«Адзіным рашэньнем ваеннага канфлікту ва Ўкраіне можа стаць неадкладная капітуляцыя ўкраінскіх улад безь якіх-небудзь папярэдніх умоў», — заявіў дэпутат Савіных.
Для тых, хто сочыць за рэальнымі навінамі, заява гучыць, як зь іншага сьвету. Па-за лёгікай і здаровым сэнсам. І я спрабую зразумець, адкуль такое бярэцца. Заўсёды ўсё прымяраеш на сябе. Я заходжу ў прымерачны пакой і апынаюся дзесьці ў савецкіх 1970-х, калі ўсе гэтыя людзі, якія цяпер атачаюць Лукашэнку, гадаваліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Савіных заявіў у ПА АБСЭ пра неабходнасьць «неадкладнай капітуляцыі» Ўкраіны і «новых выбараў»Зрэшты, час тут мала што значыць. Значыць — «бацькоўская дзяга». Яны гадаваліся ў «традыцыйных каштоўнасьцях», дзе папруга займала ў сямейнай ярархіі галоўнае месца. І вось умоўна старэйшы Савіных заклікае свайго ўмоўна малодшага брата «слухаць бацьку», бо той ня толькі б’е, але і апякае. Бяз бацькі мы нікуды, мы ніхто. Апроч бацькі, мы нікому не патрэбныя.
Такі калектыўны партрэт і калектыўная ідэалёгія ўсіх гэтых людзей у пампэзнай залі, аформленай у стылі агратрэш. Усіх, хто там застаўся ў выніку доўгай, у чвэрць стагодзьдзя, сэлекцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыкаХто такія ўсе гэтыя галоўчанкі, качанавы, андрэйчанкі? Можа быць, у іх ёсьць нейкія таленты ці заслугі, ці воля прымаць рашэньні? Можа, іх выбраў народ?
Мы абсалютна нічога ня можам сказаць пра іх чалавечыя ці прафэсійныя якасьці. І як пэрсанажы гэтага дзейства яны нічым не адметныя, не адрозьніваюцца адно ад аднаго.
Мы можам хіба што распускаць на мэмы цытаты іхнага глупства. Яны быццам недарослыя розумам падлеткі, якія ніколі нічога ў жыцьці ня зробяць самі, бо ведаюць толькі «бацькаву папругу».
І самае галоўнае — надзеленыя ўладай, яны лічаць такую карціну сьвету адзіна магчымай ня толькі для сябе і сабе падобных, але і для цябе, і для мяне, для ўсёй Беларусі — і для Ўкраіны таксама. Таму Ўкраіна «павінна капітуляваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Учора ў крэсьле міністра, сёньня — на нарах. Лукашэнка спрабуе абнуліць усе прэтэнзіі намэнклятуры на асаблівы статусРэмень у ідэалёгіі гэтай публікі найважнейшы, але, што істотна, гэта — таямніца. Мы так жывём, але пра гэта не гаворым. Мы выдатна разумеем, што гэта непрыстойна і няправільна з гледзішча цывілізаванага сьвету, і таму мы гэта старанна хаваем. Мы забіваем Бандарэнку, але гэта — тссс! — таямніца. Мы ня можам парушыць гэты парадак.
Наадварот, мы ўсяляк беражом яго. У 2018-м, калі рашуча адкінулі праект закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту». У 2020-м, калі сарвалі выбары прэзыдэнта. Бацьку не выбіраюць, як і дзяцей (нас) таксама ніхто выбіраць ня мае права. Нарэшце, у 2022-м, калі Савіных заклікаў Украіну капітуляваць. Гэта ўсё праявы аднаго шэрагу, аднаго служэньня «бацькавай дзязе».
Гэта стан «безоговорочности». Толькі замест безумоўнага «не забі» (у нас тут «ня ўсё так адназначна», як у Бібліі) безумоўным становіцца Масква. «Сталіца нашай родзіны» — як убівалі ў галовы ў 1970-я. Так яно зь дзяцінства і ўрасло ў шкілет. І зусім ужо блізкае сэрцу, патаемнае: у Маскву калектыўны Савіных можа пайсьці на падвышэньне. Гэта малаверагодна, вядома, але думаць пра такое прыемна і хочацца. Гэта заварожвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса АкунінаДругая сьвятыня ў гэтым сьпісе безумоўных каштоўнасьцяў — «русскій язык». Новая эпоха паставіла яго ў шэраг зь іншымі: цяпер «выбраць мову» — на кожным кроку. Насамрэч выбраць нельга. Мы не павінны падманвацца. Толькі «по-русски можно сказать что-то великое». Гэта безагаворачна. Не спрабуйце аспрэчыць. Так закладзена ў базу. Гэта таксама заварожвае.
Трэцяя сьвятыня — вайна. Праекцыя «бацькавай папругі». Калі вайну вядзе Масква, калі гэта вайна за русскій язык, то вайна сьвяшчэнная. Безагаворачна. Вось чаму «Ўкраіна павінна капітуляваць». Калі Масква правядзе там русыфікацыю (навядзе свой парадак), тады можаце выбіраць, нават з назіральнікамі АБСЭ (ясна, што іх ня будзе, праходзілі неаднойчы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вайне ва Ўкраіне загінуў камандзір атраду Павал «Волат» — шосты беларускі баец з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня РасеіТое, што ў нас называюць выбарамі — зусім не пра выбар. «Бацькаву дзягу» выбіраюць толькі аднойчы, паводле абставінаў нараджэньня. Як і Маскву, «язык» і вайну.
І калі ў 1970-я людзі ўсім гэтым пранікаліся, дык забойства мірных жыхароў збольшага не ўхвалялі. Цяпер жа побач з Масквой, «языком» і вайной цалкам абясцэнілася каштоўнасьць чалавечага жыцьця. Для іх неістотна, чыйго — Бандарэнкі ці самога Савіных.
У агратрэшавай залі дарэшты выветраныя нават намёкі на тое, што чалавек — гэта каштоўнасьць, што народ — гэта ня патасная біямаса, а суб’ект палітыкі. Ну які ты суб’ект, «ну якое Ўкраіна гасударства»? Бяз «бацькавай папругі». І чалавек са сваім жыцьцём, нават калі гэта ты сам, нічога ня значыць. «Бацька» ж і прыбіць цябе можа дзеля парадку. Мае права. Парадак найперш.
Адкуль людзі, якія не разумеюць каштоўнасьці ўласнага жыцьця, могуць скласьці ўяўленьне пра каштоўнасьць жыцьця ўвогуле?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Андрэй Зубаў: «Пераварот у Расеі непазьбежны. Рэжым Лукашэнкі пражыве бяз Пуціна адзін тыдзень»Трэба зразумець, што паміж праўдай і хлусьнёй няма абсалютна ніякай розьніцы. Гэта ўсё другаснае, у кніжках. Таму праўдай мы называем тое, што кажа «бацька», а калі ня верыцца, дык матывацыя — вакол ворагі. Ворагі — гэта сур’ёзна, пра хлусьню і праўду ўжо ня думаецца. Прычым ворагі ня тыя, ад каго трэба бараніцца, а тыя, каго трэба зьнішчаць (гэта і называецца ў іх — бараніцца). Зьнішчаць — матывацыя найвышэйшага ўзроўню.
Трэба трымацца «бацькі», бо інакш адчуеш сябе зусім безабаронным і адзінокім — гэта самае страшнае для іх, апынуцца зусім адным у натоўпе такіх самых адзінокіх, як і ты, «ніхтоў». Без апекі, бяз клопату, без забесьпячэньня, хай сабе мінімальнага. Добра не жылі — і ня трэба. Вось жа гэтая самая апека ад самоты нашмат даражэйшая за жыцьцё. І жыцьцё ў шэрагу абясцэненых чалавека і народу займае месца абясцэненага трэцяга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яны ня могуць не хлусіць. Калі мы перастанем пачувацца безь віны вінаватыміКалісьці ў дакумэнтальным фільме пра КНДР мне запомніўся аргумэнт маладой карэйскай жанчыны: «Вы, заходнія людзі, нас не зразумееце: мы шчасьлівыя, бо ў нас ёсьць бацька, і мы шчасьлівыя, як дзеці. У вас бацькі няма, і вы часта няшчасныя». Тая карэянка сапраўды была шчасьлівая.
Калі ў бацькі цьвёрдая рука, орднунг і мацавікі — які можа быць пры тым «моцны народ», то бок мы (усе), якія бяз «бацькі» нішто, выкінутыя ў невыносную самоту кавалкі біямасы.
Помню папулярныя дыскусіі часоў перабудовы. «На чорта нам тая свабода? Што гэта такое — свабода? Свабода ад чаго?» Не было разуменьня. Бо неяк з савецкіх часоў свабода асацыявалася з усёдазволенасьцю і распустай. І прапаганда, вядома ж, падтрымлівала гэты вобраз «капіталістычнай вольніцы».
Даводзілася недзе сваім розумам даходзіць, што свабода — гэта ўсяго толькі непадзельная адказнасьць. І пры тым — зусім іншы сьвет. Рабі што хочаш, але за ўсё адказваеш толькі ты сам. Ты не дзіця, каб за цябе адказваў нейкі «бацька», а ты пры тым пачуваўся безумоўна шчасьлівым. Няма ніякага «бацькі». Няма ніякай апекі, якая б замяняла табе тваю свабоду. А бяз гэтага агромністы сьвет для цябе — страшны. І калі Пуцін дазваляе табе забіваць украінскіх дзяцей, тым самым вызваляючы цябе ад адказнасьці, ён вызваляе цябе ад свабоды, і ў Расеі ты атрымаеш свой мэдаль раба, а ва Ўкраіне цябе будуць судзіць. Ня Пуціна, а цябе. Страшна апынуцца аднаму, калі ўсе іхныя законы супраць цябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто пасьля забойстваў у Бучы будзе разьбірацца з жахамі Акрэсьціна? Шчасьліўчыку Лукашэнку зноў шанцуе? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яны ня могуць не хлусіць. Калі мы перастанем пачувацца безь віны вінаватыміАд таго, што ў карціне сьвету твайго «бацькі» (і тваім) Ўкраіна — ніякая не дзяржава і ніякі не народ, ты пачынаеш гаварыць, што Ўкраіна мусіць безумоўна капітуляваць. Але ёсьць Украіна і ўкраінскі народ — і гэта цэлы агромністы сьвет, і бляск вачэй ва ўнісон. І табе становіцца страшна. Бо з гэтага боку — толькі ты са сваім самотным «мненіем», прадыктаваным тваёй прыватнай несвабодай і больш нічым.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.