Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта было мікрапекла, але мы выканалі задачу на 100 адсоткаў». Маладафронтавец Урбановіч пра раненьне і ўзятых у палон расейцаў


Дзяніс Урбановіч у шпіталі пасьля раненьня
Дзяніс Урбановіч у шпіталі пасьля раненьня

Лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, які цяпер ваюе ў складзе палку Каліноўскага, напрыканцы мінулага тыдня атрымаў кантузію сярэдняй цяжкасьці падчас баёў на поўдні Ўкраіны. Суткі Дзяніс быў непрытомны.

Пра падрабязнасьці раненьня, а таксама некаторыя моманты апэрацыі, у якой удзельнічалі беларусы, Урбановіч расказаў Свабодзе.

«Частка палку Каліноўскага ўдзельнічала ў спэцапэрацыі Генштабу Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ). Беларусаў было каля 60 чалавек, дэталі задачы расказваць пакуль не магу. Скажу толькі, што ўсё было выканана намі на 100 адсоткаў. Ахвяраў у нас няма, усе вярнуліся жывыя. Гэта было на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай вобласьці. Мы дапамаглі Ўзброеным сілам Украіны прасунуць фронт на дзевяць кілямэтраў», — расказвае Ўрбановіч. Ён быў старшы адной з груп беларусаў, якая стала на перадавой.

Дзяніс Урбановіч разам з украінскім вайскоўцам у шпіталі
Дзяніс Урбановіч разам з украінскім вайскоўцам у шпіталі

У баях раненьні атрымалі двое беларусаў — Дзяніс і яшчэ адзін хлопец, які ня хоча называць свайго імя. Маладафронтавец кажа, што з другім беларусам усё ў парадку, яму аскепак ад снарада трапіў у жывот, але жыцьцёва важныя органы закранутыя не былі.

«У мяне кантузія сярэдняй ступені цяжкасьці. Калі мы выканалі задачу, то пры адступленьні па нас пачаў весьціся агонь. Я па сёньня не разумею, з чаго па нас стралялі. У выніку за мэтар ад мяне разарваўся ці снарад, ці міна. Кажуць, што мне пашанцавала моцна, бо магло пасекчы аскепкамі, а ў мяне ўсяго толькі кантузія. Выцягваў мяне адтуль пад абстрэламі іншы маладафронтавец, Сяргей Пальчэўскі».

Дзяніс кажа, што памятае толькі момант выбуху, а потым ужо ачомаўся ў шпіталі. Адразу ў хлопца ня чула левае вуха, моцна балела галава, ванітавала, праз парушаную каардынацыю ня мог прайсьці ў дзьверы. Цяпер адчувае сябе лепш, але рэабілітацыя яшчэ патрэбная.

У баі беларускія добраахвотнікі ўзялі ў палон трох расейскіх жаўнераў.

«Пры выкананьні апэрацыі расейскія жаўнеры не аказвалі ніякага супраціву. Яны былі ў шоку ад таго, што адбываецца, таму нават не адбіваліся. У асноўным за іх працавалі самалёты і артылерыя. Гэта было такое мікрапекла з бамбёжкамі, зь зямлёй, якая калацілася пад нагамі. Мы зачышчалі іх пазыцыі. Залазілі ў акопы, бліндажы. У адным з бліндажоў сядзелі трое расейскіх салдатаў, у іх нават не было зброі, вывелі, завязалі рукі. Іх дакумэнты (пашпарты, ваеньнікі) былі ў мяне, але згубіў пры кантузіі. Гэта зусім маладыя яшчэ хлопчыкі», — кажа Ўрбановіч.

Дзяніс Урбановіч
Дзяніс Урбановіч

Маладафронтавец кажа, што ўдзельнічаў раней у ваенных апэрацыях, але гэтая была самай маштабнай, дзе яму давялося быць.

«Беларусы зарэкамэндавалі сябе вельмі добра. Мы былі адзінай групай, якая вярнулася без „двухсотых“, у астатніх, на жаль, па дзьве-тры страты. Усе хлопцы вялікія малайцы».

Расейскія прапагандысцкія тэлеграм-каналы пачалі распаўсюджваць інфармацыю, што імі быў знойдзены труп аднаго з хлопцаў з палку Каліноўскага. Урбановіч кажа, што гэта фэйк.

«Усе на месцы, усе жывыя, якраз нядаўна размаўляў з камандзірам. У палон нікога з нашых ня бралі. Мабыць, такая помста за гэтую апэрацыю. Расейцы проста ўцякалі, мы ўсё гэта чулі па радыёперахопах, яны моцныя толькі ракетамі і артылерыяй. Калі б у нас таксама былі ў палку танкі, то, магчыма, прасунуліся б яшчэ далей».

Дзяніс Урбановіч, пазыўны «Ваўкалак», быў не адзіным маладафронтаўцам, які браў удзел у гэтай апэрацыі. Ён кажа, што таксама ўдзельнічалі Сяргей «Ваяр» Пальчэўскі, Віталь «Вітушка» Трыгубаў, Алег «Альгерд» Аўчыньнікаў«, «Оскар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG