У свае 28 Ігар пасьпеў агаломшыць родны Полацак рок-гуртом Sumarok, скончыць журналістыку ў Белдзяржунівэрсытэце, заявіць пра сябе ў рэгіянальнай прэсе, паактыўнічаць у выбарчай кампаніі 2020-га і трапіць пад пільнае вока людзей у пагонах (і без), што ўрэшце і змусіла яго пакінуць Беларусь.
У Беласток
— Ужо амаль год, як вы апынуліся ў Беластоку. Чаму і як вы пакінулі Беларусь?
— Хацеў сказаць, што далёка яшчэ ня год, але паглядзеў у каляндар — жах, сапраўды. Я выехаў зь Беларусі ў ноч з 16 на 17 ліпеня 2021 году. На цягніку да Смаленску, адтуль розным транспартам да мяжы з Украінай, памежны пераход прайшоў пешшу, далей аўтаспынам да Кіева. Месяц правёў там, пакуль чакаў польскую візу — зьяжджаць жа зь Беларусі не плянаваў і блізка, нічога не рыхтаваў. Пасьля перабраўся ў Беласток. Усьляпую. Раней тут быў праездам — дый наогул нячаста за мяжу выяжджаў, не цягнула асабліва. Але ведаў, што тут павінна быць шмат беларусаў. Значыць, змагу быць карысным і, магчыма, будзе варушняк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як жыць, калі застаўся на радзіме? Беларусы расказваюць свае гісторыі ў адказ на фільм Юрыя ДудзяЧаму зьехаў?.. Тады была чарговая хваля рэпрэсій у дачыненьні да беларускіх мэдыя. Я працаваў журналістам маладачанскай незалежнай «Рэгіянальнай газэты», мы з калегамі асьвятлялі практычна ўсю пратэставую актыўнасьць у рэгіёне, і тое, калі ў рэдакцыю прыйдуць, было хіба пытаньнем часу. Да таго ж у нейкі момант сталі зьяўляцца сыгналы, што і мая асоба трапіла пад увагу сілавікоў: і за музыку, і за журналістыку, і іншую актыўнасьць, якая асабліва не афішавалася. І плюс тады ўжо пачыналі затрымліваць усіх запар, хто нават проста быў у ініцыятыўных групах патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты — а я зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку… Карацей, сямейная рада вырашыла, што мне трэба выехаць, прынамсі часова, а калі ўсё стане спакойна — заўсёды можна вярнуцца.
І вось у ноч зь пятніцы на суботу я паехаў. А ў панядзелак прыйшлі і ў рэдакцыю, і дамоў да мяне і калег.
Зоя Хруцкая і Настасься Уткіна, зь якімі мы працавалі ў «РГ», пасьля расказвалі, што сілавікі вельмі шмат пра мяне распытвалі. Цяпер дзяўчаты таксама тут, у Беластоку, — працягваем працаваць разам.
— З чаго пачалі сваё жыцьцё ў новай краіне? Як здолелі наладзіць нейкі мінімум дабрабыту для сям’і? Хто і чым дапамог?
— Мне вельмі пашчасьціла, што ў Беларусі я езьдзіў на дапатопным «Эскорце», марыў пра тое, каб набыць штосьці хоць трошкі жывейшае, і апошні час зьбіраў грошы. Назьбіраў пару тысяч даляраў — яны тут, у Польшчы, дапамаглі на першы час знайсьці жытло, побытавыя моманты ўсялякія павырашаць, падрыхтаваць і арганізаваць пераезд жонкі і дзяцей — яны прыехалі ў канцы кастрычніка. Амаль адразу пачаў падпрацоўваць, браўся за ўсё, што мог — рэдактарскія ўсялякія штукі, відэалекцыі нейкія мантажаваў.
Вельмі дапамаглі беларусы зь беластоцкай дыяспары і беластоцкі фонд «Акно на ўсход» — менавіта парадамі, куды зьвяртацца ў тых ці іншых пытаньнях. Дзякуй і падляскім беларусам — зь некаторымі зь іх, у прыватнасьці зь Яраславам Іванюком, заснавальнікам інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat, быў знаёмы, зь іншымі пазнаёміўся або разьвіртуаліўся ўжо тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ператрусу сілавікі затрымалі выдаўца Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні «Кнігаўка», забралі 200 кнігМэдыяльны «Мост»
— Апрача працы непасрэдна для штодзённых патрэбаў, вы вельмі актыўна заняліся ўсялякімі грамадзкімі беларускімі справамі. Чаму?
— Яшчэ ў ноч ад’езду я разумеў, што мяне будзе моцна штарміць па-за домам. Амаль ніколі не пакідаў Беларусі больш чым на пару дзён — хіба яшчэ як у школе вучыўся, езьдзіў у санаторый у Друскенікі. Я папсова скажу, але Беларусь для мяне — як дыхаць. Таму без разгойдваньня пастараўся ўключацца ў тую беларускую актыўнасьць, якая тут ёсьць — як найменшае з таго, што магу зрабіць. Як тое, што зьвязвае мяне з домам. Пасьля, як заводзіў усё болей знаёмстваў ды прыяжджалі новыя людзі — хваля не спыняецца, — пачыналі ладзіць нешта новае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве заснавалі беларускую творчую пляцоўку «ІнБелКульт 2.0»— Раскажыце, калі ласка, як паўставалі ў Беластоку пры вашым удзеле каворкінг (чаму, дарэчы, не назвалі гэта неяк па-беларуску?) «Мост», «Мова нанова»?
— У Беластоку ў нейкі момант утварылася крытычная маса журналістаў, і паўсталі дзьве задачы. Тыя зь іх, хто пасьля вымушанай рэлякацыі працягваў дыстанцыйна працаваць у сваіх мэдыя, ня мелі зручнага кутка. З інтэрнэтам, тэхнікай, працоўнай атмасфэрай — гэтым вось усім. І горадзенскі журналіст Руслан Кулевіч сабраў усіх калег, каго змог, прэзэнтаваў ідэю зладзіць такі каворкінг. Мы называем яго «Мэдыяпорт» — дарэчы, падобная пляцоўка ёсьць і ў Варшаве. Паспрыялі мясцовыя ўлады — прапанавалі памяшканьне ў цэнтры зь мінімальнай арэнднай платай.
Другая задача дзеліцца на два пласты. Некаторыя мэдыя, дзе працавалі журналісты, перасталі існаваць, або праца ў іх з-за мяжы была немагчымай. І ў Беластоку, дзе велізарная колькасьць беларусаў — як мінімум дзесяць тысяч, — не існавала такога СМІ, які задаволіў бы асноўныя патрэбы ў інфармацыі. Каб там былі навіны, рэпартажы, гайды, афіша падзей — гэта вось усё. Плюс ёсьць блізкая да Беластоку Горадня. Прыдумалі зрабіць мэдыя, якое было б такім сабе мостам для гэтых памежных рэгіёнаў — Падляшша і Панямоньня. Так і назвалі — «Мост», назва, па-мойму, удалая. Пачынаць з нуля заўсёды няпроста, але сабралася такая кайфовая каманда! Людзі з розных рэгіёнаў, з розным досьведам і ведамі… Запусьцілі ў студзені. Бачым, што «Мост» чытаюць.
Зьяўленьне такой беларускай пляцоўкі ў Беластоку адкрыла і магчымасьці, каб ладзіць імпрэзы. Выставы, кніжныя прэзэнтацыі, невялікія канцэрты — усё гэта робім. І ў нейкі момант Кацярына Дзерман, актывістка беларускай дыяспары Беластоку, прапанавала ў нашым «Мэдыяпорце» рабіць «Мову нанова»: маўляў, як гэта — у горадзе, дзе адна з найбуйнейшых беларускіх дыяспар, ды няма курсаў?.. У партнэрстве з фондам Tutaka ўжо правялі чатыры сустрэчы. Гасьцямі, сярод іншых, былі сьпявачка Кацярына Ваданосава, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі і журналіст Сяргей Навумчык, паэтка Анхэля Эсьпіноса Руіс. Я адзін зь вядоўцаў, на апошніх занятках выступаў і як музыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Празе прэзэнтавалі поўны збор паэзіі Мойшэ Кульбака і паэтычныя зборнікі Бахарэвіча і Цімафеевай— Колькі беларускіх уцекачоў уцягнута ў гэтыя праекты?
— «Мэдыяпорт» як практычна цэнтар беларускага жыцьця ў Беластоку прыцягвае многіх людзей — журналістаў, актывістаў, мастакоў. Вось днямі ў нас адкрылася выстава мастака Ўладзіка Бохана «Чырвоная лінія». Пазнаёміліся зь ім на адной з акцый ля беларускага консульства ў Беластоку. З пачаткам вайны ва Ўкраіне, калі ў Польшчу пачалі прыяжджаць уцекачы, зладзілі беларуска-ўкраінскую сустрэчу. Часам зьбіраецца беларуская дыяспара, падпісваем паштоўкі палітвязьням. Часта прыходзяць самыя розныя людзі, прапануюць самыя розныя ідэі — калі бачым, што можам паспрыяць іх рэалізацыі, стараемся гэта рабіць.
Палякі і беларусы
— А як рэагавалі на вашы ідэі ваяводзкія ўлады? Увогуле, якія ў вас зь імі стасункі?
— Улады Беластоку вельмі прыязна ставяцца да беларускай актыўнасьці. На адкрыцьцё «Мэдыяпорту» прыходзіў намесьнік прэзыдэнта гораду. На акцыях выступаюць прадстаўнікі ўладаў, дэпутаты. Разам з тым камунікацый у нас няшмат — бо папросту няма такой патрэбы. Тут няма такога, каб для кожнага чыху па ўзгадненьне. Гэта проста мэнэджары.
— Ці зьмянілася стаўленьне мясцовых польскіх уладаў да беларускіх арганізацый і іхных спраў з пачаткам вайны Расеі ва Ўкраіне? І як паўплывалі гэтыя падзеі на вашы далейшыя пляны па арганізацыі жыцьця беларускіх уцекачоў?
— Зразумела, з пачаткам вайны беларускае пытаньне адсунулася на другі плян. І самі беларусы ўключыліся ў дзеяньні, зьвязаныя з падтрымкай уцекачоў з Украіны. Сам езьдзіў на польска-ўкраінскую мяжу ў першыя дні вайны, завозіў дапамогу ў лягер уцекачоў у Перамышлі, трохі дапамагаў з транспартам.
У «Мосьце» мы шмат расказвалі пра тое, зь якой дыскрымінацыяй сутыкаюцца беларусы ў Польшчы праз тое, што Лукашэнка падтрымаў Пуціна ў вайне. Магчыма, і наш голас паспрыяў таму, што цяпер сытуацыя палепшылася. У Беластоку мне невядома пра выпадкі, дзе беларусы сутыкаліся б з праблемамі кшталту парэзаных колаў з прычыны беларускіх нумароў на машынах.
Мы плянавалі запускаць «Мову нанова» на пачатку сакавіка, але, зразумела, пляны адклаліся, стартавалі толькі да Дня Волі, і тое ў камандзе была пэўная дыскусія — ці час для такой ініцыятывы. Прыйшлі да высновы, што варта рабіць.
Яшчэ адзін праект — Koska.media — мы з калегамі з «Рэгіянальнай газэты», Зояй Хруцкай і Настасьсяй Уткінай, хацелі запусьціць акурат 24 лютага. Падрыхтавалі ўсё, быў назапашаны пэўны кантэнт… Але прачнуліся ў новай рэальнасьці. Увесь сьвет у новай рэальнасьці прачнуўся. Давялося шмат працаваць з канцэпцыяй. Новая дата запуску — 1 чэрвеня, такі вось анонс. Гэта будзе мэдыя, дзе будзем асэнсоўваць праблемы грамадзкай супольнасьці ў Беларусі, глядзець на пасьпяховыя прыклады разьвязаньня падобных праблем у сьвеце і разам з экспэртамі шукаць шляхі, якія найбольш пасавалі б Беларусі ў рэаліях сёньняшніх і тых, якія будуць у тым «заўтра», пра якое мы марым і да якога імкнёмся.
Вяртаньне да музыкі
— Ваша жыцьцё складаецца ня толькі з працы, грамадзкіх праектаў, але яшчэ і з асабістае творчасьці. Вы музыка, паэт. Як з гэтым цяпер у вас?
