Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі 32 журналісты


Журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода Вера Гірыч
Журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода Вера Гірыч

32 журналісты загінулі ва Ўкраіне з пачатку ўварваньня расейскіх войскаў. Пра гэта паведаміў у панядзелак міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка.

6 чэрвеня ва Ўкраіне адзначаецца Дзень журналіста. Зьвяртаючыся да сваіх падпісчыкаў у Тэлеграме, міністар адзначыў, што журналісты, якія працуюць зараз у баявых умовах, ваююць «на перадавой інфармацыйнага фронту».

«За 4 месяцы поўнамаштабнай вайны мы страцілі 32 калегаў, за апошнія восем гадоў — яшчэ больш. Вы героі. Ваша роля, ваша адвага і адданасьць сваёй справе недаацэненыя», — піша Ткачэнка.

30 траўня пад Севераданецкам загінуў журналіст францускай мэдыякампаніі BFMTV Фрэдэрык Леклер-Імхаф. Ён здымаў рэпартаж пра эвакуацыю мірных жыхароў з Луганскай вобласьці і трапіў пад абстрэл разам з эвакуацыйным аўтобусам.

29 красавіка ў Кіеве ў выніку расейскага абстрэлу загінула журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода Вера Гірыч: у яе дом трапіла ракета. Таксама пад абстрэламі ў Кіеве 23 красавіка загінула расейская журналістка Аксана Бауліна, якая выконвала рэдакцыйнае заданьне The Insider.

13 сакавіка ў раёне вёскі Гута Межыгорская пад Кіевам зьнік бязь вестак фотакарэспандэнт Макс Левін; яго цела знайшлі толькі на пачатку красавіка. Многія журналісты былі параненыя, затрыманыя, зазналі жорсткае абыходжаньне.

Літоўскі дакумэнталіст Мантас Кведаравічус, які зьняў у 2016 годзе фільм «Марыюпаліс», загінуў 2 красавіка пры спробе пакінуць Марыюпаль, дзе ён здымаў новы дакумэнтальны фільм — ужо пра вайну. Дакладныя абставіны яго сьмерці да гэтага часу незразумелыя. Паводле шэрагу сьцьвярджэньняў, яго застрэлілі расейскія вайскоўцы.

Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», якая вядзе лік ахвярам і пацярпелым сярод журналістаў, ужо падала некалькі пазоваў у Міжнародны крымінальны суд з патрабаваньнем унесьці гібель журналістаў на вайне Расеі супраць Украіны ў сьпіс ваенных злачынстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG