Якія магчымасьці для адпачынку беларусаў мы знайшлі:
- Турэччына для сям’і з 2 дзецьмі на месяц: каля 3 000 даляраў за жытло і дарогу.
- Падарожжа на яхце на траіх каля берагоў Турэччыны: 450 эўра за каюту на тыдзень (бязь ежы).
- Аграсядзіба ў Беларусі ў вясковай хаце: 150 рублёў за дом у дзень, вячэра — 10 рублёў, сьвяточны пачастунак — 75–100 рублёў на чалавека.
- Грузія праз турфірму: 790 даляраў за 10 дзён (без авіяквіткоў).
- Тур у Гішпанію праз Францыю: 570 эўра за 14 дзён.
- «Усё ўключана» ў Эгіпце: ад 600 даляраў за 8–9 начэй.
- Зьезьдзіць у Маскву, каб атрымаць візу ў Эўропу: 80 эўра + 200 беларускіх рублёў.
«Пытаньне бясьпекі ня ў тым, каб пакінуць краіну, а ў тым, каб вярнуцца»
Андрэй кажа, што ўжо тры гады ня быў за мяжой. Спачатку праз пандэмію ня мог выехаць. Цяпер асьцерагаецца, што па вяртаньні з-за мяжы будуць праблемы.
«Я хацеў бы ў Італію. Ня супраць Чэхіі і Польшчы. Фактар, які спыняе, — вяртаньне на радзіму. Бо пытаньне бясьпекі ня ў тым, каб пакінуць краіну , а каб вярнуцца. Існуюць жа сьпісы хай не тэрарыстаў-экстрэмістаў, дык актывістаў, якія, як я, неаднаразова пападаліся за акцыі пратэсту. Паеду ў тую ж Польшчу, а па вяртаньні на мяжы будуць праблемы. Мінімум — паглыблены надгляд, забяруць ноўтбук і тэлефон. Максымум — затрымаюць. Бо што ты рабіў у Польшчы, скажуць», — разважае мужчына.
Ён расказвае, што ягоныя сябры нядаўна вярнуліся з Грузіі і сутыкнуліся там з дыскрымінацыяй на бытавым узроўні.
«Ім заявілі, што яны прадстаўнікі краіны-агрэсара, таму, мякка кажучы, яны таксычныя».
Для сябе Андрэй вырашыў сёлета вандраваць па Беларусі.
«Я нават ня быў у Ельні на балотах. Я па Горадні толкам не блукаў. Сядзібаў і старых будынкаў у нас хапае. Бачу, што ня толькі я, многія беларусы адкрываюць для сябе краіну», — кажа Андрэй.
«Паедзем у Турэччыну замест Італіі, хоць гэта і дорага»
Шматдзетная маці Натальля мінулыя гады адпачывала з мужам і дзецьмі ў Італіі.
«Цяпер візаў у нас няма і, відаць, ня будзе. Таму для сябе мы выбралі Турэччыну як варыянт. Мы езьдзім заўсёды самі, без турфірмаў. Цяпер ляцець да Турэччыны — шэсьць гадзін. Едзем недзе на месяц, учатырох. Мы прыкладна падлічылі, што за жытло там аддамо каля тысячы даляраў. Квіткі будуць на ўсіх каштаваць больш за 2 тысячы даляраў. Нават бязь ежы і забаў; безумоўна, гэта шмат. Пакуль толькі плянуем адпачынак, яшчэ нічога не аплацілі», — расказала Натальля.
Алеся даўно марыла адпачыць на яхце.
«Мы, я і двое дзяцей, знайшлі варыянт — мой знаёмы пераехаў за мяжу і якраз працуе на яхце. Будзем плаваць ля берагоў Турэччыны. Яхту можна арандаваць на 6–8 чалавек. Па ягонай прапанове адна каюта на яхце будзе каштаваць 450 эўра за тыдзень. Ежа і забавы за асобныя грошы. Мяне гэта цалкам задавальняе, бо гэта будзе ажыцьцяўленьне маёй мары. Адзінае, што цяпер праблема зь візамі, але бачу шмат рэклямы і прапаноў, што за дадатковую цану візу можна зрабіць», — кажа Алеся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добры выбар для хуткага пераезду, ня трэба візы і проста дабрацца». Чаму беларускія айцішнікі выбіраюць Узбэкістан«Хай бы адкрылі бязьвізавы рэжым ня толькі для літоўцаў і латышоў, але і палякаў!»
Міхаіл мае сваю аграсядзібу. Кажа, што ягоная сядзіба сапраўдная, бо гэта комплекс рэстаўраваных традыцыйных хат, тут кормяць рэгіянальнымі стравамі, двор ня выкладзены пліткай і не абгароджаны мэталёвым плотам.
«Выгоды ў нас ёсьць, але ў астатнім стараемся трымацца традыцыйнай культуры. Прапануем і актыўны адпачынак — на роварах, на байдарках сплавы па рацэ. Попыт у мяне ёсьць цяпер — ня скарджуся, пішу графік на чэрвень, ужо ўсе выходныя занятыя кампаніямі ад 8 да 15 чалавек», — кажа Міхаіл.
Ён кажа, што людзі «ажываюць», едуць на хутар, каб сплавіцца на байдарках, паспытаць рэгіянальную кухню.
«Адзінае непрыемнае — халодная вясна. Людзі ж ня хочуць прыехаць у дождж і сядзець у хаце тут», — заўважыў ён.
Ягоныя кліенты — у асноўным беларусы.
«Расіянам сюды далёка. Літоўцы, латышы, хоць для іх цяпер зрабілі бязьвізавы рэжым, зусім мала едуць сюды. Вось чаму для палякаў не зрабілі бязьвізавы рэжым? Мне здаецца, палякі б паехалі да нас, з розных прычын. Да пандэміі да мяне езьдзілі палякі, да 50 чалавек было за сэзон. Ды яны і багацейшыя, чым літоўцы», — разважае гаспадар сядзібы.
Начлег у выходныя на сядзібе каштуе 35 рублёў з чалавека, 20 — у будні. Калі «браць» цэлы дом — 150 рублёў за дзень.
«Мы гатуем і прапануем сьвяточныя вячэры. Вось днямі адзін калектыў сьвяткаваў у нас свой юбілей. Мы бралі 75 рублёў з чалавека. Там былі і шашлыкі, і юшка з вогнішча, і плоў, і вэнджаная рыба, і салаты. Усё сваё. Людзі былі надта задаволеныя і наеліся ад пуза. За сьвяточную вячэру мы можам узяць да 100 рублёў з чалавека — дык там будзе яшчэ і шурпа зь дзічыны, і фаршыраваны шчупак, і яшчэ шмат чаго», — патлумачыў Міхаіл.
Ён прапануе і «сьціплую» вячэру — міску юшкі, кавалак хлеба і кашу-панцак. Гэта абыдзецца ў 10 рублёў.
«Попыт ёсьць, і ён будзе, спадзяюся, павялічвацца. Але цяпер я бачу, што людзі вельмі асьцярожна выдзяляюць грошы на сябе, на свой адпачынак. Бо такая агульная сытуацыя: людзі эканомяць, бо невядома, што будзе заўтра», — кажа Міхаіл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы кажуць, што баяцца да нас ехаць». Дырэктарка турфірмы расказвае, што з турызмам у Беларусі«Візы робім пад тур у Італію. У Чэхію ня робім»
Беларускія турыстычныя фірмы прапануюць туры зь пералётам у папулярныя ў мінулыя сэзоны Турэччыну і Эгіпет. У эўрапейскія краіны — аўтобусныя туры.
Беларусы сутыкаюцца з праблемамі, каб адкрыць візы. Цяпер Чэхія не выдае візаў беларусам, але з 18 траўня амбасада Славакіі пачала выдаваць турыстычныя візы для грамадзян РБ. Некаторыя турфірмы прапануюць візавую дапамогу за грошы.
«Мы пад тур у Італію дапамагаем рабіць візы, калі вы замовіце ў нас падарожжа. Ёсьць тур у Прагу, але пад яго візы ня робім, толькі калі сваю маеце», — паведамілі ў адной турфірме. Віза каштуе 35 эўра, плюс 20 эўра трэба аддаць за паслугі візавага цэнтру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «300 рублёў за запіс на падачу дакумэнтаў — гэта яшчэ па-боску». Беларусы апавядаюць, як атрымліваюць візыКошт недарагога аўтобуснага падарожжа па Эўропе на тыдзень стартуе ад 500 даляраў.
Тур у Гішпанію праз Францыю на 14 дзён каштуе 570 эўра. Гэта бязь візы. Каб зрабіць візу, турфірмы прапануюць «дадатковы» тур у Маскву. Кошт туру з афармленьнем візы — 80 эўра плюс 200 беларускіх рублёў.
Таксама турфірмы прапануюць візы ў Польшчу катэгорыі D (за 1100 беларускіх рублёў). Абяцаюць адкрыць за тыдзень. Працоўную візу ў Польшчу прапануюць за 450 рублёў і 2–3 тыдні.
Летась праз скандальную пасадку самалёта Ryanair, а сёлета праз вайну ва Ўкраіне для беларусаў падаражэў і падаўжэў шлях па небе ў Эгіпет і Турэччыну. Летась самалёты абляталі Ўкраіну, цяпер — і поўдзень Расеі. Каб дабрацца гэтым летам у Эгіпет, беларускія турысты ляцяць праз Казахстан. Час пералёту — каля васьмі гадзін. Падаражэлі і квіткі.
Дабірацца ў Турэччыну давядзецца таксама праз Казахстан. Ляцець шэсьць гадзін. Цэны на туры ў Эгіпет і Турэччыну вырасьлі. Эгіпет каштуе ад 500–600 даляраў за 8–9 начэй. Тур «усё ўключана» пачынаецца ад тысячы даляраў за такі ж тэрмін.
Падаражэла і Грузія. Мы знайшлі тур на 10 дзён па Грузіі за 790 даляраў — гэта бяз кошту пералёту. Дый квіткоў на пералёт туды вобмаль.
«Пералёт цяпер каштуе каля 500 даляраў. Таму асабіста я паехала да Масквы, адтуль — аўтобусамі на Ўладзікаўказ, потым празь пераход Верхні Ларс — у Тбілісі», — расказала адна зь беларускіх турыстак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь працягнула бязьвізавы ўезд грамадзянам Літвы і Латвіі да канца 2022 году