Паводле дадзеных на 1 красавіка, колькасьць насельніцтва Беларусі апусьцілася ніжэй за адзнаку ў 9,4 мільёна, за год яно скарацілася на 19,6 тысячы чалавек. Найперш гэта зьвязана са зьніжэньнем нараджальнасьці, адзначаюць экспэрты Дасьледчага цэнтру ІПМ.
Да такой высновы экспэрты прыйшлі з дапамогай аналізу некалькіх парамэтраў:
- агульнага каэфіцыенту нараджальнасьці (колькасьць народжаных на 1000 чалавек насельніцтва),
- спэцыяльнага каэфіцыенту нараджальнасьці (колькасьць народжаных на 1000 жанчын у рэпрадуктыўным узросьце)
- сумарнага каэфіцыенту нараджальнасьці (сярэдняя колькасьць нараджэньняў у адной жанчыны ў гіпатэтычным пакаленьні за ўсё яе жыцьцё).
Паводле аналізу экспэртаў, у 2019 годзе агульны каэфіцыент нараджальнасьці «ўшчыльную наблізіўся да самай нізкай адзнакі ў дэмаграфічнай гісторыі сучаснай Беларусі»: на 1000 чалавек насельніцтва нарадзілася 9,3 дзіцяці. І хоць гэта крыху вышэй за паказьнікі 2002–2003 гадоў, калі на 1000 чалавек нараджалася 9 дзяцей, на той момант падтрымка нараджальнасьці была мінімальная. На падзеньне агульнага каэфіцыенту нараджальнасьці ўплывае таксама зьніжэньне долі жанчын у рэпрадуктыўным узросьце ў структуры насельніцтва.
Спэцыяльны каэфіцыент нараджальнасьці таксама зьнізіўся: на 1000 жанчын у рэпрадуктыўным узросьце прыйшлося 40 дзяцей (пакуль гэта вышэй, чым «на дне» 2002-2004 гг., але тэндэнцыя да зьніжэньня працягваецца.
Сумарны каэфіцыент нараджальнасьці «няўмольны», адзначаюць экспэрты: паводле іх ацэнак, у 2019 годзе ён склаў 1,388 (у гарадах — 1,2). Гэты паказьнік меншы, чым у 1995 годзе. У той час як простаму ўзнаўленьню адпавядае сумарны каэфіцыент нараджальнасьці 2,1, падкрэсьліваюць экспэрты.
«Наша дэмаграфія, а зь ёй і будучая пэнсійная і сацыяльная палітыка, сутыкаюцца з выклікам «ненараджальнасьці», — падсумоўваюць у Дасьледчым цэнтры ІПМ.
Раней экспэрты цэнтру ўжо падлічвалі, што спад нараджальнасьці пачаўся ў 2016 годзе.