Трэцяга чэрвеня, калі Лукашэнка адкрываў у Менску новую паліклініку, адзін з прапагандыстаў, якія пастаянна суправаджаюць яго ў паездках, нечакана спытаў: а ці здольныя беларускія сілавікі «прымусова вяртаць на радзіму беглых зь ліку тых, каго КДБ уключыў у сьпіс датычных да тэрарызму»?
Лукашэнка ахвотна падхапіў тэму — нібы прысутнічаў на адкрыцьці не мэдычнай установы, а новага корпуса «Амэрыканкі». Маўляў, правядзеньне такіх апэрацый цалкам магчымае, але трэба трохі пачакаць:
«Зараз, напэўна, не да месца, калі ўжо абсалютна шчыра. Настане час — паглядзіш... Ніхто ім не даруе таго, што яны вытвараюць з нашай краінай і нашымі людзьмі. Я ім гэтага дараваць не магу».
Трэба ведаць кухню «журналісцка-прапагандысцкага эскорту», які суправаджае Лукашэнку ў такіх паездках, каб разумець, якім чынам раптам падчас адкрыцьця паліклінікі прагучала такое «нечаканае» пытаньне, датычнае выкраданьня палітэмігрантаў. Адрасаты гэтага «экспромту» — найперш самі «беглыя».
Пагрозы помсты, выкраданьня, прымусовага вывазу ў Беларусь былі адрасаваныя менавіта ім. А для большай пераканаўчасьці праз два дні пасьля гэтых застрашваньняў ва ўсіх тэлеграм-каналах — фатаздымкі разгромленага сілавікамі менскага дома Валера Цапкалы.
Разгромленага дэманстратыўна, узорна-паказальна — з паламанай мэбляй, выбітымі дзьвярыма, разьбітымі шыбамі і прадзіраўленымі водаправоднымі трубамі — так, каб ні ў кога не заставалася ніякага сумневу, што гэта помста, застрашваньне і «чорная метка» для былога паплечніка, які адважыўся замахнуцца на ягоную прыўлашчаную ўладу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пабітыя вокны, зьнішчаная мэбля, пашкоджаныя трубы». Сілавікі разграмілі менскі дом Валера і Веранікі ЦапкалаўКарыкатура з 1974 году
У сярэдзіне 70-х гадоў імя гэтага дыктатара з далёкай лацінаамэрыканскай краіны гучала ў СССР ці не часьцей, чым Брэжнева. Пра злачынствы крывавага дэспата Аўгу́ста Піначэта ва ўсіх падрабязнасьцях ведаў кожны савецкі школьнік.
На мітынгах і палітынфармацыях настаўнікі і агітатары з трымценьнем у голасе расказвалі пра тое, як вайскова-паліцэйскі рэжым хапае на вуліцах і катуе тысячы нявінных людзей, як у канцлягер ператварылі Нацыянальны стадыён у Сант’яга, дзе трупы закатаваных складаюць штабэлямі. Усе ведалі пра лёс музыканта і паэта Віктара Хары — яму піначэтаўскія карнікі зламалі абедзьве рукі, каб ня мог іграць на гітары свае песьні аб свабодзе; катавалі электрычным токам, а потым расстралялі, выпусьціўшы 34 кулі.
У першы ж месяц пасьля захопу ўлады Піначэтам у Чылі арыштавалі амаль траціну ад усіх журналістаў — усіх, у чыёй ляяльнасьці быў хоць які сумнеў. Практычна ўсіх затрыманых катавалі, выбіваючы прызнаньні віны. Сьвет жахнуўся, даведаўшыся пра долю зьніклай 26 верасьня 1973 году журналісткі каталіцкага выданьня Кармэн Марадор. Яе арыштавалі без усялякай віны, «дзеля прафіляктыкі: а раптам вінаватая».
Сем гадзін яна правісела на дыбе. Яе білі, гвалцілі, катавалі голадам. Тушылі цыгарэты аб яе цела. Паламалі ногі. Яна трапіла ў рукі садыстаў у паліцэйскіх мундзірах, якія шалелі ад уласнай беспакаранасьці і ўсёдазволенасьці. Маладую жанчыну здолелі вызваліць сваякі за вялізны хабар і толькі пасьля таго, як гісторыя набыла міжнародны розгалас. Але доўга на свабодзе пасьля ўсяго перанесенага яна ўжо не пражыла.
У адносінах да журналістаў рэжым Піначэта лютаваў асабліва. Нават тыя, каго вызвалілі з засьценкаў, трапілі ў «чорныя сьпісы» і не маглі ня тое што працягваць займацца журналістыкай, а ўвогуле знайсьці хоць якую працу. Колькасьць журналістаў, якія загінулі ў турмах і канцлягерах Піначэта, вагаецца ў межах 2800. І гэта ў краіне, насельніцтва якой толькі ў два разы большае за насельніцтва Беларусі. Многія з арыштаваных тады журналістаў дагэтуль лічацца «зьніклымі бязь вестак».
У 1973-м Аляксандру Лукашэнку было 19 гадоў. Старанны і грамадзка актыўны студэнт другога курсу Магілёўскага пэдінстытуту, напэўна, і сам праводзіў палітынфармацыі пра зьверствы дыктатарскага рэжыму Піначэта. Ці маляваў карыкатуры ў насьценгазэце: тады гэта было вельмі распаўсюджана. Карыкатурны вобраз Піначэта зьяўляўся ледзь ня ў кожным нумары савецкіх газэт і часопісаў і быў усімі пазнавальны. Фуражка з высокім верхам і вялізнай кукардай; генэральскі мундзір, штаны зь лямпасамі, вусы на хцівым драпежным твары... І востры вершаваны надпіс пад карыкатурай — напрыклад, такі, як надрукаваны ў адным з савецкіх часопісаў у 1974 годзе — пра піначэтаўскія суды над палітзьняволенымі, ператвораныя ў фарс:
Мечтая в кулаке зажать народ,
Диктатор Пиночет вершит расправу.
Он грозно возглашает: «Суд идет!»
Но эхом отдается: «Шут идет!» —
Кровавый шут, поправший в Чили право.
...Мы ня ведаем, які сьлед у сьвядомасьці і падсьвядомасьці Лукашэнкі пакінулі тыя падзеі і тыя вобразы, якім водгульлем адклікаюцца цяпер. Але калі я гляджу цяпер на Лукашэнку ў маршальскім мундзіры, у штанах зь лямпасамі, у яўна адмыслова пашытай фуражцы зь непрапарцыйна высокім верхам, я нібы гартаю старыя савецкія карыкатуры на Піначэта ўзору 1974 году. Дарэчы, адна зь іх уражвае нават вонкавым падабенствам твараў пэрсанажаў.
Памяняць толькі назву краіны з Чылі на Беларусь — і не здагадаесься, што намалявана гэта амаль паўстагодзьдзя таму і зусім не на Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка робіць для Масквы ўсё, што ад яго патрабуюць, — аналітык Аркадзь МошэсЯк зьнішчалі асабістых ворагаў дыктатара
Безумоўна, карыкатурныя фуражкі і кукарды — гэта толькі вонкавы антураж. Нашмат важнейшае і значнейшае сутнаснае падабенства гэтых дзьвюх постацяў, адна зь якіх стала сымбалем дзяржаўнага тэрарызму і беззаконьня 50 гадоў таму, а другая становіцца такім жа сымбалем у 20-я гады нашага стагодзьдзя.
Лукашэнка ўпэўнена рухаецца па каляіне, пракладзенай папярэднікам. І цяжка нават сказаць, якую звыклую для дыктатараў зброю з арсэнала Піначэта ён яшчэ ня выкарыстаў. Адвольныя арышты? Шматгадовыя турэмныя тэрміны за ўдзел у мірных дэманстрацыях? Катаваньні ў турмах? Забарона на прафэсію для іншадумцаў? Зьнікненьні палітычных супернікаў? Усё ўжо апрабавана і актыўна выкарыстоўваецца. За выключэньнем «актыўных апэрацый за мяжой» — якраз таго, пра што Лукашэнка загаварыў 3 чэрвеня, адказваючы на загадзя падрыхтаванае пытаньне прыдворнага «журналіста».
«Прымусовае вяртаньне беглых» — гэта збольшага фігура маўленьня, умоўны тэрмін. Як ты іх будзеш прымусова вяртаць: выкрадзеных, зьвязаных, у багажніку пасольскага аўтамабіля? Дужа шмат рызыкі і клопату. Паспрабавалі адзін хітры спосаб з Раманам Пратасевічам — але якая цана такой сумнеўнай здабычы? Закрытае эўрапейскае неба, мільённыя страты і перадсьмяротны стан некалі вельмі пасьпяховай дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія». Ці не задорага за аднаго сумнеўнага ворага, які да таго ж аказаўся не такім ужо і ворагам?
Нашчадкі Дзяржынскага і Берыі прывыклі да іншых «спэцапэрацый супраць беглых». Інструмэнтарый тут разнастайны, але мэта пераважна адна: ледарубам у плечы — як Троцкага ў Мэксыцы; шпрыцам з цыяністым каліем — як Бандэру ў Мюнхэне; палёніем у гарбаце — як Літвіненку ў Лёндане.
У беларускіх спэцслужбаў з гучнымі посьпехамі такога «прымусовага вяртаньня» больш складана. Хоць хто ведае, чыімі рукамі было ўчынена забойства ў Кіеве даўняга і зацятага ворага Лукашэнкі Паўла Шарамета ў ліпені 2016 году і хто накінуў пятлю на шыю кіраўніка «Беларускага дома ў Кіеве» Віталя Шышова ў жніўні 2021-га?
У кожным разе, калі цяпер урады розных усходнеэўрапейскіх краін адзін за адным ускладняюць працэдуру выдачы візаў для грамадзян Беларусі, гэта не выглядае як празьмерная перастрахоўка. Тое, што агенты лукашэнкаўскіх спэцслужбаў будуць накіроўвацца ў Вільню, Варшаву і Кіеў для «правядзеньня спэцыяльных апэрацый» супраць палітычных ворагаў Лукашэнкі, не выклікае ніякага сумневу.
У Чылі пэрыяду Піначэта таксама вырашалі «праблему беглых». Усяго ў вымушанае выгнаньне выправіліся каля мільёна чылійцаў, так што разгарнуцца агентам рэжыму было дзе. Але найбольш турбавалі дыктатара «асабістыя ворагі» — тыя, хто заклікаў да эканамічных санкцый і не спыняў палітычнай барацьбы з рэжымам.
Для перасьледу палітычных праціўнікаў Піначэта была створана адмысловая палітычная паліцыя — Управа нацыянальнай выведкі (ДІНА), якую ў краіне называлі «чылійскім гестапа». Адной зь яе задач было фізычнае зьнішчэньне апазыцыянэраў за мяжой. Найбольш гучныя «дасягненьні» ДІНА — забойства ў Буэнас-Айрэсе ў 1974 годзе апальнага генэрала Карляса Пратса з жонкай, а ў 1976 годзе ў Вашынгтоне — былога міністра абароны Арлянда Летэльера. У абодвух выпадках кілеры падклалі выбухоўку пад аўтамабілі і потым узарвалі іх з дапамогай радыёперадатчыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маленькія фюрэры вялікай вайны. Які лёс напаткаў памагатых Гітлера, якія ўзначальвалі невялікія ўсходнеэўрапейскія краіны«З прычыны старэчай прыдуркаватасьці»
Што было потым? А потым прыйшла старасьць, дыктатура спарахнела і развалілася. На працягу апошняга дзесяцігодзьдзя свайго зямнога жыцьця аслабелы і хворы Піначэт будзе змагацца за тое, каб ня трапіць у турму. Тытул «пажыцьцёвага сэнатара» яму не дапамог. У 2000 годзе яго пазбавілі сэнатарскай недатыкальнасьці і распачалі крымінальны перасьлед больш як па 100 эпізодах — забойствы, катаваньні, выкраданьні людзей. Праз год адвакаты дамагліся для яго вызваленьня ад адказнасьці — але на вельмі ганебнай падставе: «з прычыны старэчай прыдуркаватасьці». Пазьней і гэтае рашэньне было перагледжана. Прагучалі новыя абвінавачаньні, былі заведзены новыя справы. І ўжо да канца сваіх дзён Піначэт заставаўся пад пагрозай арышту.
Адзін зь яго найбліжэйшых паплечнікаў, які кіраваў «ліквідацыяй ворагаў за мяжой», — кіраўнік спэцслужбы ДІНА Мануэль Кантрэрас — быў асуджаны па сукупнасьці злачынстваў на 289 гадоў зьняволеньня і скончыў свае дні ў турме.
У зэніце свайго дыктатарскага рэжыму Піначэт з выхваляньнем абгрунтоўваў прагу да рэпрэсій: «Дэмакратыю неабходна час ад часу купаць у крыві, каб яна засталася дэмакратыяй». Незадоўга да сьмерці, спрабуючы абгрунтаваць злачынствы, апраўдваўся: «Было неабходна дзейнічаць з максымальнай суровасьцю, каб пазьбегнуць эскаляцыі канфлікту», і наракаў на лёс: «Маім лёсам сталі выгнаньне і адзінота — тое, чаго я ніколі не ўяўляў і меней за ўсё хацеў».
Калі 10 сьнежня 2006 году ён сканаў пасьля цяжкога інсульту, па ўсёй Чылі стыхійна пачаліся масавыя сьвяткаваньні і гуляньні. Ад нацыянальнай жалобы і дзяржаўнага пахаваньня (традыцыйных для былых кіраўнікоў дзяржавы) у выпадку зь Піначэтам вырашана было адмовіцца. Дзе пахаваны прах дыктатара, невядома. Сваякі не захацелі мець ягоную магілу на публічных могілках, асьцерагаючыся помсты і нянавісьці тых соцень тысяч чылійцаў і іхных сем’яў, чый лёс быў паламаны ў крывавых жорнах дыктатуры.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.