Масавыя ператрусы ў валянтэраў ініцыятыўнай групы Бабарыкі
У Менску праходзяць масавыя ператрусы ў валянтэраў ініцыятыўнай групы былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, які ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Падстава — нібыта «зьліў дадзеных» ЧКБ і «Карателям Беларуси». Паводле папярэдняй інфармацыі, у красавіку сілавікі затрымалі аднаго з валянтэраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і зараз прыходзяць па тых кантактах, што знайшлі ў ягонай запісной кніжцы.
Праваабаронцам паведамілі пра ператрусы ў Дзьмітрыя Альшанікава, Тацяны Стрыжнёвай, Глеба Браіма, Аляксея Буцерава. Вядома, што ператрусы праходзяць і ў іншых людзей.
Пры спробе выехаць за мяжу затрымалі 25-гадовую мянчанку
Тэлеграм-канал ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманьне Рэнаты Сальмановіч. У «пакаяльным відэа» дзяўчына «прызнаецца» ў тым, што ўдзельнічала ў акцыі пратэсту ў дзень выбараў і нібыта стаяла на барыкадах. Праваабаронцам вядома, што дзяўчыну затрымлівалі 9 жніўня 2020 году. Паведамляецца, што Рэнату затрымалі пры спробе выехаць за мяжу, піша «Вясна».
За відэа з ваенным самалётам пінчуку пагражае да 6 гадоў зьняволеньня
Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачаньні 23-гадовага жыхара Пінскага раёну «ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле ведамства, што ён зьняў на відэа вайсковы самалёт, а потым скінуў відэа тэлеграм-каналам, «інфармацыйная прадукцыя якіх рашэньнем суда прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Маладога чалавека абвінавачваюць паводле ч.1 арт.361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Яму пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
У Менску затрыманы Яўген Сарока
ГУБАЗіК паведамляе, што яго затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту, аднак пасьля атрыманьня доступу да яго тэлефона стала вядома, што Яўген нібыта «зьліваў дадзеныя сілавікоў у экстрэмісцкія фармаваньні», піша «Вясна».
Яму інкрымінаваны арт. 342 КК (ГУБАЗіК называе яго «ст. 342 УК Белоруссии») і яшчэ некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Яшчэ два тэлеграм-каналы прызналі экстрэмісцкімі
Паводле заявы пракуратуры Менску, інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-каналаў «Это Минск, детка» і «Partyzan» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 траўня: 3 месяцы арышту за сарваны сьцяг; пабіты сілавікамі брат палітвязьня не выходзіць на сувязь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 траўня: студэнта асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за паведамленьні ў чатах і ўдзел у маршы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 траўня: 2,5 года «хіміі» за адну акцыю пратэсту