Ракетны ўдар па Львоўскай вобласьці, баі за Севераданецк. 99-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Украінскія вайскоўцы на Данбасе

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты.
  • Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак паведаміў, што за час вайны Ўкраіна страціла ўжо звыш 200 заводаў.
  • З ночы адбываюцца баі за Севераданецк Луганскай вобласьці, расейцы захапілі 80 працэнтаў гораду.
  • Пасьля ракетнага абстрэлу Львоўскай вобласьці пяць чалавек атрымалі раненьні.
  • Славаччына паставіць Украіне самаходныя гаўбіцы Zuzana 2, а Вялікая Брытанія — ракетныя сыстэмы M270 DW.
  • Эўразьвяз узгадніў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн афіцыйна абвясьціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне.
  • Украінскія войскі вядуць атакі ў Херсонскай вобласьці, вызвалілі некалькі вёсак.
  • Украіна правяла пасьпяховую контратаку на поўдзень ад Крывога Рога, сьцьвярджае начальнік вайсковай адміністрацыі гораду Аляксандар Вілкул.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 2 чэрвеня

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

Пра рашэньне паведаміў брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты. Патрыярха Кірыла вывелі са сьпісу

Зяленскі: Расея кантралюе пятую частку ўкраінскай тэрыторыі

«Расейскія войскі зайшлі ў 3620 населеных пунктаў Украіны, 1017 зь іх ужо ўдалося вызваліць, 2603 яшчэ мусім вызваліць. На сёньня пад кантролем акупантаў знаходзіцца блізу 20 адсоткаў нашай тэрыторыі, амаль 125 тысяч квадратных кілямэтраў», — сказаў Уладзімір Зяленскі 2 чэрвеня ў сваім відэазвароце да парлямэнту Люксэмбургу.

Украінскі прэзыдэнт нагадаў, што ў 2014 годзе Расея акупавала Крым і траціну Данбасу. «Тады Расея кантралявала больш за 43 тысячы квадратных кілямэтраў тэрыторыі Ўкраіны. Гэтая плошча супастаўная, напрыклад з плошчай Нідэрляндаў», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая дэпутатка з Нарвэгіі ваюе за Ўкраіну. Вось яе гісторыя

У акваторыі Азоўскага мора ў Марыюпалі мор рыбы

Дарадца марыюпальскага мэра Пятро Андрушчанка заявіў, што ў Прыазоўі пачаўся нехарактэрны для цяперашняй пары году мор рыбы.

«Эпідэмія ўжо ня проста пагроза, а рэальнасьць», — напісаў Пятро Андрушчанка ў сваім ТГ-канале і абнародаваў фатаздымкі зь мёртвымі дэльфінамі.

«У акваторыі марыюпальцы фіксуюць пачатак мору рыбы. У прыватнасьці, дэльфінаў. Такія зьявы характэрныя для Азову ў пэрыяд анамальнай сьпёкі. З улікам тэмпэратуры і сэзону пачатак мору рыбы можа сьведчыць толькі пра наяўнасьць хваробы ў марской вадзе», — дадаў Пятро Андрушчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў, якую частку тэрыторыі Ўкраіны кантралюе Расея і колькі населеных пунктаў вызваленыя ад яе войскаў

Украіна ўмацоўвае ахову свайго ўчастку мяжы зь Беларусьсю, а Беларусь — свайго. Тлумачаць пагрозай правакацыяў

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што беларускія ўзброеныя сілы працягваюць узмацняць ахову мяжы Беларусі з Украінай і тлумачаць гэта нібыта заплянаванымі правакацыямі з украінскага боку.

«Мы трымаем гэта на кантролі, як і анансаваныя вучэньні, якія яны (у Беларусі) плянуюць правесьці. Адзначу, што мы гэты кірунак узмацнілі як сіламі Дзяржаўнай памежнай службы, так і іншымі складнікамі сэктару бясьпекі і абароны. Робім усё неабходнае, каб узмацніць як мяжу з Расеяй, так і зь Беларусьсю, каб не дапусьціць якіх-небудзь далейшых правакацый або спробы ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны з гэтых кірункаў», — сказаў Андрэй Дземчанка 2 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

Кіеў: Украіна страціла ў вайну ўжо больш за 200 заводаў

Пра велізарныя маштабы стратаў заявіў у відэазвароце да камітэту замежных спраў і абароны ірляндзкага парлямэнту кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

Вайна забрала 35% валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Украіны. Паводле Ермака, Украіна страціла ўжо больш за 200 заводаў, а непасрэдныя страты ад вайны ўжо перавышаюць 600 мільярдаў даляраў.

Урад ужо працуе над плянам аднаўленьня «U24». Рэканструкцыя Ўкраіны будзе грунтавацца на двух прынцыпах: рэгіянальным і парамэтральным. Рэгіянальным прынцыпам будзе дапамога партнэрам у аднаўленьні рэгіёну, гораду або супольнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Украіна страціла ў вайну ўжо больш за 200 заводаў

Баі за Севераданецк

Усю ноч працягваліся баі за Севераданецк Луганскай вобласьці.

«У Севераданецку працягваецца супраціў, працягваюцца баі. Мы бачылі, якія вялікія сілы Расея прыцягнула да Севераданецку. Яны падышлі да гораду, пачаліся вялікія баі, яны ўвайшлі ў сам горад. Баі там працягваюцца, але нашы сілы не здаюцца», — сказаў кіраўнік цэнтру вайскова-прававых дасьледаваньняў Аляксандар Мусіенка ў этэры ўкраінскага тэлемаратону, інфармуе ТСН.

Ён дадаў, што ранкам сытуацыя стане зразумелай, тады можа вызначыцца, у чыіх руках апынецца горад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн афіцыйна абвясьціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне

Расейскія войскі акупавалі 80% Севераданецку на Луганшчыне


Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што расейскія войскі ўзялі пад кантроль ужо амаль 80% Севераданецку, які з 2014 году выконвае функцыі абласнога цэнтру Луганскай вобласьці.

«Працягваюцца вулічныя баі, На некаторых вуліцах нашы абаронцы маюць посьпех, правялі пробныя контратакі, узялі ў палон шасьцярых рашыстаў. Чакаем зьвестак, якія могуць дапамагчы адбіць оркаў за межы гораду», — паведаміў Сяргей Гайдай у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Паводле яго, Лісічанск, яшчэ адзін вялікі горад у вобласьці, цалкам кантралююць украінскія войскі.

У Херсонскай вобласьці сытуацыя стабільна цяжкая

Кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Генадзь Лагута паведаміў, што ўкраінскія войскі вызвалілі ад расейцаў дзьве тэрытарыяльныя грамады — Качубееўскую і Новаваранцоўскую. Але сытуацыя ў рэгіёне застаецца «стабільна цяжкою», няма сувязі з большасьцю населеных пунктаў, адсутнічае мабільная сувязь, праблемы зь лекамі, палівам і прадуктамі харчаваньня. У выніку абстрэлаў у многіх паселішчах зруйнаваныя будынкі і камунальныя сеткі. Ёсьць праблемы з выплатай пэнсій і сацыяльнай дапамогі.

Ракетны ўдар па Львоўскай вобласьці

У выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па Львоўскай вобласьці пяць чалавек атрымалі раненьні. Пра гэта паведаміў кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі. Паводле яго, стан параненых лекары ацэньваюць як лёгкі або сярэдняй цяжкасьці.

Расейцы выпусьцілі ракету па транспартнай інфраструктуры.

Апошнія выбухі ў Львоўскай вобласьці прагучалі ў ноч на 17 траўня. Тады расейскія войскі абстралялі чыгуначны аб’ект у Наваявараўскай грамадзе.

Што адбываецца ў Расеі

Газпром пацьвердзіў спыненьне паставак расейскага газу ў Данію

Таксама зь першага чэрвеня кампанія спыняе пастаўкі для Shell Energy Europe у Нямеччыну з прычыны адмовы плаціць за паліва ў рублях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем. Чаму гэта важна?

Прыхаваная мабілізацыя ў Расеі

У Благавешчанску Амурскай вобласьці ў паштовыя скрыні пачалі раскладаць улёткі з рэклямай кантрактнай службы, а на вуліцах расклейваць аб’явы, паведамляе выданьне «Сота».

Тым, хто запісаўся на кантрактную службу, прапануюць «грашовае забесьпячэньне ў памеры ад 40 тысяч рублёў» (каля $600 па афіцыйным курсе), «бясплатны праезд», «магчымасьць набыць уласнае жытло» і «атрымаць вышэйшую адукацыю».

Расавіяцыя падоўжыла забарону на палёты ў 11 аэрапортаў РФ

Расавіяцыя падоўжыла рэжым часовага абмежаваньня палётаў у 11 аэрапортаў Расеі да 6 чэрвеня 2022 году. Гэта тычыцца Анапы, Белгараду, Бранску, Варонежа, Геленджыку, Краснадару, Курску, Ліпецку, Растова-на-Доне, Сімферопаля і Элісты. Авіякампаніям рэкамэндавана арганізаваць перавозку пасажыраў па альтэрнатыўных маршрутах, выкарыстоўваючы аэрапорты Сочы, Валгаграду, Мінэральных Водаў, Стаўрапалю і Масквы.

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве сьцьвярджаюць, што Расея спрабуе закінуць ва Ўкраіну дывэрсантаў з тэрыторыі Беларусі і вядзе выведку

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: беларускія войскі заміноўваюць памежную з Польшчай і Ўкраінай тэрыторыю Беларусі

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адправіла ў Беларусь эшалён асьвячоных самаходных гаўбіц «Акацыя»

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Славаччына паставіць Украіне самаходныя гаўбіцы Zuzana 2, а Вялікая Брытанія — ракетныя сыстэмы M270 DW

Пагадненьне аб камэрцыйным кантракце на пастаўку васьмі гаўбіц падпісала дзяржаўнае прадпрыемства Славаччыны.

Zuzana 2 — мадэрнізаваная вэрсія самаходнай артылерыйскай устаноўкі. Яна выкарыстоўвае 155-мм снарады і мае эфэктыўную далёкасьць стральбы каля 40 км, а са спэцыяльным боепрыпасам — звыш 50 км.

Лёндан мае намер паставіць Кіеву ракетныя сыстэмы M270 MLRS вытворчасьці ЗША. Яны падобныя па характарыстыках да РСЗА HIMARS, якія мае намер накіраваць Украіне Вашынгтон. HIMARS — лягчэйшая вэрсія, якая перасоўваецца на колавым шасі з хуткасьцю больш як 80 км/г. Пры яе выкарыстаньні ўкраінцы маюць магчымасьць адкрыць агонь і схавацца да таго, як расейскія бесьпілётнікі змогуць іх выявіць, тлумачыць выданьне Politico.

M270 MLRS перасоўваецца на гусеніцах, гэта значыць, яна павальнейшая за HIMARS. Але пры гэтым HIMARS можа адначасова запускаць шэсьць ракет, а M270 MLRS — дванаццаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты. Патрыярха Кірыла вывелі са сьпісу

ЗША афіцыйна абвясьцілі пра новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне, які ўключае ў сябе РСЗА

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў пра новы пакет дапамогі ў галіне бясьпекі для Ўкраіны, які ўключае ў сябе перадавыя рэактыўныя сыстэмы залпавага агню. Пра гэта на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з генсакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд ЭЗ адхіліў скаргу «кухара Пуціна». Ён застанецца пад санкцыямі

Урад Нямеччыны прыняў рашэньне аб пастаўцы ва Ўкраіну СПА IRIS-T SL

Пра гэта абвясьціў канцлер ФРГ Оляф Шольц. «Урад вырашыў паставіць сыстэмы IRIS-T — гэта самая сучасная сыстэма супрацьпаветранай абароны з тых, якія мае ФРГ», — сказаў Шольц. Пра тое, што Бэрлін разважае над такім рашэньнем, у сярэдзіне траўня пісалі Reuters і Bild. Па дадзеных Bild, гэтыя комплексы здольныя эфэктыўна паражаць паветраныя цэлі ў зоне радыюсам 40 км і вышынёй 20 км.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адрэагавала на ініцыятыву ААН скасаваць санкцыі супраць беларускага калію ў абмен на транзыт украінскага збожжа

Макрон: да канца году ЭЗ павінен скараціць закупкі расейскай нафты на 92%

Да канца 2022 году Эўразьвяз павінен скараціць закупкі расейскай нафты на 92%, заявіў 31 траўня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Газасховішчы ЭЗ цяпер запоўненыя на 41% — гэта на 4% больш, чым 31 траўня мінулага году, паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэле заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне

Сябры OPEC вывучаюць магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Расеі ва ўгодзе аб здабычы

Чальцы Арганізацыі краін — экспартэраў нафты (OPEC) вывучаюць магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Расеі ў пагадненьні аб здабычы з прычыны ўведзеных санкцый ЭЗ і эмбарга. Яны лічаць, што здольнасьць Расеі здабываць паліва падарваная і сёлета можа скараціцца на 8%. Краіны OPEC і дзяржавы, якія не ўваходзяць у картэль, дамовіліся каардынаваць здабычу нафты і скараціць яе аб’ёмы для падтрыманьня цаны на сыравіну ў сакавіку 2020 году.

Калі ўдзел Расеі ў пагадненьні будзе прыпынены, вытворцы нафты змогуць нарасьціць здабычу і зьнізіць на яе цэны. Дзякуючы такому кроку зьнізяцца цэны на бэнзін і дызэль, а Масква будзе атрымліваць меншы прыбытак.

Нарвэгія прыме 550 параненых украінскіх вайскоўцаў на лячэньне

У паведамленьні на сайце ўраду ўдакладняецца, што ў Нарвэгіі няма досьведу эвакуацыі параненых салдат падчас ваеннага канфлікту, які працягваецца, але ёсьць «моцнае прафэсійнае асяродзьдзе» ў шпіталях.

Амэрыканская сьпявачка Білі Айліш пацалавала ўкраінскі сьцяг на канцэрце ў Нямеччыне

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.