На вайну Аляксандар зьехаў літаральна за дзень. Сваю гісторыю ён расказаў Свабодзе.
«Спачатку зарабляў 600 даляраў, потым — 250»
Аляксандар нарадзіўся ў Баранавічах, там жа скончыў каледж лёгкай прамысловасьці. Потым завочна вучыўся на эканаміста ў Горадні. Сваё жыцьцё на дванаццаць гадоў Клачко зьвязаў зь Беларускай чыгункай.
«Я прыйшоў на чыгунку ў 2003 годзе. Мне падабалася. Адразу працаваў у мэханічным цэху, дапамагаў майстру, потым быў кладаўшчыком, быў інжынэрам па скаргах (адказваў на пісьмовыя і вусныя запыты грамадзян), а пад канец быў эколягам прадпрыемства. Цікава было, шмат людзей ведаў, але апошнія два-тры гады працы было ўсё больш, а грошай усё менш».
Па словах «Куся», у пачатку сваёй працы ён зарабляў 500 даляраў, разам з прэміяй магло выйсьці і 600. Але з часам заробкі толькі падалі, хаця абавязкаў станавілася болей. Урэшце Аляксандар стаў атрымліваць усяго 250 даляраў. Кажа, што вырашальным момантам для яго было, калі ў 2013 годзе супрацоўнікаў чыгункі пазбавілі разавых прэмій.
«Па шчырасьці, было цяжка і страшна нешта мяняць, але ў студзені 2016 году я сышоў. Ніколі не шкадаваў, што звольніўся. Калі б ня гэтая сытуацыя, то я мог бы быць і сёньня за Лукашэнку і думаць, што безь яго сонца пагасьне. Я разумею псыхалёгію людзей, якія выступаюць за Лукашэнку, бо сам быў такім. Часам мне здаецца, што дзяржаўныя прадпрыемствы захавалі толькі для таго, каб лепш маніпуляваць людзьмі — ці працягнем кантракт, ці дамо прэмію», — кажа Аляксандар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вярнуўся на базу і ня ўбачыў знаёмых твараў — столькі новых у нас байцоў». Беларускі добраахвотнік пра баі і ўзяцьце ў палон расейцаў«Я разумеў, што ўскрылі дно урны для галасаваньня»
На чыгунцы Клачко далучыўся да грамадзкай актыўнасьці, увайшоў у шэрагі афіцыйнага БРСМ, стаў нават намесьнікам сакратара прадпрыемства.
«Я лічу, што палітычнай дзейнасьцю ў БРСМ не займаўся. У нас тады з 500 супрацоўнікаў у БРСМ было чалавек 30, а актыўных зь іх — восем. Арганізоўвалі экскурсіі, ставілі невялікія спэктаклі, дапамагалі дзіцячаму прытулку».
Таксама паралельна Аляксандра прыцягвалі да ўдзелу ў выбарчых камісіях. Кажа, што празь яго праходзілі выбары ўсіх узроўняў — і мясцовыя, і прэзыдэнцкія.
«У мяне быў складаны маральны момант падчас датэрміновага галасаваньня, здаецца, у 2006 годзе. З 14.00 да 16.00 — абедзенны перапынак, мы разам зь дзяўчынай-напарніцай пайшлі паелі, а калі вярталіся, то пачулі з зачыненай залі, дзе знаходзілася урна, стук малатка. Я нічога ня бачыў, але разумеў, што гэта ўскрылі дно ўрны, нешта туды закінулі, а пасьля забівалі цьвікі».
Клачко працягвае, што яму было няпроста ад таго, што ён добра ведаў усіх людзей, якія ўваходзяць у камісію, разам зь імі працаваў, з кімсьці і сябраваў.
«Я ведаў, хто гэта рабіў, на той момант я вельмі паважаў гэтых людзей. Пытаюся ў напарніцы: „Што гэта?“, а яна: „А ты што, не разумееш?“ Я разумеў толькі, што так не павінна быць. Было жаданьне напісаць заяву ў пракуратуру. Але што я мог сказаць? Што чуў грукат малатка? Але галоўнае, што мяне спыніла, — гэта склад выбарчай камісіі. Яна ж фармуецца зь людзей з аднаго прадпрыемства: маіх начальнікаў, сяброў, знаёмых. Калі я пачну гэта раскручваць, то здраджу свайму калектыву. Я бачу гэта так пры нармальнай сыстэме: каб у камісіі ўваходзілі людзі, якія паміж сабой у ідэале не знаёмыя, каб не было гэтай агульнай гідры і залежнасьці адзін ад аднаго».
Сам Аляксандар Клачко кажа, што асабіста ніколі не фальсыфікаваў выбары. Пры гэтым сутыкаўся пры падліку галасоў з шчыльна складзенымі бюлетэняў, маўляў, выпадкова яны не маглі так легчы.
«У 2010 годзе помню, як адзін з чальцоў камісіі за банкетным сталом пад гарэлку і гармонік сказаў: «Я не разумею: у нас на ўчастку за Лукашэнку прагаласавалі 65%, чаму тады нас прымусілі нарысаваць 85%?».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заснавалі пэтыцыю за выдачу грамадзянства замежным добрааахвотнікам«Калі прасіў 500 рублёў, то казалі, што зашмат»
Пасьля звальненьня з чыгункі Аляксандар Клачко шмат дзе папрацаваў. Спачатку разам зь сябрам адкрылі ў Менску прадпрыемства для продажу сайдынгу, але яно доўга не праіснавала.
«Я ўладкаваўся ў „Е-дастаўку“. У нас Валяр’янаве было 250 экспэдытараў, але на другі месяц працы мне далі першае месца сярод усіх, магчыма, так заахвочвалі. Я працаваў шмат, па 12-15 гадзін, меў два выходныя. Мяне хапіла на 8 месяцаў такога графіку, проста арганізм сказаў: „Не“. Я добра еў, прымаў вітаміны, але спаць па 5 гадзін штодня доўга немагчыма».
Пасьля гэтага «Кусь» зноў паехаў у Баранавічы, дзе ўладкаваўся ў гіпэрмол. Праз год працы пашкодзіў сьпіну пры загрузцы бусіка, давялося рабіць апэрацыю. Пасьля гэтага фізычныя нагрузкі былі непажаданымі.
«Новую працу шукаў доўга. Спачатку мне казалі, што я прашу завялікі заробак, у 500 рублёў. А на іншай пасадзе сказалі, што „вы сябе ня цэніце, калі просіце 500 рублёў, такія работнікі нам не патрэбны“. У выніку я пайшоў працаваць таксістам. Праз тры дні брат уласьніка прапанаваў мне і адной дзяўчыне сумяшчаць пасаду адміністратара таксі, празь нейкі час я застаўся адзін. Адразу было цяжка, але потым уцягнуўся. Тут я працаваў апошнія гады ў Беларусі».
«Удзельнічаў у пасьлявыбарным пратэсьце ў 2001 годзе»
Аляксандар кажа, што ў яго быў доўгі шлях да палітычнай актыўнасьці. 9 верасьня 2001 году ён быў на Кастрычніцкай плошчы сярод тых, хто апратэстоўваў вынікі выбараў.
«Мне тады было 17 гадоў. Я шчыра ня памятаю, як туды трапіў. Быў разам зь сябрамі, адзін зь іх цяпер на „хіміі“ за палітыку. У той час я не ўступіў у „Народную грамаду“ толькі таму, што мне не было 18 гадоў. Я памятаю ў падземным пераходзе на плошчы людзей у крапавых барэтах, палац прафсаюзаў, нешматлікіх удзельнікаў. У хуткім часе троху расчараваўся ў апазыцыі. Помню налепкі „Выбірай“, дзе сымбалямі свабоды былі намаляваныя джынсы і амэрыканскі футбол, але гэта сымбалі для амэрыканцаў, а не для беларусаў».
Пры гэтым на прэзыдэнцкіх выбарах за Лукашэнку Клачко ніколі не галасаваў. Гаворыць, што заўжды ставіў птушачку ў графе «супраць усіх», а ў 2015-м аддаў голас Тацяне Караткевіч.
«У 2014 годзе, калі Расея забрала Крым, то я лічыў, што па справядлівасьці ён сапраўды расейскі, а юрыдычна — украінскі. Я захапляўся расейскімі войскамі, якія безь ніводнага стрэлу занялі паўвостраў, а з другога боку, усьведамляў, што Крым нічым не адрозьнівацца ад Беларусі і заўтра Расея можа заняць Беларусь. З таго моманту да мяне пачало трохі даходзіць».
Пад канец 2019 году Клачко выходзіў на пратэсты ў дні перамоваў Лукашэнкі і Пуціна, якія арганізоўваў Павал Севярынец. Пры гэтым хлопец кажа, што яшчэ ня быў супраць Лукашэнкі, яму не падабалася толькі сама ідэя інтэграцыі з Расеяй.
«Калі мне было ўжо 30 з гакам, то ў Менску ад аднаго зь сяброў упершыню пачуў, што мы ліцьвіны. Кажу, ты што, здурнеў, якія мы літоўцы. Потым, праўда, пачаў цікавіцца беларускай гісторыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ад беларусаў ня ўзяў бы нават ваткі і бінціка». Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская пра тое, як беларусам дапамагаць Украіне«З паліклінікі выйшаў з думкай, што паеду на пратэст у Менск»
Аляксандар расказвае, што дакладна супраць Лукашэнкі ён стаў у 2020 годзе, на хвалі каранавірусу. Тады захварэў ягоны 87-гадовы дзед.
«Спачатку сказалі, што гэта проста бранхіт. Мы не маглі запісаць дзеда на КТ лёгкіх ні ў дзяржаўных, ні ў прыватных клініках. Мяне гэта вельмі абурыла. Праз выходныя ўрач сказала, што дома мы яго не дагледзім, трэба везьці ў лякарню. Там яму паставілі дыягназ „двухбаковая пнэўманія“, але нам, родным, нічога не сказалі. Празь нейкі час да дзядулі прыйшла жанчына ў белым камбінэзоне, якая пыталася, з кім ён кантактаваў. Толькі праз знаёмых мы дазналіся, што тэст на ковід у дзеда станоўчы. Ніхто прама нам не сказаў. Добра, што ён паправіўся».
Празь нейкі час у Аляксандра таксама паднялася тэмпэратура і ён пайшоў у паліклініку, каб здаць тэст на COVID-19.
«На мяне там накрычалі, навошта я сюды прыйшоў, ніхто мазка ня браў. Паставілі ВРВІ. Калі я выйшаў з паліклінікі, то адчуваў сябе апляваным, зразумеў, што нас трымаюць за дурняў, гавораць адно, робяць іншае. Я тады падумаў: «А пайшлі б вы куды падалей. Будзе жнівень, я паеду ў Менск, выйду на плошчу зь мірным пратэстам і пакажу, што я супраць гэтай улады».
9 жніўня Аляксандар сапраўды быў у Менску, бо палічыў, што ў Баранавічах ніхто ня выйдзе. І тым большае было ягонае зьдзіўленьне, калі ў раённым цэнтры на пратэст падняліся некалькі тысяч чалавек. Потым Клачко прыяжджаў у Менск на маршы 16 і 23 жніўня, а таксама 25 кастрычніка.
«8 лістапада мяне затрымалі на чаяваньні ў Баранавічах. Затрымлівала 15 супрацоўнікаў міліцыі — толькі за тое, што я сказаў: „Вы ня маеце рацыі“, калі яны сталі разганяць людзей, якія прыйшлі папіць гарбаты. Мяне ўдарылі дубінкай, укралі каля 100 эўра ў беларускіх рублях. Мяне трымалі ў ІЧУ, быў суд праз скайп, дзе далі штраф у 10 базавых велічынь. Я хадзіў у Сьледчы камітэт, дзе пісаў заяву, што мяне выцялі, калі я стаяў з паднятымі рукамі, і ўкралі грошы, але нічога гэта не дало».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апантаныя помстай. Полк Каліноўскага як начны кашмар Лукашэнкі«Дайце я паспрабую»
18 сьнежня 2020 году па месцы прапіскі Аляксандра Клачко прыйшлі людзі ў балаклавах, яго дома тады не было. Пасьля гэтага мужчына вырашыў выехаць з краіны.
«Я бязь візы паехаў на літоўскую мяжу. Беларусы сказалі, што мяне ня пусьцяць літоўцы, але я папрасіў, каб далі паспрабаваць. Цяпер гэта мой такі невялікі дэвіз: „Дайце я паспрабую“. Літоўцы суткі пратрымалі на мяжы, але далі двухтыднёвую візу».
З таго часу Клачко жыў у Вільні. Кажа, што давялося паматацца па гатэлях. Апошнім часам ужо здымаў кватэру разам са сваёй дзяўчынай. Працаваў апэратарам абсталяваньня на прадпрыемстве па вырабе мэдыцынскіх масак, а потым адвучыўся на тэставальніка і ўладкаваўся ў літоўскую кампанію.
«Калі на фірме даведаліся, што я еду на вайну ва Ўкраіну, то падтрымалі мяне. Думаў, што зноў усё страчу, а мне далі адпачынак за свой кошт, нават падтрымалі матэрыяльна. Эміграцыя — гэта не салодкае жыцьцё. Грошай часта не хапала, але да фондаў я не зьвяртаўся, усё зарабляў сам».
«Прадавачка лічыла, што я дывэрсант»
Па словах «Куся», да канстытуцыйнага рэфэрэндуму 27 лютага ён ня думаў ехаць ва Ўкраіну, жыў найперш беларускімі падзеямі. Калі ж адбылося галасаваньне, то стаў задавацца пытаньнем, што рабіць далей.
«Мне патэлефанаваў знаёмы, які прапанаваў спаліць вайсковыя білеты ў знак пратэсту. Кажу, не, гэта нічога не дакажа. Іншая справа — паехаць ва Ўкраіну. Першага сакавіка вырашыў, параіўся зь дзяўчынай. Другога сакавіка зразумеў, што прыняў слушнае рашэньне. Пайшоў ва ўкраінскую амбасаду, дзе запісаўся ў Інтэрнацыянальны легіён. Трэцяга сакавіка мне патэлефанавалі апоўдні і сказалі, што а 16.00 ад’яжджае аўтамабіль з ахвотнікамі ваяваць. Я ледзь пасьпеў купіць добры, але дарагі абутак, хаджу ў ім па сёньня. Са мной ехалі кіяўлянін і грамадзянін Ізраілю. Добра, каб разам са мной былі сябры, але яны нешта адкладвалі, а ў выніку шмат хто не паехаў увогуле. Я паехаў адзін».
Зь Вільні мужчын адвезьлі на мяжу Польшчы і Ўкраіны, дзе яны сустрэліся з добраахвотнікамі з Нарвэгіі і Грузіі, а ўжо адтуль усе разам накіраваліся ва Ўкраіну.
«Мяне ўразіла колькасьць уцекачоў на мяжы, жанчын зь дзецьмі. Гэта было жудасна. Усе легіянэры амаль плакалі, нават грузіны, якія ўжо ваявалі. Карціна была, як зь фільмаў пра зомбі».
Добраахвотнікаў прывезьлі ва ўкраінскі Наваявараў, дзе яны чакалі перасадкі на іншы аўтобус. Проста на запраўцы Клачко сказалі, што далей ехаць ён ня можа, бо ёсьць загад беларусаў больш ня браць у легіён. Мужчыну не падкінулі нават да Яварава, проста пакінулі стаяць на запраўцы.
«Прадавачка не хацела прадаваць мне SIM-картку, прасіла паказаць пашпарт, званіла гаспадару. Потым прасіла мяне сфоткацца з разгорнутым пашпартам. Яна лічыла мяне дывэрсантам. І сказала, што ў выпадку чаго мяне хутка знойдуць».
Потым Аляксандру давялося паразмаўляць і з паліцыяй, і з вайскоўцамі, і з СБУ. Ніхто не выказваў нэгатыву да «Куся», але нічым дапамагчы не маглі. Аляксандар у выніку ўжо зьбіраўся вяртацца назад у Польшчу, але вырашыў пераначаваць адну ноч у Явараве ў сям’і грэка-каталіцкага сьвятара. А назаўтра сутыкнуўся зь беларусамі зь Вільні, якія не маглі прарвацца да Кіева. Яны зьвязаліся з цэнтрам добраахвотнікаў у Варшаве, і калі з Польшчы ехала чарговая група беларусаў, «віленчукоў» забралі з сабой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самыя блізкія пабрацімы называлі яго „Дранік“». У Данецкай вобласьці загінуў яшчэ адзін беларус, які бараніў Украіну«Мне спадабалася, як я адчуваў сябе ў баі»
Па словах «Куся», ён ехаў на вайну максымум на паўтара месяца, бо ў Вільні яго чакала дзяўчына, трэба было дапамагаць аплочваць арэнднае жытло. Але ён застаецца ў шэрагах палку Каліноўскага па сёньня.
«27 траўня я ўпершыню адчуў бой — гэта быў прарыў на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцей. Мне цікава было даведацца, якія ў мяне будуць адчуваньні. Перад бойкай можна гаварыць што заўгодна, але важна, як ты дзейнічаеш у экстрэмальнай сытуацыі. Мне спадабалася, як я сябе адчуваў у баі. Спадабалася, што я адчуваў пад мінамётнымі, пад танкавымі абстрэламі. Па дэцыбэлах — гэта пякельны гук. Ня ведаю, як будзе далей, але я быў задаволены сабой. Мне цяжка патлумачыць гэтае пачуцьцё. Я спачатку быў у рэзэрве, але мяне з парамэдыкам адправілі ў суседнюю вёску, я быў у эпіцэнтры ўсіх падзей. Бачыў усё, што там адбывалася, на свае вочы. Некалькі разоў мог быць забітым».
Клачко кажа, што ўдзел у гэтым баі быў абсалютна добраахвотны. Усіх папярэдзілі, што могуць быць вялікія страты, таму кожны прымаў рашэньне, ці гатовы на такі крок.
«Мы ішлі ў бой з усьведамленьнем, што хтосьці з нас загіне. І калі мы вярнуліся бяз стратаў, то былі прыемна задаволеныя. Адзін ранены і кантузія ў „Ваўкалака“ — гэта самы мінімум, які мог з намі адбыцца».
Пасьля бою начныя кашмары Аляксандру ня сьніліся. Кажа толькі, што стаў больш маўклівым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта было мікрапекла, але мы выканалі задачу на 100 адсоткаў». Маладафронтавец Урбановіч пра раненьне і ўзятых у палон расейцаў«Сьмяюцца, што ў мяне забаўны пазыўны»
Пазыўны Аляксандра «Кусь» шмат у каго выклікае ўсьмешку.
«Калі ў Беларусі пачалася мода на Telegram перад выбарамі 2020 году, то я думаў над нікам. І маім нікам там быў «Кусь за Беларусь». У батальёне ў мяне спыталі, якім будзе пазыўны. Кажу, «Кусь». Хтосьці сьмяецца, што забаўны пазыўны. А я адказваю: «Хай вораг недаацэньвае, так яго будзе лягчэй перамагчы».
Усю размову з намі Клачко вёў на беларускай мове. Пры гэтым да 2021 году на ёй не размаўляў.
«Я разумеў беларускую, мог гаварыць вельмі марудна. А ў Вільні я шмат кантактаваў з Алегам Мяцеліцам, Алесем Таўстыкам, для якіх беларуская мова паўсядзённая. Тады я і адчуў, што магу сам размаўляць па-беларуску».
Па словах Аляксандра, ён разьлічвае на перамогу Ўкраіны ў вайне. Але лічыць, што трэба змагацца, незалежна ад выніку. «Трэба рабіць усё, што залежыць ад нас», — падсумоўвае мужчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь вярнуся толькі на танку». Добраахвотнік «Хмель» пра моцнае раненьне на фронце, уцёкі з «хіміі» і беларускіх сваякоў