Рэйдэрскі захоп, зачыстка канкурэнтаў, помста, зайздрасьць. Вядомыя дактары пра «забойства» прыватнай мэдыцыны

Што адбываецца з прыватнай мэдыцынай у Беларусі, каму выгадны ціск на самыя вядомыя і пасьпяховыя прыватныя мэдычныя ўстановы, такія як «ЛОДЭ» і «Нардзін», нават спыненьне іх працы?

Пра гэта ды іншае ў эфіры Свабоды Premium разважаюць беларускія дактары, якія маюць досьвед працы ня толькі ў дзяржаўнай мэдыцыне, але і ў прыватных мэдычных кампаніях Беларусі. Гэта каардынатарка Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці, гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка з Варшавы, акушэр-гінэколяг і доктар ультрагукавой дыягностыкі Станіслаў Салавей з Адэсы і анколяг Надзея Пятроўская з Чэскага Крумлава.

Глядзіце дыскусію на відэа цалкам



«Замахнуліся на такога „монстра“, як „ЛОДЭ“, бо апэтыты растуць у тых, хто захапіў уладу»

— Мэдычны цэнтар «ЛОДЭ» часова прыпыніў працу з 16 траўня. Быў затрыманы і пазьней вызвалены доктар Сайкоў, заснавальнік мэдцэнтру «Нардзін»; Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК сьцьвярджае, што мэдычны цэнтар «Нардзін» 10 гадоў праводзіў артапэдычныя апэрацыі безь ліцэнзіі. Давайце паглядзім на гэтыя ды іншыя факты комплексна. Што адбываецца з прыватнай мэдыцынай?

Лідзія Тарасенка

Лідзія Тарасенка: З прыватнай мэдыцынай адбываецца ўсё тое самае, што адбываецца ў эканоміцы і ў грамадзтве ў Беларусі. «Раскулачылі», напэўна, усіх, каго маглі «падаіць» на грошы. Дайшла чарга і да прыватнай мэдыцыны. Гэта было чакана, было пытаньне толькі, калі і ў якім выглядзе. Гэта ня першы захоп, такое было да 2020 году. Цяпер чарговае кола рэпрэсій. Замахнуліся на такога «монстра», як ЛОДЭ, бо апэтыты растуць у тых, хто захапіў уладу. Грошай усё меней становіцца, нахабства ўсё болей, таму дайшла чарга да такой вялікай установы, як ЛОДЭ, якая пасьпяхова функцыянавала шмат гадоў. У гэтым ёсьць і элемэнт помсты дактарам, таму што іхны пратэст быў адным з самых прыкметных у 2020 годзе. І дагэтуль мэдычная супольнасьць — гэта людзі, якія захоўваюць здольнасьць да крытычнага мысьленьня, а гэта зусім ня выгадна рэжыму. Гэта два асноўныя фактары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдычны цэнтар «ЛОДЭ» абвясьціў аб часовым прыпыненьні паслуг з 16 траўня

— У «ЛОДЭ» працавала вялікая колькасьць дактароў, якія не сумяшчалі працу ў дзяржаўным шпіталі і ў прыватным цэнтры, а мелі асноўным месцам працы менавіта гэтую ўстанову. Цяпер іх адправілі ў адпачынак, але выглядае, што яны страцяць працу.

Лідзія Тарасенка: А каго гэта хвалюе? Дзяржава даўно перастала нават рабіць выгляд і захоўваць добрую міну пры дрэннай гульні. Пасьля таго як пратэсты былі эфэктыўна здушаныя, дзяржава нават перастала спрабаваць прывесьці ў прыстойную форму тое, што яны робяць. Усім пляваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў агучыў свае прэтэнзіі да мэдычнага цэнтру «Нардзін»

«Спрабуюць забіць двух зайцоў — атрымаць грошы і загнаць людзей назад у дзяржаўную мэдыцыну»

Станіслаў Салавей

Станіслаў Салавей: Тут нічога асабістага, проста вельмі патрэбныя грошы. Дзе іх знайсьці? У вялікіх прыватных мэдцэнтрах. Што да закрыцьця «ЛОДЭ», то тут атрымалася ня так, як з «Нардзінам», які можа адкупіцца. Дактары і мэдсёстры засталіся бяз працы — цудоўна для Міністэрства аховы здароўя. Дэфіцыт дактароў і мэдсёстраў велізарны, вось і ідзіце працаваць у дзяржаўныя клінікі. Спрабуюць забіць двух зайцоў — загнаць людзей назад у дзяржаўную мэдыцыну.

Што да абвінавачаньняў, то тут вельмі традыцыйныя фармулёўкі пра тое, што «дзесяць гадоў парушаюцца». Атрымліваецца, што дзесяць гадоў «Нардзін» працаваў нелегальна, і ніводная праверка, якіх вельмі шмат было, не заўважыла гэтага? Тады пытаньні да Мінздароўя, Камітэту дзяржкантролю і пракуратуры: за што яны дзесяць гадоў заробкі атрымлівалі, а ў іх пад носам нейкую нелегальшчыну рабілі?

Фармулёўкі, паводле якіх закрываюць «ЛОДЭ», сьмешныя. Любы доктар, працуючы ў дзяржаўнай клініцы, цудоўна ведае паднаготную мэдыцыны і выкананьне санітарна-эпідэміялягічнага рэжыму, што было выстаўлена як адна з прэтэнзій да ЛОДЭ. Справа ў тым, што гэты рэжым не выконваецца ў ніводнай клініцы. Калі мець такое на мэце, то можна прыйсьці і знайсьці парушэньні санітарна-эпідэміялягічнага рэжыму ў кожнай клініцы. Тое, што адсутнічае паперка з рэанімацыйнымі мерапрыемствамі, — гэта поўнае трызьненьне. Калі пачынаць рэанімацыю сэрца, трэба пачаць чытаць паперку, што табе трэба рабіць? Тады ў мяне вялікія пытаньні да кампэтэнтнасьці таго, хто гэта прыдумаў. Журнал дзеля журнала.

І за большыя касякі ў дзяржаўных клініках, якія прыводзілі да сур’ёзных наступстваў для здароўя чалавека, такіх санкцый ніколі не было. Максымум доктара пераводзілі з загадчыка аддзяленьня ў звычайныя дактары ці ў іншую клініку. А тут такія драконаўскія захады. Паўтары тысячы дактароў працавалі ў ЛОДЭ, гледзячы па іх сайце, і ўсіх іх пакінуць бяз працы, — мякка кажучы, перабор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы другі раз страцілі дом». Як беларусы ўцяклі ад рэпрэсій ва Ўкраіну і што робяць цяпер, калі ідзе вайна

Надзея Пятроўская: Я бачу ў гэтым элемэнтарны дзяржаўны рэкет, рэйдэрскі захоп. У любой дзяржаўнай клініцы парушэньняў можа быць нашмат болей, і на гэта закрываюць вочы. Падзяліць ці стаць сузаснавальнікам, «аджаць» частку акцый пасьпяховага бізнэс-праекту — зразумелае цяпер жаданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прыпынілі ліцэнзіі кампаній «ЛОДЭ» і «Клініка А1». Што пра іх вядома

«У ЛОДЭ, магчыма, спрабуюць перапрызначыць мэнэджараў, дакладней, перапрызначыць выгадаатрымальнікаў»

— Вельмі важнае пытаньне — каму гэта выгадна? Зьнішчаецца сама прыватная мэдыцына, ці шляхам ціску на яе стваральнікаў і рэпрэсаваньня іх будуць проста пастаўленыя «свае людзі» на чале раскручаных прыватных цэнтраў, якія добра працуюць?

Лідзія Тарасенка: Наконт кіраваць — ёсьць вялікія сумневы, што ёсьць нехта, хто на гэта здольны. У нас няма дакладных 100-працэнтных зьвестак пра тое, што адбываецца з ЛОДЭ, на якім узроўні гэта адбываецца. Чаму ЛОДЭ спрабуюць закрыць, а Сайкова проста адпусьцілі (са штрафам — ён адкупіўся)? У ЛОДЭ, магчыма, спрабуюць перапрызначыць мэнэджараў, дакладней, перапрызначыць выгадаатрымальнікаў. А мэнэджараў сваіх няма для таго, каб кіраваць такой складанай машынай зь нізкім маржынальным прыбыткам.

У мэдычным бізнэсе любая памылка можа быць вельмі крытычная для таго, каб зарабляць грошы, у любы момант ты можаш проста без прыбытку застацца. А сярод тых, хто спрабуе «аджаць» цэнтар, няма людзей, якія гатовыя, могуць кіраваць такім складаным мэханізмам. Магчыма, уладальнікі ЛОДЭ пайшлі на прынцып і сказалі: калі вы нас моцна пакрыўдзіце, то мы проста пахаваем гэты цэнтар (не даставайся ж ты нікому). Прынамсі, такі сцэнар выглядае вельмі лягічным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта дзяржава атакуе прыватную мэдыцыну

«Тут хутчэй зачыстка канкурэнтаў „правільных“ мэдычных цэнтраў»

— Якім гэты сцэнар бачыцца вам? Прыватная мэдыцына будзе пакрысе зьнікаць ці проста ўладальнікаў памяняюць?

