Фітнэс-трэнэра Яршова асудзілі на 3 гады «хіміі»
Як піша «Вясна», справу разгледзелі 6 чэрвеня 2022 году ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Яе вяла судзьдзя Тацяна Пірожнікава. Яна прызнала Канстанціна вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і прысудзіла тры гады абмежаваньня волі. Яршова вызвалілі ў залі суду.
Канстанцін Яршоў — трэнэр у фітнэсе і бодыбілдынгу зь Менску. Яго затрымалі 24 студзеня 2022 году.
У Менску затрымалі чарговага супрацоўніка IT-кампаніі
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 32-гадовага бізнэс-аналітыка Арцёма Астапенкі. Паводле іх, мужчына 16 жніўня 2020 году на праспэкце Незалежнасьці «на любімым Мэрсэдэсе 2018 году за $30 тысяч так павольна перасоўваўся ў плыні і знарок ствараў заторы, што натармазіў на артыкул 342 КК Беларусі».
У «пакаяльным» відэа мужчыну прымушаюць назваць свой высокі заробак, адзначае «Вясна».
Сілавікі затрымалі 20-гадовага супрацоўніка «Белтэлекам» Цімафея Галубка
Згодна з паведамленьнем ГУБАЗіКа, хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога», а таксама з дапамогай спэцыяльнага праграмнага забесьпячэньня рассылаў спам на нумары міліцыянтаў, піша «Вясна».
Супраць Арцёма Анішчука завялі новую крымінальную справу
Супраць асуджанага фігуранта справы «пяцёркі, што пашкодзіла машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца» палітзьняволенага Арцёма Анішчука, які заявіў пра катаваньні ў магілёўскай калёніі і ціск у бабруйскай калёніі, завялі новую крымінальную справу за «абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце» да затрыманьня, паведамляе «Вясна».
Арцём мусіў выйсьці на свабоду, адбыўшы цалкам двухгадовы тэрмін, 29 чэрвеня. Але ён стаў падазраваным паводле арт. 369 КК і яго перавялі з калёніі ў сьледчую турму № 4 для «правядзеньня сьледчых дзеяньняў».
Жонку Арцёма Вольгу 28 сьнежня 2021 году затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Перад гэтым ёй тэлефанаваў сьледчы з Магілёва і хацеў, каб яна дала паказаньні супраць Арцёма: «Сказаў, нібыта за абразу ў інтэрнэце». Па словах сьледчага, Вольга праходзіць сьведкай у справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы патрабуюць спыніць катаваньні Арцёма Анішчука ў магілёўскай калёнііСілавікі затрымалі віцебскага таксіста Мікіту Палявонка за «распальваньне варожасьці»
Яго абвінавачваюць у напісаньні камэнтароў, у якіх ён нібыта заклікаў забіваць міліцыянтаў, беларускіх міратворцаў у Казахстане, праўладных дзяржаўных журналістаў, а таксама былых беркутаўцаў, што працуюць у менскім АМАПе, паведамляе «Вясна».
Папярэдне, яму інкрымінаваная ч.1 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці). Палявонку пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.
Палітзьняволенага Рамуальда Ўлана выклікаюць на допыт у новай справе
Палізьняволенага Рамуальда Ўлана, які адбывае пакараньне на «хіміі» ў Гомлі, 10 чэрвеня выклікаюць на допыт у новай справе. Акалічнасьці справы пакуль не вядомыя, піша «Вясна».
Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» ў студзені 2021 году быў асуджаны на 2,5 года абмежаваньня волі. Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў «заведама непраўдзівыя зьвесткі», якія ганьбяць гонар і годнасьць міліцыянтаў.
Пацярпелымі ў справе праходзяць сем супрацоўнікаў Смаргонскага райаддзелу міліцыі.
У Менску затрымалі 33-гадовага Дзяніса Вяткіна
У «пакаяльным» відэа ён гаворыць, што ў жніўні 2020 году з «апазыцыйнай сымболікай» выходзіў на праезную частку падчас акцый пратэсту і перакрываў рух транспарту, піша «Вясна».
Дзянісу інкрымінаваны артыкул 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 чэрвеня: Адвакат Брагінец ня выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту, у Менску затрымалі дырэктара мэдцэнтру