— Меней як празь месяц гурту Sumarok споўніцца 13 гадоў. Ня верыцца, па шчырасьці, што столькі часу прайшло ад таго дня, калі мы падлеткамі сядзелі на даху аднаго з полацкіх шматпавярховікаў і марылі пра тое, як будзем заваёўваць сцэну. Гітара — адна зь першых рэчаў, якую купіў у Польшчы, бо ўсе мае інструмэнты засталіся ў Беларусі. Пасьля купіў два электраарганы — ёсьць у мяне такі пункцік. Пасьля пераезду патроху пачынаў нешта пісаць. Шукаю вось музыкаў, зь якімі трапілі б у адну хвалю, каб новыя песьні атрымалі электрычнае гучаньне — пакуль жа хіба акустыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяржук Сыс: «Беларусь дэмакратызуецца пасьля перамогі Ўкраіны і паразы хворага расейскага мядзьведзя»— Ці часта выступаеце? Хто вашы асноўныя слухачы і прыхільнікі?
— У Польшчы ў мяне за час ад пераезду было некалькі выступаў, першы — перад самым Новым годам у Варшаве, у беларускім бары BeerStation Praga. Трошкі сьпяваў на імпрэзах у Беластоку, напрыклад на адкрыцьці нашага «Мэдыяпорту».
Хто мае слухачы? На канцэрты прыходзяць зусім розныя людзі. Розных узростаў, заняткаў, інтарэсаў… У мяне няма дакладнага партрэта: я сьпяваю для кожнага. І раз адгукаецца — значыць, усё нездарма.
— Што пішацца і граецца беларускаму музыку ў часе вайны за вельмі блізкай мяжой?
— Першыя тыдні наагул ня браў гітары ў рукі. Бо здавалася: як гэта — сьпяваць, калі тут, зусім блізка, ляцяць ракеты?.. Мяне пераконваюць, што варта, што музыка дапамагае. Разам з Кацярынай Ваданосавай сьпявалі на той самай беларуска-ўкраінскай сустрэчы ў Беластоку, а на нядаўняй «Мове нанова», дзе госьцяй была паэтка Анхэля Эсьпіноса Руіс, я засьпяваў, сярод іншага, песьні на ейныя вершы. Іх такіх чатыры: першую запісалі яшчэ ў 2018-м, «Зоркі былі супраць нас», а тры новыя зьявіліся сёлета. Адна — прысьвячэньне Ўкраіне. Яшчэ адна — да беларускіх жанчын-палітвязьняў. І трэцяя — такая замалёўка, якую назвалі «Што засталося». Днямі злавіў адпаведны настрой, замкнуўся ў студыі — ёсьць у нас маленечкая ў «Мэдыяпорце» — і зрабіў запіс. Гітара, голас, арган. Дзякуючы майму сябру Алесю Купцэвічу, зь якім апошнія гады акурат працуем што да саўнду, гэта ўсё ўпакавалася ў гатовы сынгл. У ноч з 10 на 11 траўня адбыўся рэліз.
Песень ад 2020 году набралася на невялікі альбом. І больш за ўсё цяпер я б хацеў запісаць яго ў Беларусі і праехацца з прэзэнтацыямі па беларускіх гарадах. Гэта такая маленькая, наіўная, але важная частка ўнутранай матывацыі рабіць усё магчымае, каб імкнуцца да перамогі здаровага сэнсу ў Беларусі. Кожны па кроплі — разам здолеем.
Ужо пасьля таго, як інтэрвію зь Ігарам Палынскім было падрыхтавана да друку, ён нам паведаміў наступнае: «У сярэдзіне траўня стала вядома, што суд у Горадні прызнаў MOST экстрэмісцкім выданьнем. Рашэньне вынесьлі яшчэ 28 красавіка. Але, вядома, мы працягваем пісаць праўду і імкнуцца аб’ядноўваць людзей па абодва бакі мяжы — рабіць усё тое, чым ёсьць наша місія».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэтка Полацку Іна Снарская: «Усе свае лепшыя беларускія вершы я напісала ва Ўкраіне»