Станіслаў Салавей: Прыватная мэдыцына ў нашай краіне існуе хутчэй насуперак. Заўсёды даводзілася пераадольваць супраціў дзяржавы, якая мае манаполію на аказаньне мэдычнай дапамогі. Разьвіцьцё платнай мэдыцыны ва ўмовах дзяржаўных шпіталёў — з аднаго боку, ты абавязаны рабіць дыягностыку і лячыць чалавека бясплатна, з другога боку, ты павінен атрымліваць зь яго грошы. Тут лягічная памылка, якая не вырашаецца нікім. Наконт таго, каб перапрызначыць выгадаатрымальніка ЛОДЭ, — гэта можа быць, але мне падаецца, што тут хутчэй зачыстка канкурэнтаў «правільных» мэдычных цэнтраў.

Не хачу сказаць нічога дрэннага, але быў артыкул пра клініку «Мэрсі», у якім ставіліся пытаньні, адкуль растуць ногі ў гэтага бізнэсу. Урэшце, ёсьць «Аква-Мінск клініка», якая зьяўляецца дзяржаўным бізнэсам. А па-трэцяе, цяпер вельмі «зручны» час для зьнішчэньня прыватных цэнтраў. Нават апаратуру ты нікуды ня зможаш вывезьці і прадаць за мяжой, бо ёсьць забароны на вываз у тым ліку мэдтэхнікі. Закрываеш цэнтар, тэхніка на складах, і прадаць яе можна будзе таму, каму дазволяць, за тыя грошы, якія дазволяць. На маю думку, гэта проста рэйдэрскі захоп бізнэсу. Я ня веру, што можна памяняць мэнэджараў у ЛОДЭ, каб гэтая машына працягвала працаваць. Будуць даіць іх да апошняга рубля, каб забраць як мага болей, а што будзе заўтра, іх не хвалюе. Ім патрэбныя грошы цяпер і сёньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня выйсьці мэдыкі не маглі». Лекары пра год, які зьмяніў усё

«Разьвіцьцё прыватнай мэдыцыны было жывым папрокам для дзяржаўнай мэдыцыны»

Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская: Разьвіцьцё прыватнай мэдыцыны было жывым папрокам для дзяржаўнай мэдыцыны, бо гэта быў добра адладжаны мэнэджмэнт. Прысутнічае і элемэнт зайздрасьці. Адназначна, гэта найменш выгадна пацыентам, найперш пацярпяць яны. Дастаткова вялікі памер амбуляторнай дапамогі аказвалі менавіта на базе прыватных мэдцэнтраў. Дзяржаўная мэдыцына ня можа справіцца з такім памерам працы, і мне найбольш шкада пацыентаў, якія не атрымаюць дапамогу ў поўным памеры і адпаведнай якасьці і своечасова.

— Ёсьць яшчэ праблема. У Беларусі было шмат палітычны матываваных звальненьняў лекараў, і пры звальненьні зь дзяржаўнай клінікі большасьці дактароў казалі, што вы ня зможаце працаваць больш у дзяржаўных клініках, шукайце працу ў прыватных мэдцэнтрах. І ў прыватнай мэдыцыне таксама было няпроста працу знайсьці пасьля звальненьня, а цяпер яшчэ цяжэй будзе лекарам, якія не даспадобы, працаўладкавацца, калі будуць «правільныя» і «няправільныя» мэдцэнтры?

Лідзія Тарасенка: Гэта мае месца. Ня ведаю, ці так было так задумана, ці гэта зручны для сыстэмы пабочны эфэкт, каб яшчэ раз укалоць тых, хто «з намі ня згодны». Так, у ЛОДЭ, прынамсі напачатку, працаўладкоўвалі дактароў з пазыцыяй, якая супярэчыла дзяржаўнай ідэалёгіі. Хоць пасьля зьяўленьня «чорных сьпісаў» дактароў нават ЛОДЭ перастаў працаўладкоўваць такіх спэцыялістаў. Нельга сказаць, што для такіх людзей усе магчымасьці працаўладкаваньня ў краіне закрытыя, але іх сапраўды становіцца ўсё меней. І гэта заканамерны этап разьвіцьця дыктатуры, якая ненавідзіць усё жывое і ўсё вытоптвае капытамі, да чаго можа дацягнуцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьвязаны са «справай артапэдаў» Віктар Лукашэнка. Дактары абмяркоўваюць розныя вэрсіі

«Не было бессэнсоўных падпісак на газэты, не было суботнікаў, было дастаткова часу падумаць пра пацыента»

— Надзея, вы калісьці расказвалі, што цяпер зарабляеце ў Чэхіі ў шпіталі ў Чэскім Крумлаве прыкладна столькі ж, колькі зараблялі ў Беларусі на трох працах — асноўнай у РНПЦ дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі і яшчэ ў некалькіх прыватных цэнтрах. Чаму дактары ў Беларусі ідуць працаваць ці падпрацоўваць у прыватныя мэдцэнтры і што будзе, калі такіх цэнтраў стане меней ці зусім ня будзе?

Надзея Пятроўская: Першая прычына — фінансавая. Таксама немалаважная прычына палягала ў тым, што ў прыватнай мэдыцыне было прыемна працаваць. Не было бессэнсоўных падпісак на газэты, не было суботнікаў, было дастаткова часу падумаць пра пацыента, была дастаткова камфортная і сяброўская атмасфэра. Працаваць было цікава і прыемна. Я не магу сказаць, што моцна стамлялася. Другі момант. Не магу сказаць, што доктар у прыватнай мэдыцыне абаронены, любыя скаргі пацыента часта прыводзілі да звальненьня доктара. З другога боку, гэта быў дадатковы стымул адпусьціць пацыента цалкам задаволеным. Гэта адбівалася на якасьці працы ў добрым сэнсе. Я згадваю працу ў ЛОДЭ як яркія і шчасьлівыя месяцы майго жыцьця. Цудоўная каманда, талковыя мэнэджары. Падыход быў як у бізнэсе — паслуга павінна прадавацца, і яна павінна быць максымальна якасная.

У дзяржаўнай мэдыцыне — гонар мундзіра перадусім. Найчасьцей, калі былі лекарскія памылкі, пацыенту было вельмі складана дамагчыся праўды. У прыватнай мэдыцыне доктар становіцца першым, хто вінаваты ў любых, нават не зьвязаных зь лячэньнем, праблемах пацыента. Мала прыкладаў, калі мэдычная супольнасьць заступалася за доктара, калі ён працаваў у прыватнай мэдыцыне. А калі доктар працаваў у дзяржаўнай мэдыцыне, то за яго ўступалася ўся адміністрацыя, каб не пацярпеў гонар мундзіра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Эйсмант: Вядучы кардыёляг зарабляе як будаўнік

«Мне вельмі баліць сэрца за калегаў і за пацыентаў»

— У вас у Беларусі засталіся пацыенты, калегі. Да чаго ім рыхтавацца і быць гатовымі — беларусам, якія могуць захварэць, лекарам, якія могуць пазбавіцца працы?

Лідзія Тарасенка: Да ўсяго трэба быць гатовым. На жаль, кожны ўсё больш застаецца сам-насам са сваімі праблемамі, у тым ліку ў сыстэме аховы здароўя. Пайсьці няма да каго, паскардзіцца няма куды, і калі хочаш выжыць, трэба думаць наперад, што будзеш рабіць, калі, умоўна кажучы, зломіш нагу. Гэта становіцца не такім трывіяльным пытаньнем, на якое ня так лёгка адказаць. Не здавацца. Усё, што мы можам цяпер.

Надзея Пятроўская: Калі ты ў бясьпецы за мяжой, калі маеш працу, цяжка раіць тым, хто цяпер у Беларусі, па сутнасьці, на вайне, на акупаваных тэрыторыях. Мне вельмі баліць сэрца за калегаў і за пацыентаў, за ўвесь наш народ. Трэба дажыць да перамогі. Трымайцеся, трэба дажыць.

Станіслаў Салавей: Калегам у Беларусі магу толькі паспачуваць. Забойства прыватнай мэдыцыны дае і той эфэкт, што зьнікае экспэртнасьць. Многія ішлі ў прыватныя мэдцэнтры не таму, што ў паліклініцы не было такой паслугі, а таму, што найлепшы спэцыяліст сышоў туды, і там можна было атрымаць тое, што патрэбна. Дактароў ультрагукавой дыягностыкі, да якіх я адпраўлю сваіх родных, можна палічыць на пальцах адной рукі, таму што я ведаю, што яны найлепшыя з найлепшых. Цяпер якасьць нікога не хвалюе. Калегам — цярпеньня і не здавацца, а ўсім астатнім — кідайце курыць, ня піце, сачыце за здароўем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё, што робіцца цяпер, катастрофай адгукнецца ў будучыні», — знаныя лекары пра арышты і ад’езд дактароў