У 1990 годзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі нарадзілася больш за 140 тысяч дзяцей. Пасьля гэтага сем гадоў запар гэтая лічба зьніжалася, пакуль у 1997-м не дасягнула 90 тысяч. Пасьля гэтага ўзровень нараджальнасьці ў Беларусі амаль дзесяць гадоў быў на адным узроўні. Рост пачаўся ў 2005-м, і ўжо ў 2016-м у Беларусі нарадзіліся амаль 120 тысяч немаўлят. Посьпехі заўважыў Лукашэнка, які летам 2017-га заявіў, што Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек, а таму кантроль над нараджальнасьцю ў краіне ён будзе ажыцьцяўляць асабіста.
«Стварэньне ўмоваў для стымуляваньня нараджальнасьці, забесьпячэньне людзей працай, рост іх дабрабыту — гэта асноўныя ўрадавыя задачы, задачы мясцовых органаў улады, якія трэба вырашаць, — гаварыў Лукашэнка. — За вырашэньне гэтых сацыяльных пытаньняў жэстачайшая будзе адказнасьць зь любога чыноўніка».
Пасьля гэтага з нараджальнасьцю пачаліся праблемы. Паводле афіцыйных дадзеных Белстату, ужо ў 2017 годзе ў краіне нарадзілася крыху больш за 102 тысячы дзяцей. А ў 2019-м — ужо 88 тысяч. Статыстыку сьмяротнасьці і нараджальнасьці Белстат перастаў публікаваць з 2020 году, таму афіцыйных лічбаў за два апошнія гады проста не існуе. Журналісты парталу «Зеркало» па ўскосных дадзеных падлічылі, што нараджальнасьць у Беларусі працягвала зьніжацца і далей, а ў 2021 годзе яна магла стаць мінімальнай за ўсе часы незалежнасьці — нават менш за 80 тысяч дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму нараджальнасьць падае, а Белстат гэта прыхоўвае«Сытуацыя прымушае людзей задумацца, ці нараджаць дзяцей»
Акадэмічная дырэктарка дасьледчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова ў размове са Свабодай гаворыць, што адмова ад публікацыі афіцыйных статыстычных дадзеных была выкліканая пандэміяй каранавірусу. А зьвесткі пра нараджальнасьць перасталі паказваць, каб ахвотныя не маглі раскрыць сапраўдную колькасьць сьмерцяў.
«Дзяржава хавае сьмяротнасьць ад каранавірусу, і мы гэта бачым з таго, што яшчэ за першы квартал 2020 году была статыстыка, а далей не, — нагадвае Кацярына. — І, каб сьмяротнасьць нельга было вылічыць зь іншых дэмаграфічных дадзеных, яны таксама ўтойваюцца. Гэта акурат датычыць дадзеных аб нараджальнасьці і руху насельніцтва. Бо калі мы гэта ведаем, то можам вылічыць. Гэта дасьць нам уяўленьне пра агульную сьмяротнасьць і пра сьмяротнасьць залішнюю».
Па словах Кацярыны Барнуковай, лічба ў прыкладна 80 тысяч немаўлят, народжаных у 2021 годзе, гэта папраўдзе вельмі нізкая нараджальнасьць. Прычым экспэртка ёй зусім не зьдзіўленая.
«Гэта тое, што прадказвалі, улічваючы ўсе абставіны, — кажа Барнукова. — Нараджальнасьць у Беларусі нейкі час аднаўлялася пасьля падзеньня 1990-х і пачатку 2000-х. Здавалася, што ўсе меры, якія прымае дзяржава, працуюць. Але зараз нараджальнасьць пачала моцна падаць. Гэта зьвязана зь некалькімі фактарамі. Адзін зь іх эканамічны — адсутнасьць росту, незразумелыя эканамічныя пэрспэктывы. Гэта прымушае людзей чарговы раз задумацца, ці варта нараджаць дзяцей. Асабліва калі вядзецца пра другое і трэцяе дзіця».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады славяць мацярынства«Краіна, якая страчвае свае пэрспэктывы і патэнцыял»
Яшчэ больш няпэўнасьці, па словах Кацярыны Барнуковай, дадаў палітычны крызіс. Менавіта няпэўнасьць экспэртка называе асноўным ворагам нараджальнасьці. Сем’і пазьбягаюць нараджаць дзяцей, калі існуе багата фактараў рызыкі. У такіх умовах людзі схільныя альбо адкладаць нараджэньне дзіцяці, альбо ўвогуле адмаўляцца ад гэтага. Сярод прычынаў таго, чаму беларусы ня хочуць заводзіць дзяцей, Кацярына Барнукова таксама называе геапалітычны крызіс, каранавірус, вайну Расеі супраць Украіны.
«Беларускі сёньня ня ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, — гаворыць Кацярына. — А нараджэньне дзіцяці — гэта такое доўгатэрміновае, вельмі сур’ёзнае рашэньне. Якое ў сытуацыі вялікай няпэўнасьці адкладаецца».
Вынікі рэкорднага падзеньня нараджальнасьці краіна заўважыць не адразу, кажа Кацярына Барнукова. Зараз Беларусь толькі пачала адчуваць наступствы падзеньня колькасьці нованароджаных, якое адбывалася ў 90-я гады. На рынак працы выходзіць усё менш моладзі, колькасьць пэнсіянэраў, наадварот, толькі расьце. Экспэртка кажа, што гэта двайны выклік для гаспадаркі. З аднаго боку, не хапае працоўных рук, з другога — вялікая нагрузка на пэнсійную сыстэму.
«Будзе працягвацца старэньне насельніцтва, скарачэньне яго колькасьці, — кажа Кацярына. — Адпаведна, краіна з насельніцтвам, якое старэе, — гэта краіна, якая страчвае свае пэрспэктывы і патэнцыял».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску з 2010 году стала на 19% больш дзяцей, а ўсяго насельніцтва — толькі на 8%«Калі даць беларусам грошай, яны ня стануць радасна нараджаць дзяцей»
Калі браць пад увагу неафіцыйныя падлікі, то зьніжэньне нараджальнасьці на 10 тысяч немаўлят ужо пераўзыходзіць самыя горшыя паказчыкі сярэдзіны 90-х. Яго вынікі можна будзе цалкам адчуць прыкладна праз 30-35 гадоў. Што зрабіць, каб выправіць сытуацыю? Паводле экспэрткі, гэта складанае пытаньне і адзінага выхаду з такой сытуацыі не існуе. Раней улады вырашалі пытаньне падзеньня нараджальнасьці павелічэньнем памеру дапамогі за нараджэньне дзіцяці, уводзілі «мацярынскі капітал».
«Гэта не працуе, — кажа Кацярына Барнукова. — Тым больш не працуюць захады падтрымкі шматдзетных сямей. У нас іх вельмі мала. Складана матываваць нарадзіць другое дзіця, а падтрымка шматдзетных матывуе нарадзіць трэцяе. Гэта ня значыць, вядома, што такія меры трэба прыбіраць. Яны зараз працуюць больш як падтрымка бедных слаёў насельніцтва. Таму што сярод шматдзетных вялікая частка бедных. Але і ня значыць, што „зараз мы дамо беларусам грошай і яны радасна пачнуць нараджаць дзяцей“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горш, чым у 1995-м. У Беларусі працягвае падаць нараджальнасьцьЭкспэртка таксама кажа, што галоўнае ў такой сытуацыі — прыбраць фактар няпэўнасьці, які вымушае людзей сумнявацца. Пачынаць трэба з вырашэньня палітычнага крызісу, які цяпер фактычна замарожаны, а ня вырашаны. Неабходна таксама вырашыць пытаньне эканамічнага крызісу і пытаньне ўдзелу беларусаў у вайне.
«Як усё гэта будзе зроблена, можна пераходзіць да больш канструктыўных рэчаў, — мяркуе Кацярына Барнукова. — Накшталт разьвіцьця сеткі дзіцячых садкоў, каб жанчыны маглі сумяшчаць выхаваньне дзяцей і прысутнасьць на рынку працы, што вельмі важна для сучаснай беларускі. Рабіць так, каб і бацька мог больш удзельнічаць у выхаваньні дзяцей, асабліва малых, да трох гадоў. Але гэта ўсё пачне працаваць толькі тады, калі фактары няпэўнасьці зьнікнуць».
Падзеньне паўсюль у суседзяў
Зьніжэньне нараджальнасьці фіксуюць ня толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах.
- З 2018 году яна падае ў Расеі. Летась у Расеі нарадзіліся 1,4 мільёна малых.
- У Літве ў 2021 годзе нараджальнасьць стала самай нізкай за апошнія 60 гадоў.
- Ва Ўкраіне ў 2021 годзе таксама зафіксавалі зьніжэньне паказчыкаў. Летась там нарадзіліся толькі 133 тысячы дзяцей, гэта антырэкорд апошніх 30 гадоў.
- Адрозная сытуацыя ў Польшчы, дзе ў апошнія гады колькасьць нованароджаных дзяцей хоць зьніжаецца, але параўнальна нязначна, яна трымаецца на ўзроўні 370-380 тысяч дзяцей за год.