Дзянісава займала сваю пасаду з сакавіка 2018 году. 31 траўня дэпутаты прапрэзыдэнцкай фракцыі «Слуга народу» сабралі подпісы за яе адстаўку.
Дэпутат фракцыі Павал Фралоў у Фэйсбуку расказаў аб прэтэнзіях «Слугі народу» да амбудсмэна. Паводле яго, чыноўніца паведамляла аб выпадках сэксуальнага гвалту «ў вычварнай форме» і ў дачыненьні да дзяцей жыхароў Украіны з боку расейскіх вайскоўцаў. Потым гэтыя паведамленьні не знаходзілі пацьверджаньня.
Паводле дэпутатаў фракцыі «Слуга народу», Дзянісава ня ўдзельнічала ў арганізацыі гуманітарных калідораў у зоне баявых дзеяньняў і шмат часу праводзіла ў Заходняй Эўропе, замест таго каб забясьпечваць правы ўкраінцаў у Расеі.
Дзянісава на прэсавай канфэрэнцыі 30 траўня заявіла, што яе звальненьне будзе незаконным. Яна лічыць, што ўлады не задавальняе яе актыўнасьць, у прыватнасьці ў зборы інфармацыі аб сытуацыі на акупаваных тэрыторыях. Яна назвала ціск на яе ўмяшаньнем у справы офісу ўпаўнаважанай па правах чалавека.
- Міжнародныя арганізацыі паведамлялі аб масавых парушэньнях правоў чалавека ў зоне ваеннага канфлікту ва Ўкраіне, у прыватнасьці, на тэрыторыях, якія знаходзяцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў.
- У дакладах Amnesty International і АБСЭ паведамлялася пра пазасудовыя пакараньні сьмерцю, забойствы, сэксуальны гвалт, катаваньні і іншыя злачынствы супраць цывільных жыхароў. «Парушэньні расейскіх вайскоўцаў, у параўнаньні з украінскімі, несувымерна больш сур’ёзныя па сваёй прыродзе і маштабе», — гаворыцца ў апублікаванай у красавіку справаздачы АБСЭ.
- Дзясяткі супрацоўнікаў украінскіх СМІ раней напісалі адкрыты ліст Дзянісавай з заклікам паведамляць толькі пра тыя выпадкі сэксуальнага гвалту, якія знаходзяць пацьверджаньне з боку сьледчых органаў. На думку журналістаў, паведамленьні, якія пасьля не пацьвярджаюцца, кідаюць цень на намаганьні па расьсьледаваньні рэальных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў.