Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 траўня: 2,5 года «хіміі» за адну акцыю пратэсту


Адна з акцый пратэсту ў Менску ў жніўні 2020 году
Адна з акцый пратэсту ў Менску ў жніўні 2020 году

У Беларусі працягваюцца суды над грамадзянамі, якія пратэставалі супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе.

Удзельніцу акцыі пратэсту паўгода трымалі ў СІЗА і асудзілі на 2,5 года «хіміі»

Суд Маскоўскага раёну Менску абвясьціў вырак у крымінальнай справе Анастасіі Пацехінай. 23-гадовую дзяўчыну абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Па матэрыялах абвінавачаньня, Пацехіна на адной з пасьлявыбарчых акцый пратэсту «разам зь іншымі, нявызначанымі асобамі груба парушала грамадзкі парадак, выходзіла на праезную частку вуліц, чым замінала працы грамадзкага транспарту; на законныя патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі не рэагавала».

Прысуд вынес судзьдзя Сяргей Кацар, раней ужо заўважаны ў прысудах у «палітычных» справах.

У Слоніме судзьдзя папрасіў абвінавачанага выканаць гімн Беларусі той пагадзіўся і прасьпяваў

У судзе Слонімскага раёну судзьдзя Сяргей Манько папрасіў у абвінавачанага ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу) Яўгена Іваноўскага выканаць гімн Беларусі, і той пагадзіўся, паведамляе «Вясна».

Як перадаюць праваабаронцы, раней Яўгена Іваноўскага асудзілі на 2 гады і 3 месяцы калёніі па абвінавачаньні ў крадзяжы (частка 2 артыкула 205 КК). Да суду па цяперашняй справе Іваноўскі адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі. За крадзеж сьцяга яго раней арыштавалі на 15 сутак па арт.11.1 КаАП, і толькі ў калёніі Іваноўскі даведаўся, што за гісторыю са сьцягам на яго завялі крымінальную справу.

Па вэрсіі сьледзтва, позна ўвечары 18 чэрвеня 2021 году каля крамы «Каласок» у Слоніме Іваноўскі вырваў з мацаваньня сьцяг Беларусі, пры гэтым частка дрэўка, на якім мацаваўся сьцяг, зламалася. У матэрыялах справы пазначана, што абломкі дрэўка абвінавачаны «выкінуў у неўстаноўленым месцы», а сам сьцяг паклаў сабе ў кішэню.

Іваноўскі не прызнаў віны і сказаў, што сапраўды зьняў сьцяг, але ня зьдзекаваўся зь яго, а дрэўка зламалася выпадкова. Ён расказаў, што хацеў вывесіць сьцяг на фасадзе ў Дзень Незалежнасьці, але ня меў грошай купіць, таму вырашыў яго выкрасьці. На судзе Іваноўскі сказаў, што вельмі паважліва ставіцца да беларускага сьцяга. Судзьдзя спытаўся ў яго, што сымбалізуе кожны з колераў на сьцягу, і мужчына адказаў на пытаньне правільна. Тады судзьдзя спытаўся, ці ведае ён гімн Беларусі і ці можа прасьпяваць. Іваноўскі адказаў «Лёгка!» і выканаў просьбу судзьдзі.

Пракурор запрасіў для абвінавачанага 3 месяцы арышту. Судзьдзя вынес такое пакараньне. Шляхам паглынаньня стражэйшым пакараньнем менш строгага яму прызначылі такі ж тэрмін у калёніі, які і быў раней.

Берасьцейскага студэнта абвінавачваюць па 5 артыкулах Крымінальнага кодэксу за распаўсюд зьвестак сілавікоў

Паводле вэрсіі сьледзтва, 23-гадовы студэнт зь Берасьця на электронным рэсурсе «ажыцьцяўляў незаконны збор і прадастаўленьне інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іх блізкіх у мэтах абразы, прымяненьня да іх гвалту, зьнішчэньня і пашкоджаньня маёмасьці», паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Сьцьвярджаецца, што ён стварыў віртуальную кнопку на нейкім сайце «для вываду інфармацыі для друку» і накіраваў сваю распрацоўку ў чат-бот тэлеграм-канала, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім».

Яго дзеяньні кваліфікавалі па 5 артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 364, арт. 365, арт. 366, арт. 369 і арт. 203 — з прымяненьнем ч. 6 арт. 16 КК (дапамога ў зьдзяйсьненьні пералічаных у артыкулах злачынстваў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG