Канцлер Нямеччыны заклікаў Баўгарыю зьняць блякаваньне заяўкі Паўночнай Македоніі на ўступленьне ў Эўразьвяз

Оляф Шольц і Дзімітар Кавачэўскі на сустрэчы ў Скоп'і, 11 чэрвеня 2022

Падчас візыту ў Скоп’е канцлер Нямеччыны Оляф Шольц падтрымаў заклікі лідэра Паўночнай Македоніі да Эўразьвязу хутчэй пачаць перамовы аб уступленьні гэтай краіны.

Затым, падчас візыту ў Баўгарыю, Оляф Шольц заклікаў Сафію спыніць свае намаганьні па блякаваньні памкненьняў Паўночнай Македоніі ў Эўразьвяз з-за шэрагу моўных і гістарычных рознагалосьсяў, што існуюць паміж дзяржавамі. Пра гэта піша Бальканская служба Радыё Свабода.

«Перамовы аб далучэньні, якія былі цьвёрда абяцаныя два гады таму, павінны пачацца зараз... Я буду гэтага дамагацца», — заявіў Шольц 11 чэрвеня на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Скоп’і з прэм’ер-міністрам Паўночнай Македоніі Дзімітарам Кавачэўскім.

Шольц сказаў, што «Заходнія Бальканы маюць стратэгічнае значэньне» для Нямеччыны і што яго краіна «сур’ёзна падтрымлівае» эўрапейскую інтэграцыю рэгіёну.

«Паўночная Македонія і Альбанія заслугоўваюць таго, каб пачаць перамовы аб членстве», — дадаў Шольц.

Шольц таксама лічыць, што і самой Паўночнай Македоніі трэба дзейнічаць актыўней, каб яна прасунулася далей у працэсе рэформаў, неабходных для ўмацаваньня яе заяўкі ў Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 балканскіх краін атрымалі ад Эўракамісіі абяцаньне прыняцьця ў ЭЗ

Кавачэўскі заявіў, што саміт ЭЗ, заплянаваны на канец чэрвеня, павінен пацьвердзіць пачатак перамоў аб уступленьні.

«Мы чакаем кроку, які мы заслужылі. Візыт канцлера Шольца — моцны сыгнал таго, што Бэрлін прызнае, што мы адпавядаем крытэрам».

Македонскі прэм’ер-міністар дадаў, што яго краіна ня можа пастаянна быць «закладніцай» пярэчаньняў адной краіны, маючы на ўвазе Баўгарыю, якая ў мінулым блякавала заяўку на ЭЗ з-за шэрагу спрэчак, у тым ліку сьцьвярджэньня, што македонская мова — дыялект баўгарскай.

Таксама Баўгарыя раней заклікала Паўночную Македонію спыніць меркаваную «дыскрымінацыю» этнічнай баўгарскай меншасьці, выкараніць «мову варожасьці», якая нібыта была ў СМІ, і ўнесьці зьмены ў падручнікі па гісторыі краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя мае намер заблякаваць перамовы аб прыёме ў ЭЗ новай краіны

Раней на шляху да эўраінтэграцыі Скоп’ю давялося згодай на кампраміс урэгуляваць яшчэ адну даўнюю гістарычную спрэчку аб выкарыстаньні назвы «Македонія» са сваёй паўднёвай суседкай Грэцыяй. У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем у Скоп’і пагадзіліся зьмяніць назву краіны з Македоніі на Паўночную Македонію.

Пры гэтым на сустрэчы з Шольцам прэм’ер-міністар Баўгарыі Кірыл Петкаў зноў настойваў на выкананьні македонскім бокам трох умоваў, зьвязаных зь гістарычнымі і культурніцкімі спрэчкамі паміж дзьвюма краінамі, і заявіў, што Брусэль «павінен гарантаваць іх выкананьне».

На саміце ў Славеніі ў кастрычніку 2021 лідэры ЭЗ не прапанавалі чаканага канкрэтнага графіку членства шасьці кандыдатам ад Заходніх Балькан, паўтарыўшы толькі «прыхільнасьць блёку працэсу пашырэньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славенія заклікала Эўразьвяз разблякаваць перамовы аб уступленьні Паўночнай Македоніі ў Зьвяз
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія і Малдова зрабілі «першы крок на эўрапейскім шляху»