэ-прэзыдэнт «Газпромбанку» Ігар Валабуеў.
У той жа час невядома, да якога падразьдзяленьня ўкраінскіх войскаў належыць расейскі батальён і ў якіх баях ён браў удзел. Ягоныя прадстаўнікі сьцьвярджаюць, што ваююць на Данбасе. Аднак дакладных доказаў таго, што гэты батальён сапраўды створаны з палонных расейцаў, і яны змагаюцца на баку Ўкраіны, няма. Няма пакуль доказаў і таго, што інфармацыя аб стварэньні батальёну — прадукт украінскай ваеннай прапаганды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку чакалі на трактары. Як украінская выведка ўпусьціла расейскі наступ зь Беларусі і што ведае пра беларускую армію цяперВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.