Пра гэта ў камэнтары Радыё Свабода заявіў украінскі генэрал, былы намесьнік камандуючага сіламі спэцыяльных апэрацыяў Украіны (2016-2019 гады) Сяргей Крыванос.
«Галоўная задача расейцаў — прымушаць нас расьцягваць сілы і сродкі, якія ў нас ёсьць, па ўсёй тэрыторыі Украіны. Цяпер яны маюць выдатную магчымасьць перасоўваць войскі ўздоўж нашых межаў. Апошнія 15-20 гадоў расейцы працавалі над гэтымі пытаньнямі на ўсіх штогадовых вучэньнях, таму нават калі цяпер невялікія войскі стаяць у Беларусі, праз два дні іх можа быць ужо значна больш. Яны ўмеюць гэта рабіць прафэсійна», — сказаў генэрал Крыванос.
Сёньня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што аналітыкі пакуль не бачаць рэальных рызыкаў паўторнага ўварваньня ва Ўкраіну з боку Беларусі.
30 траўня ўлады Беларусі абвясьцілі, што з 22 чэрвеня па 1 ліпеня ў Гомельскай вобласьці пройдуць плянавыя мабілізацыйныя вучэньні з ваеннымі камісарыятамі і арганізацыямі Ўзброеных сілаў Беларусі, якія дыслякуюцца ў рэгіёне.
Па стане на канец траўня ў Міністэрстве абароны Ўкраіны адзначылі, што пагроза ракетных удараў па тэрыторыі Беларусі застаецца актуальнай.