Галоўнае на гэты момант
- Эўразьвяз узгадніў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты.
- Украінскія войскі вядуць атакі ў Херсонскай вобласьці, вызвалілі некалькі вёсак.
- У Севераданецку Луганскай вобласьці баі ідуць на вуліцах гораду, паведамляе кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
- Украіна правяла пасьпяховую контратаку на поўдзень ад Крывога Рога, сьцьвярджае начальнік ваеннай адміністрацыі гораду Аляксандар Вілкул.
- Расейцы прымушаюць марыюпальскіх дзяцей вучыцца ў разбуранай школе. Адзін з унівэрсамаў у горадзе ператварылі ў сховішча трупаў.
- Працягваюцца баі ў Луганскай і Данецкай абласьцях.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 31 траўня
У выніку расейскага авіяўдару па хімзаводзе ў Севераданецку пашкодзіла цыстэрну з азотнай кіслатой
Расейскае войска нанесла авіяўдар па Севераданецку: патрапілі ў цыстэрну з азотнай кіслатой на хімзаводзе, паведаміў кіраўнік Луганскай аблдзяржадміністрацыі Сяргей Гайдай. Ён апублікаваў фатаздымкіі, на якіх над дамамі бачны дым, і заклікаў людзей не выходзіць з хованак, карыстацца процігазамі або падрыхтаваць ахоўныя маскі, прасякнутыя содавым растворам.
«Азотная кіслата небясьпечная пры ўдыханьні, глытаньні і пры трапленьні на скуру і сьлізістыя абалонкі», — напісаў ён.
Тысячы мірных жыхароў ня могуць пакінуць Севераданецк, расейцы кантралююць каля 70% гораду
Як паведаміў агенцтву Reuters генсакратар Нарвэскай рады па справах уцекачоў Ян Эгеланд, у горадзе назіраюцца жахлівыя разбурэньні.
«[Тысячы мірных жыхароў] ня могуць пакінуць горад праз страляніну і ня маюць доступу да вады, харчаваньня, лекаў і электрычнасьці, — заявіў ён. — Практычна бесьперапынныя абстрэлы прымушаюць людзей хавацца ў падвалах і бамбасховішчах, і ў людзей, якія хацелі б пакінуць горад, практычна няма на гэта шанцаў».
Да вайны ў Севераданецку пражывалі каля 100 тысяч жыхароў, улады Луганскай вобласьці ўжо некалькі тыдняў заклікалі іх зьехаць у больш бясьпечныя месцы. Па розных ацэнках, у горадзе могуць заставацца яшчэ каля 15 тысяч чалавек.
Расейскія войскі цяпер кантралююць каля 70% Севераданецка, працягваюцца жорсткія баі, распавёў Sky News Сяргей Гайдай. Ён дапусьціў, што ўкраінскія войскі могуць зьдзейсьніць тактычнае адступленьне з горада, каб выратаваць жыцьці і захапіць абарончыя пазыцыі. «Мне здаецца, а я чалавек не ваенны, што няма сэнсу губляць шмат салдат, каб адбіць горад, які не мае ваенна-стратэгічнага сэнсу», — сказаў ён.
За суткі ў Данецкай вобласьці пад абстрэламі загінулі чацьвёра мірных жыхароў
Трое мірных жыхароў загінулі ў Славянску і адзін у Райгарадку, яшчэ сямёра атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік аблдзяржадміністрацыі Павел Кірыленка.
«Падступна, сярод ночы, расейцы ўдарылі ракетай па жылым квартале Славянску. Гэтае чарговае іх ваеннае злачынства на нашай зямлі. Уся тэрыторыя Данеччыны зараз — поле бою. Кожны мірны жыхар, які застаецца ў вобласьці, — мішэнь для расейцаў» — напісаў ён і заклікаў жыхароў эвакуявацца.
У Херсоне і Запарожжы пачалі выдаваць расейскія пашпарты
Як паведаміў сёньня віцэ-прэм’ер Расеі Марат Хуснулін, выдача пачалася напярэдадні. Заяўкі на атрыманьне пашпартоў, паводле яго, падалі больш за 50 чалавек. Да расейскага ўварваньня ў Херсонскай вобласьці пражывалі больш за 1 мільён чалавек, у Запароскай — больш за 1,6 мільёна чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсоне і Запарожжы пачалі выдаваць расейскія пашпартыБаі на Данбасе, абстрэлы Сумскай вобласьці. Галоўнае зь вечаровай зводкі Генштабу Ўзброеных сіл Украіны
- У Сумскай вобласьці расейскія войскі нанесьлі ўдар па падразьдзяленьнях украінскіх войскаў з самалётаў Су-30СМ. Працягваюцца артылерыйскія і мінамётныя абстрэлы прымежных населеных пунктаў.
- Працягваецца падрыхтоўка да аднаўленьня наступу ў напрамку Ізюма і Славянска. Таксама вядзецца падрыхтоўка да наступу ў напрамку Северска і Райгарадка (на ўсход ад Славянска).
- Расейцы праводзяць актыўныя штурмавыя дзеяньні на Паўночнаданецкім і Бахмуцкім напрамках, баі працягваюцца.
- Войска РФ спрабуе ўсталяваць поўны кантроль над Севераданецкам і акружыць дзейныя на гэтым напрамку падразьдзяленьні ВСУ.
- На Паўднёвабускім кірунку расейскія войскі вядуць абарону і мінуюць узьбярэжжа ракі Інгулец на ўчастках магчымых дзеяньняў падразьдзяленьняў арміі Ўкраіны.
Жыхарка Папаснай, якая зьехала з Украіны пасьля пачатку вайны, пазнала свае рэчы на фота расейскага танка з нарабаваным майном
Здымак быў зроблены ў канцы траўня, на ім танк зь літарамі Z едзе па вуліцы паўз разбураныя дамы ў горадзе Папасная, на ім ляжыць кардонная скрынка і яшчэ нейкія прадметы, загорнутыя ў коўдры і пасьцельная бялізна з дыснэеўскай прынцэсай. Танкіст, які высунуўся вонкі, прытрымлівае рукой пакет.
Аліна Карэнюк распавяла ВВС, што ў вялікай каробцы ўпакаваны новы бойлер, які яна не пасьпела ўстанавіць, таксама жанчына пазнала абрус зь лецішча, дзіцячую пасьцельную бялізну і коўдру. Паводле Карэнюк, фатаздымак быў зроблены на вуліцы ўсяго ў 5 хвілінаў хады ад яе дома.
Вярхоўная Рады Ўкраіны звольніла ўпаўнаважаную па правах чалавека
Украінскі парлямэнт звольніў упаўнаважаную па правах чалавека Людмілу Дзянісаву. За гэтае рашэньне прагаласавалі 234 дэпутаты, супраць — 9. Сярод прэтэнзіяў да амбудсмэнкі — тое, што чыноўніца паведамляла аб выпадках сэксуальнага гвалту «ў вычварнай форме» і ў дачыненьні да дзяцей жыхароў Украіны з боку расейскіх вайскоўцаў. Потым гэтыя паведамленьні не знаходзілі пацьверджаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада Ўкраіны звольніла ўпаўнаважаную па правах чалавекаУ Харкаўскай вобласьці — 5 загінулых мірных жыхароў
За мінулы дзень расейская армія абстрэльвала Асноўянскі і Кіеўскі раёны Харкава, а таксама Харкаўскі, Ізюмскі, Чугуеўскі і Багадухоўскі раёны вобласьці, што прывяло да новых ахвяраў і пацярпелых сярод мірнага насельніцтва, распавёў кіраўнік Харкаўскай ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Загінулі тры чалавекі, раненьні атрымалі 14 мірных жыхароў, у тым ліку 16-гадовы хлопец і дзяўчынка 13 гадоў.
Сёньня раніцай абстрэлы населеных пунктаў вобласцьі працягнуліся. У іх выніку ў в. Іванаўка Ізюмскага раёна загінула 12-гадовае дзіця, 1 дарослы атрымаў раненьне. Акрамя таго, яшчэ адна жанчына загінула ў Залочаве.
На акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласьці цалкам адключылі ўкраінскую мабільную сувязь
Пра гэта паведамляе Дзяржаўная служба спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі Ўкраіны. «На жаль, у бліжэйшы час аднавіць сувязь у вобласьці хутчэй за ўсё ня ўдасца, паколькі адпаведнае абсталяваньне знаходзіцца пад поўным кантролем акупацыйнага рэжыму і расейскіх вайскоўцаў», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган прапанаваў Пуціну правесьці перамовы Расеі, Украіны і ААНВа Ўкраіне асудзілі 2 расейскіх вайскоўцаў
Суд ва Ўкраіне прысудзіў расейскім вайскоўцам-кантрактнікам Аляксандру Бабыкіну і Аляксандру Іванову па 11,5 гадоў пазбаўленьня волі за абстрэлы цывільных аб'ектаў Харкаўскай вобласьці ў першы дзень вайны. Абодва прызналі сваю віну, заявіўшы, што ня ведалі, куды страляюць.
Ракетны ўдар па Славянску: 3 чалавекі забітыя і 6 параненыя
«Ня менш за тры чалавекі загінулі і шэсьць атрымалі раненьні ў выніку начнога ракетнага абстрэлу расейцамі Славянску. Пашкоджаны школа і сама меней сем шматпавярховікаў», — паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка.
Паводле яго, вядуцца ратавальныя работы. Дакладная колькасьць пацярпелых высьвятляецца.
У ранішняй зводцы Генштаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што асноўныя намаганьні расейскага войска на Славянскім кірунку сканцэнтраваны на ўтрыманьні акупаваных межаў і шляхоў забесьпячэньня, стварэньні ўмоў для далейшага наступу.
Пасол Украіны ў ЗША: атрыманая зброя — яшчэ не лэнд-ліз
Уся зброя, якую цяпер Украіна атрымлівае ад ЗША для адпору расейскім акупантам, — гэта гранты. Пра гэта заявіла амбасадар Украіны ў ЗША Аксана Маркарава ў эфіры тэлемаратону United News.
«Уся зброя, якую мы цяпер атрымліваем, — гэта фактычна грантавая. Гэта не лэнд-ліз, гэта тое, што мы атрымліваем непасрэдна зь бюджэту або ад прэзыдэнта ЗША», — сказала Маркарава.
Пакуль што Ўкраіна атрымлівае зброю ад ЗША па дзьвюх праграмах — USAID і FMF. Менавіта празь іх Вашынгтон закупляе зброю і перадае яе Ўкраіне.
Паводле амбасадара, лэнд-ліз — чацьвёрты інструмэнт, які краіна можа выкарыстоўваць у вайне. Пакуль украінскія ўлады актыўна працуюць над яго рэалізацыяй. Бо, паводле ўмоваў, Украіна можа атрымаць і зброю, і іншыя неабходныя пазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё паміж вайной і мірам. У Кіеў усё актыўней вяртаюцца жыхары, але ўлада кажа, што пагрозы застаюццаЛукашэнка ўзнагародзіў супрацоўнікаў КДБ, якія ўдзельнічалі ў «спэцапэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны»
Што гэта была за «спэцапэрацыя», у паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі не ўдакладняецца. Падрабязнасьці абяцалі ў фільме «Дарогі дадому» ў эфіры АНТ. У пачатку красавіка Лукашэнка распавядаў аб «бліскуча» праведзенай «спэцапэрацыі» па вызваленьні затрыманых на тэрыторыі Ўкраіны грамадзян Беларусі — у прыватнасьці дальнабойшчыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка схлусіў, што дваіх беларускіх дальнабойшчыкаў нібыта «забілі ўкраінцы». Кіроўцы загінулі ад расейскай атакі зь БеларусіШто адбываецца ў Расеі
Газпром пацьвердзіў спыненьне паставак расейскага газу ў Данію
Таксама зь першага чэрвеня кампанія спыняе пастаўкі для Shell Energy Europe у Нямеччыну з прычыны адмовы плаціць за паліва ў рублях.
Прыхаваная мабілізацыя ў Расеі
У Благавешчанску Амурскай вобласьці жыхарам гораду ў паштовыя скрыні пачалі раскладваць улёткі з рэклямай кантрактнай службы, а таксама на вуліцах расклейваць аб’явы, паведамляе выданьне Сота.
Тым, хто запісаўся на кантрактную службу, прапануюць «грашовае забесьпячэньне ў памеры ад 40 тысяч рублёў» (каля $600 па афіцыйным курсе), «бясплатны праезд», «магчымасьць набыць уласнае жытло» і «атрымаць вышэйшую адукацыю».
Расавіяцыя падоўжыла забарону на палёты ў 11 аэрапортаў РФ
Расавіяцыя падоўжыла рэжым часовага абмежаваньня палётаў у 11 аэрапортаў Расеі да 6 чэрвеня 2022 году. Гэта тычыцца Анапы, Белгарада, Бранска, Варонежа, Геленджыка, Краснадара, Курска, Ліпецка, Растова-на-Доне, Сімферопаля і Элісты. Авіякампаніям рэкамэндавана арганізаваць перавозку пасажыраў па альтэрнатыўных маршрутах, выкарыстоўваючы аэрапорты Сочы, Валгаграда, Мінэральных Водаў, Стаўрапаля і Масквы.
У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы
Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нідэрлянды ня будуць плаціць Расеі за газ у рублях, пастаўкі спыняцца 31 траўняУдзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы: Дэ-факта Беларусь стала часткай Расеі, таму бясьпека ў Балтыйскім рэгіёне рэзка зьмяніласяЛукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае
Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.
Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»
У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.
Беларускае войска ля мяжы з Украінай
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.
Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.
Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).
Як рэагуе сьвет
Макрон: да канца году ЭЗ павінен скараціць закупкі расейскай нафты на 92%
Да канца 2022 году Эўразьвяз павінен скараціць закупкі расейскай нафты на 92%, заявіў 31 траўня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Газасховішчы ЭЗ зараз запоўненыя на 41% — гэта на 4% больш, чым 31 траўня мінулага году, паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен.
Сябры OPEC вывучаюць магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Расеі ў зьдзелцы па здабычы
Чальцы Арганізацыі краін — экспартэраў нафты (OPEC) вывучаюць магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Расеі ў зьдзелцы па здабычы з прычыны ўведзеных санкцый ЭЗ і эмбарга. Яны лічаць, што здольнасьць Расеі здабываць паліва падарваная і сёлета можа скараціцца на 8%. Краіны OPEC і дзяржавы, якія не ўваходзяць у картэль, дамовіліся каардынаваць здабычу нафты і скараціць яе аб’ёмы для падтрыманьня цаны на сыравіну ў сакавіку 2020 году.
Калі ўдзел Расеі ў пагадненьні будзе прыпынены, вытворцы нафты змогуць нарасьціць здабычу і зьнізіць на яе кошты. Дзякуючы такому кроку зьнізяцца кошты на бэнзін і дызэль, а Масква будзе атрымліваць меншы прыбытак.
Нарвэгія прыме 550 параненых украінскіх вайскоўцаў на лекаваньне
У паведамленьні на сайце ўраду ўдакладняецца, што ў Нарвэгіі няма вопыту эвакуацыі параненых салдат падчас ваеннага канфлікту, які працягваецца, але ёсьць «моцнае прафэсійнае асяродзьдзе» ў шпіталях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз узгадніў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафтыКанцлер Нямеччыны заявіў, што Пуціну не ўдалося дасягнуць усіх яго стратэгічных мэтаў
Оляф Шольц выказаў упэўненасьць, што прэзыдэнт Расеі не пераможа ў вайне ва Ўкраіне.
Ён заявіў, што «захоп усёй Украіны Расеяй сёньня здаецца больш аддаленым, чым на пачатку вайны». «Пры гэтым, як ніколі раней, Украіна падкрэсьлівае сваю эўрапейскую будучыню», — дадаў ён.
ЭЗ павялічыць фінансаваньне абароны на 3 мільярды эўра
25 траўня Эўрапейская камісія абвясьціла аб выдзяленьні аднаго мільярда эўра на фінансаваньне Эўрапейскага абароннага фонду, і яшчэ двух мільярдаў — на фінансаваньне дасьледаваньняў у галіне абаронных інавацый. Па словах эўракамісара па ўнутраным рынку Т’еры Брэтона, дадатковае фінансаваньне з Эўрапейскага абароннага фонду пойдзе на разьвіцьцё сумесных абаронных праектаў у космасе, кібэрпрасторы і высокіх тэхналёгіях.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.