У акупаваных расейскімі вайскоўцамі раёнах Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны запусьцілі паскораную працэдуру выдачы расейскіх пашпартоў, піша DW.
Як паведаміў сёньня віцэ-прэм’ер Расеі Марат Хуснулін, выдача пачалася напярэдадні. Заяўкі на атрыманьне пашпартоў, паводле яго, падалі больш за 50 чалавек. Да расейскага ўварваньня ў Херсонскай вобласьці пражывалі больш за 1 мільён чалавек, у Запароскай — больш за 1,6 мільёна.
Напярэдадні Інтэрфакс паведаміў аб адкрыцьці ў запароскім Мелітопалі першага аддзелу расейскай Фэдэральнай міграцыйнай службы (ФМС). «Спрошчаная працэдура» выдачы расейскіх пашпартоў не прадугледжвае адмовы ад украінскага грамадзянства, паведамілі Інтэрфаксу ў адміністрацыі гораду, прызначанай Расеяй.
Раздача расейскіх пашпартоў на акупаваных тэрыторыях
Чалец «галоўнай рады вайскова-цывільнай адміністрацыі» Запароскай вобласьці Ўладзімір Рогаў, прызначаны расейскімі ўладамі, раней заявіў, што вобласьць «возьме курс на ўваходжаньне ў склад Расеі».
«Будучыня ў Запароскай вобласьці можа быць толькі адна — яна павінна быць у складзе Расеі, павінна стаць паўнавартасным субʼектам Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў Рогаў. Пра гэта казаў і прызначаны Расеяй «намесьнік кіраўніка вайскова-цывільнай адміністрацыі» Херсонскай вобласьці Кірыл Страмавусаў.
25 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным прыёме жыхароў Запароскай і Херсонскай абласьцей у расейскае грамадзянства. Пры гэтым, абвяшчаючы аб уварваньні ва Ўкраіну, Пуцін заяўляў, што ў пляны Крамля «не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў».