Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 траўня: студэнта асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за паведамленьні ў чатах і ўдзел у маршы


Судовая заля. Ілюстрацыйнае фота
Судовая заля. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюць выносіць палітычна матываваныя прысуды.

6 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні вынесьлі прысуд 18-гадоваму студэнту Кірылу Кетурку.

Судзьдзя Маргарыта Ланцэвіч абвінаваціла яго паводле ч. 1 арт. 342 КК і асудзіла на 2,5 года «хатняй хіміі». Хлопца вызвалілі ў залі суду.

Згодна з абвінавачаньнем, ён «натхняў» сваімі публікацыямі ўдзельнікаў гарадзкіх тэлеграм-чатаў.

Сярод камэнтароў: «ВСЕ В ЦЕНТР!», «К танку», «Идем!!!», «Зачем бояться автозаки??????????», «Никто не знает, просто подходите в центр», «Админы, дайте команду где собираться всем» і іншыя.

Акрамя таго, 6 верасьня Кірыл Кетурка ўзяў удзел у вулічным шэсьці, «адмаўляючыся выканаць патрабаваньні супрацоўнікаў і спыніць супрацьпраўныя дзеяньні».

У суд перадалі справу бабруйчаніна, якога абвінавачваюць у «акце тэрарызму»

Праваабаронцам стала вядома аб завяршэньні крымінальнай справы супраць 29-гадовага Віталя Мінкевіча. Яе накіравалі ў пракуратуру для перадачы ў суд.

Падобна, у гэтай жа справе пачнецца судовы працэс супраць яшчэ дваіх — Казлова і Ермаловіча.

Мужчын абвінавачваюць у тым, што ў жніўні-верасьні 2021 году яны «зьдзейсьнілі дзеяньні тэрарыстычнага характару».

Тады УУС Магілёўскага аблвыканкаму заявіла, што каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна знойдзены прадмет, падобны да выбуховага прыстасаваньня. Падобныя прадметы работнікі БЧ знайшлі 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначных станцый Цітаўка і Бабіна, а 16 верасьня падобны прадмет знайшоў прадавец «Табакеркі» каля самага гандлёвага кіёску ў Бабруйску.

Таксама сілавікі палічылі тэрактам спаленьне стралковага ціру, які належыць вайсковай частцы 5527 (Бабруйск).

Адразу пасьля першага эпізоду ГУБАЗіК і КДБ пачалі масавую аблаву на людзей, якія выходзілі на мірныя акцыі пратэсту — дзясяткі чалавек прайшлі праз допыты і паліграф.

30 верасьня УУС Магілёўскага аблвыканкаму выпусьціла відэа, на якім Віталь Мінкевіч прызнаецца ў закладаньні «вучэбных мінаў» на чыгунцы «разам з Косьцем» (мабыць, Канстанцінам Ермаловічам).

Ксяндза з Горак аштрафавалі за «экстрэмісцкі» рэпост

Ксяндзу Андрэю Кеўлічу прызначылі штраф 20 базавых велічыняў.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», адзначаючы, што ксяндза затрымалі 18 красавіка адразу пасьля імшы ў касьцёле ў Горках на Магілёўшчыне. Падставай для затрыманьня стаў рэпост з «экстрэмісцкага» каналу. На Кеўліча склалі пратакол і потым выпусьцілі з РАУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG