Жорсткія баі за Севераданецк, зьнішчаны збожжавы тэрмінал у Мікалаеве. 104-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі на перадавой у Лісічанску Луганскай вобласьці, 5 чэрвеня 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расейцы зьнішчылі другі па велічыні збожжавы тэрмінал ва Ўкраіне, разьмешчаны ў Мікалаеве.
  • РПЦ падпарадкавала сабе прыходы Ўкраінскай праваслаўнай царквы ў Крыме. Біскупы УПЦ у Крыме зьвярнуліся з просьбай прыняць іх у патрыярхат пасьля таго, як УПЦ заявіла аб незалежнасьці ад РПЦ.
  • Украіна заявіла пра 10 адбітых расейскіх атак на Данбасе.
  • Расея перадала Ўкраіне 160 целаў загінулых абаронцаў Марыюпалю. Іх абмянялі на целы забітых расейскіх салдат.
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што рызыкі паўторнага ўварваньня расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі мінімальныя.
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў фронт на Данбасе.
  • Пуцін падпісаў указ аб выплаце 5 мільёнаў рублёў сем’ям расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне.
  • У Херсонскай вобласьці, паводле дадзеных украінскага Генштабу, расейцы замінавалі бераг ракі Інгулец.
  • У Данецкай вобласьці з прычыны расейскага наступу згарэў Усіхсьвяцкі скіт у Сьвятагорскай лаўры, найбуйнейшы драўляны храм Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пасьля расейскай акупацыі Ірпяня выглядае школа, у якой вывучалі беларускую мову, і што гаворыць дырэктарка пра беларусаў. ФОТА


Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 7 чэрвеня

Зяленскі: вайна не павінна скончыцца «патам»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што зараз украінскае войска ня можа перайсьці ў наступ, бо па-ранейшаму саступае расейскаму войску ў баявой тэхніцы.

«Мы панясем вялікія страты, а людзі — мой прыярытэт», — сказаў Зяленскі на онлайн-канфэрэнцыі газэты Financial Times.

Пры гэтым прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ня згодны на тое, каб цяперашняя вайна завяршылася «патам», калі бакі засталіся б на тых пазыцыях, якія яны займаюць цяпер. Зяленскі лічыць, што «перамога павінна быць дасягнутая на полі бою», прычым прамежкавай перамогай ён будзе лічыць вывад расейскіх войскаў на пазыцыі да 24 лютага, а канчатковай — «поўны сувэрэнітэт на ўсёй тэрыторыі». Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што гатовы да перамоваў, але толькі асабіста з Уладзімірам Пуціным.

Жорсткія баі ў Севераданецку

Амэрыканскі інстытут ваенных дасьледаваньняў (ISW) паведаміў, што ў аналітыкаў няма аднадушнай ацэнкі кантролю ў Севераданецку, але яны пагаджаюцца, што ў горадзе ідуць жорсткія баі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самы гарачы пункт расейска-ўкраінскай вайны — у Севераданецку, дзе ідуць вулічныя баі. ФОТА

Украінскія войскі адбілі наступ на населеныя пункты пад Бахмутам

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейскія вайскоўцы сканцэнтравалі свае намаганьні на Севераданецкім і Бахмуцкім напрамках.

«Праціўнік працягвае штурм гораду Севераданецку, баі працягваюцца. Нашы воіны наносяць ворагу страты. На Бахмуцкім напрамку ўкраінскія войскі пасьпяхова супрацьстаялі і адбілі наступ праціўніка на напрамках населеных пунктаў Нагорнае, Берастаў, Крынічнае і Рота Бахмуцкага раёну»,— гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы зьнішчылі збожжавы тэрмінал ва Ўкраіне. ЗША вядуць перамовы, каб зьняць расейскую блякаду партоў

ВМС Украіны адціснулі расейскі флёт на 100 км ад украінскага ўзьбярэжжа

ISW са спасылкай на ВМС Украіны паведамляе, што Ўкраіне ўдалося адціснуць Чарнаморскі флёт Расеі больш як на 100 км, каб зьнізіць ціск Расеі на паўднёвыя парты Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўторны наступ з боку Беларусі магчымы і можа пачацца хутка, — былы намесьнік камандуючага сіламі спэцапэрацый Украіны

Украіна заявіла пра 10 адбітых расейскіх атак на Данбасе

Аб’яднаныя сілы Ўкраіны на Данбасе паведамілі, што за дзень на Данецкім і Луганскім напрамках украінскія вайскоўцы адбілі дзесяць атак расейскай арміі, а ў двух месцах баі працягваюцца.

«За мінулыя суткі абʼяднанымі сіламі зьнішчаны адзін танк, тры артылерыйскія сыстэмы, дзьве баявыя браняваныя машыны, адзін аўтамабіль і два склады боепрыпасаў. Падразьдзяленьні СПА зьбілі ў небе ўкраінскага Данбаса два бесьпілётныя лятальныя комплексы Арлан-10»,— гаворыцца ў паведамленьні.

Пра страты ў тэхніцы расейскі бок не паведамляе. Паводле зьвестак штаба, 6 чэрвеня расійскія вайскоўцы абстралялі больш за 20 населеных пунктаў на Данбасе, загінулі двое мірных жыхароў і 12 атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Украіна не гатовая разглядаць экспарт збожжа празь Беларусь

Ва Ўкраіне расказалі, на якой тэрыторыі Ўкраіны трэба абясшкодзіць міны

«Паводле папярэдніх ацэнак, агульная плошча, якая патрабуе абясшкоджаньня мін, можа складаць каля 270 тысяч квадратных кілямэтраў, а гэта амаль палова тэрыторыі Ўкраіны», — сказала на брыфінгу сьпікер Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Алёна Мацьвеева. Прадстаўніца МУС Украіны дадала, што найбольш пры разьмінаваньні знаходзяць міны, забароненыя для выкарыстаньня міжнародным правам.

Зяленскі наведаў фронт на Данбасе

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў камандныя пункты і перадавыя пазыцыі ўкраінскіх войскаў у раёне Бахмуту Данецкай вобласьці і Лісічанску Луганскай вобласьці, дзе апошнія некалькі тыдняў адбываюцца найбольш жорсткія баі з расейскай арміяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі наведаў найбольш гарачыя ваенныя пункты на Данбасе: Бахмут, Лісічанск і Саледар. ФОТА

На Слабажанскім кірунку расейцы будуюць пантонна-рэйкавыя пераправы

Зводка ўкраінскага Генштабу кажа, што на Слабажанскім кірунку «праціўнік працягвае агонь па падразьдзяленьнях сіл абароны з артылерыі, рэактыўных сыстэм, мінамётаў і танкаў. У мэтах падтрымкі наступу праціўнік інтэнсіўна аднаўляе транспартную інфраструктуру і будуе пантонна-рэйкавыя пераправы цераз рэкі на часова акупаваных тэрыторыях».

З боку Беларусі, як пішуць у Генштабе, істотных зьменаў няма. Расейскія ўзбраеньні застаюцца на пазыцыях уздоўж мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, колькі чачэнцаў паслалі ваяваць супраць Украіны

Працягваюцца баі на Данбасе

Адным з гарачых пунктаў у расейскай вайне на Данбасе стаў Бахмут: тут расейскія войскі прасунуліся ў раней кантраляваныя Кіевам раёны так званай Сьветладарскай дугі і наблізіліся да гораду.

Украінскія войскі адбіваюць атакі расейскіх войскаў і спрабуюць дамагчыся кантролю на пануючых вышынях для магчымых манэўраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РПЦ падпарадкавала сабе прыходы Ўкраінскай праваслаўнай царквы ў Крыме

Што адбываецца ў Расеі

Пуцін падпісаў указ аб выплаце пяці мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб выплаце па пяці мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі.

Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».

Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулых і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўвяла санкцыі супраць 61 грамадзяніна ЗША. У сьпісе — міністаркі, дарадцы Байдэна і кіраўнікі буйных кампаніяў

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы: збожжа з Украіны ня можа транспартавацца празь Беларусь

Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны

«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад міністраў да прапагандыстаў. Стала вядома, якія санкцыі супраць Беларусі і яе прадстаўнікоў прапануе Ўкраіна

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Як рэагуе сьвет

Швэцыя перадасьць Украіне зброю

Швэцыя прадаставіць Украіне супрацьпяхотныя снайпэрскія вінтоўкі AG 90 і боепрыпасы, а таксама дадатковыя 5000 швэдзкіх супрацьтанкавых гармат AT4, паведамляе Army Recognition.

Швэцыя таксама мае намер унесьці 60 млн швэдзкіх крон (6,14 млн даляраў) у фонд, створаны NATO для падтрымкі Ўзброеных сіл Украіны.

Раней Швэцыя пералічыла каля 48 мільёнаў эўра на спэцыяльны рахунак Нацбанку Ўкраіны для Ўзброеных сіл і зьбіраецца ўнесьці ў гэты фонд дадатковыя 55 млн эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі 32 журналісты

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за напад на Ўкраіну

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.

Кампаніі Hewlett Packard і Karmstrup пакідаюць Беларусь і Расею за вайну супраць Украіны

Hewlett Packard Enterprise заявіла, што канчаткова выходзіць зь Беларусі і Расеі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Таксама пакідае рынак дзьвюх краін дацкая кампанія Karmstrup, што спэцыялізуецца на інтэлектуальным уліку вады і электраэнэргіі. Яна робіць лічыльнікі.

Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем

Міністэрства эканомікі Тайваня падрыхтавала сьпіс стратэгічных высокатэхналягічных тавараў, якія забаронены да экспарту ў Расею і Беларусь. Беларусь уключана ў сьпіс, бо яна можа дапамагчы Расеі імпартаваць такія тавары.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.