Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 9 чэрвеня: Адвакат Брагінец ня выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту, у Менску затрымалі дырэктара мэдцэнтру


У Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь. Менск, 15 траўня 2019. Ілюстрацыйнае фота
У Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь. Менск, 15 траўня 2019. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Адваката Віталя Брагінца ня вызвалілі з «сутак»

Арганізацыі Lawyers for Lawyers і CCBE патрабуюць ягонага вызваленьня.

У сумесным лісьце Lawyers for Lawyers і Рада адвакатур і юрыдычных таварыстваў Эўропы (CCBE) ад 8 чэрвеня зрабілі сумесную заяву з нагоды затрыманьня адваката Віталя Брагінца і крымінальнай справы, заведзенай у дачыненьні да адваката Андрэя Мачалава.

Арганізацыі паведамляюць, што ў выніку адміністрацыйнага арышту Брагінца пазбавяць адвакацкай ліцэнзіі і права на выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў у якасьці адваката, а выстаўленыя Мачалаву абвінавачаньні зьяўляюцца неабгрунтаванымі і служаць незаконнаму спыненьню яго законнай прафэсійнай дзейнасьці.

Lawyers for Lawyers і CCBE заклікаюць беларускія ўлады вызваліць Віталя Брагінца і зьняць усе абвінавачваньні зь яго і з Андрэя Мачалава, калі ў ходзе разгляду не будуць прадстаўлены дакладныя доказы, адпаведныя гарантыям справядлівага судовага разбору.

Адваката Віталя Брагінца затрымалі супрацоўнікі КДБ 23 траўня на выхадзе з дому. Пазьней яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на датычнасьць да пратэставай дзейнасьці». Адтуль ён, як сьцьвярджалася ў судзе, «паспрабаваў пайсьці». У гэтым і выявілася непадпарадкаваньне. На яго склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП і арыштавалі на 15 дзён. На волю ён павінен быў выйсьці ўвечары 7 чэрвеня, але гэтага не адбылося.

У Менску затрымалі дырэктара мэдычнага цэнтру

ГУБАЗіК затрымаў 54-гадовага дырэктара ТАА «Біямэдтэхналёгіі», паведамляе Zerkalo.io са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.

Па якім артыкуле яго затрымалі — невядома, але ў паведамленьні сілавікоў сказана, што «ён заехаў у ІЧУ па крымінальнай справе за супрацоўніцтва са здраднікамі з байпола».

ТАА «Біямэдтэхналёгіі» — мэдычны цэнтар у Менску. Кампанія праводзіць кансультацыі і лячэньне пацыентаў па пытаньнях бясплодзьдзя, парушэньняў мэнструальнага цыклу, запаленчых захворваньняў і іншых, а таксама дыягнастычныя абсьледаваньні — ад ультрагуку да лябараторных дасьледаваньняў для выяўленьня гарманальных парушэньняў, вірусных і інфэкцыйных захворваньняў і іншых паталёгій.

Вядомага тыктокера lexmask і ягоную жонку арыштавалі на 10 дзён

У Менску 7 чэрвеня супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі Аляксея Бондара разам зь ягонай жонкай Маргарытай. Аляксей — вядомы тыктокер lexmask з 58 тысячамі падпісантаў, які выпускае відэа на беларускай мове. ГУБАЗіК паведамляў, што затрымалі тыктокера за тое, што ён «хайпаваў на ваенным канфлікце». На пакаяльным відэа Аляксей сказаў, што падпісаны на «дэструктыўныя каналы», а раней хадзіў на мітынгі.

Праваабаронцам стала вядома, што ўчора, 8 чэрвеня, у судзе Фрунзенскага раёну Менску над Аляксеем і Маргарытай адбыўся суд. У выніку іх адправілі за краты на 10 дзён. Сваякам, якія хацелі прыйсьці на суды, адміністрацыя адказала, што «працэс будзе ў 18:00, таму на суд трапіць нельга», паведамляе «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG