Паводле законаў «ДНР», двое брытанцаў — Шон Пінэр і Эйдэн Асьлін, а таксама мараканец Саадун Брагім, павінны быць расстраляныя. У іх ёсьць месяц на абскарджаньне прысуду. Суд у Данецку доўжыўся ўсяго два дні.
Пінэра і Асьліна захапілі ў палон у Марыюпалі, Брагіма — пад Валнавахай. Усе трое пераехалі ва Ўкраіну задоўга да пачатку расейскага збройнага ўварваньня і ўжо некалькі гадоў служылі ў марской пяхоце УСУ на кантракце.
Раней, у красавіку, расейскі дзяржаўны тэлеканал «Россия 1» паказаў відэазапіс, на якім палонныя Пінэр і Асьлін прызнавалі сваю віну і зьвярталіся да прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана з просьбай садзейнічаць абмену іх і іншых ваеннапалонных на ўкраінскага пракрамлёўскага палітыка Віктара Медзьведчука, арыштаванага ў Кіеве.
Сваякі замежнікаў мяркуюць, што гэтае інтэрвію яны далі пад ціскам. Таксама яны адзначаюць, што іх родныя служылі ў УСУ афіцыйна, на кантракце, і ня могуць лічыцца наймітамі.
Дэпутат брытанскага парлямэнту Робэрт Джэнрык назваў суд над замежнымі вайскоўцамі «абуральным парушэньнем міжнароднага заканадаўства». Паводле яго, ён чакаў у найбліжэйшым часе абмену ваеннапалоннымі, але «расейскія ўлады вырашылі зладзіць над імі паказальны працэс, што зусім ганебна».