Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ЭЗ адхіліў скаргу «кухара Пуціна». Ён застанецца пад санкцыямі


Яўген Прыгожын мае права падаць апэляцыю ў вышэйшую інстанцыю
Яўген Прыгожын мае права падаць апэляцыю ў вышэйшую інстанцыю

Эўрапейскі суд у Люксэмбургу адхіліў скаргу расейскага бізнэсоўца Яўгена Прыгожына, вядомага як «кухар Пуціна», на ўнясеньне яго ў санкцыйны сьпіс, перадае карэспандэнт Радыё Свабода.

Згодна з пастановай суду, якую мае ў сваім распараджэньні Радыё Свабода, Прыгожын, які ў кастрычніку 2020 году быў уключаны ў санкцыйны сьпіс у сувязі з магчымымі сувязямі з так званай «Прыватнай вайсковай кампаніяй Вагнер», што дзейнічала ў Лібіі, абскардзіў такія дзеяньні, сьцьвярджаючы, што яны парушаюць яго правы, а сваю сувязь з «ПВК Вагнер» назваў недаказанай.

Згодна з дакумэнтам, доказы, на падставе якіх было ўхваленае рашэньне аб санкцыях, грунтаваліся на зьвестках з справаздач генэральнага сакратара ААН і шматлікіх паведамленьнях прэсы, якія пазоўнік ня змог абвергнуць. Сярод іх былі «падрабязныя, дакладныя і пасьлядоўныя доказы шматлікіх сувязяў паміж спадаром Прыгожыным і групай Вагнера».

Прыгожын мае права падаць апэляцыю ў вышэйшую інстанцыю.

Шматлікія журналісцкія расьсьледаваньні, у тым ліку Радыё Свабода, дэманстравалі сувязь людзей з атачэньня Прыгожына і яго самога зь дзейнасьцю Вагнера ў Сырыі, Лібіі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і іншых афрыканскіх краінах.

Прыгожын, вядомы як «кухар Пуціна» (частка яго бізнэсу зьвязаная з арганізацыяй паставак харчаваньня), таксама ўнесены ў санкцыйны сьпіс ЗША, дзе супраць яго заведзеная крымінальная справа паводле абвінавачаньня ва ўмяшаньні ў выбары 2016 году.

Некалькі расейскіх мільярдэраў аспрэчылі санкцыі супраць іх у судзе ЭЗ

Некалькі расейскіх мільярдэраў аспрэчылі ўведзеныя супраць іх санкцыі Эўразьвязу ў судзе ЭЗ у Люксэмбургу. Пазовы да Рады Эўропы падалі Раман Абрамовіч, Пётар Авэн і Міхаіл Фрыдман, як стала вядома журналістам 30 і 31 траўня.

Суд зарэгістраваў пазоў Авэна 23 траўня, а Фрыдмана — 24-га. 25 траўня суд зарэгістраваў пазоў Абрамовіча. Раней да разгляду былі прынятыя скаргі Аляксея Мардашова і Алішэра Ўсманава.

Санкцыі супраць расейскіх мільярдэраў былі ўведзеныя Эўразьвязам, Брытаніяй, ЗША і некалькімі іншымі краінамі пасьля збройнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Улады палічылі, што расейскія мільярдэры ўзбагачаюцца за кошт блізкасьці да дзяржавы.

Улады многіх краін ЭЗ і многія кангрэсмэны ў ЗША прапануюць забраць актывы мільярдэраў і накіраваць іх на дапамогу Ўкраіне. Цяпер заканадаўства рабіць гэтага не дазваляе. Чыноўнікі ЭЗ заяўлялі, што плянуюць шукаць юрыдычныя магчымасьці для такога рашэньня.

Усе мільярдэры, якія падалі ў суд, адмаўляюць блізкасьць да Крамля і настойваюць, што не ўплываюць на палітычныя рашэньні Пуціна. Санкцыі супраць сябе яны называлі несправядлівымі і заяўлялі, што замарожваньне актываў можа нэгатыўна адбіцца ня толькі на іх, але і на дзясятках тысяч працаўнікоў іх прадпрыемстваў, у тым ліку ў ЗША і Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG