Міністэрства аховы здароўя працягвае клапаціцца пра беларусак і беларусаў і прыпыняе ліцэнзію сеткі прыватных клінік «ЛОДЭ». У сваім тэлеграм-канале міністэрства прыводзіць сьпіс парушэньняў, якія нібыта прывялі да такога фіналу. Але калі вам даводзілася шмат сутыкацца зь дзяржаўнай беларускай мэдыцынай, вас гэты сьпіс ня ўразіць. Бо відавочна, што рэч увогуле ня ў ім.
У дзяржаўных паліклініках і лякарнях заўжды ёсьць парушэньні, але нешта я ня памятаю выпадкаў, каб Мінздароўя заявіла: «Не атрымліваецца ў нас кіраваць мэдыцынай, сыходзім усім міністэрствам у адстаўку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прыпынілі ліцэнзіі кампаній «ЛОДЭ» і «Клініка А1». Што пра іх вядомаАтака на прыватную мэдыцыну — гэта чарговы крок у татальнай дзяржаўнай манапалізацыі Беларусі. Лукашэнка добра зразумеў у 2020 годзе, што незадаволенасьць у людзей зьяўляецца тады, калі яны ведаюць, што жыцьцё можа быць лепшае. А адкуль бярэцца такая ўпэўненасьць? Ад магчымасьці параўноўваць. Вось і трэба гэтай магчымасьці беларусак і беларусаў пазбаўляць. Адразу ўсе шляхі адрэзаць не атрымаецца, дык можна пачаць з «ЛОДЭ».
Зноўку ж, у дзяржаўных клінік так будзе больш магчымасьцяў зарабляць грошы — людзі будуць вымушаны карыстацца платнымі паслугамі ў іх.
Гэта такі спосаб барацьбы з канкурэнцыяй, і ён характэрны ня толькі для мэдычнай сыстэмы. Такой жа лёгікай карыстаўся, напрыклад, «Беллегпрам», патрабуючы абмежаваць крамы сэканд-хэнд у буйных гарадах. Калі дзяржаўнае прадпрыемства ў Беларусі з трэскам прайграе на рынку прыватным, яно не стараецца палепшыць уласную працу, а шукае спосабы пазбавіцца «прыватнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьвязаны са «справай артапэдаў» Віктар Лукашэнка. Дактары абмяркоўваюць розныя вэрсііАле ў выпадку з мэдыцынай гэта ня проста брудная эканамічная гульня, а частка дзяржаўнага тэрору, які пануе ў Беларусі апошнія амаль два гады. Дзяржава ня можа атрымаць ад людзей шчырую ляяльнасьць? Яна возьме сваё прымусам.
Немагчыма прымусіць чалавека любіць дзяржаўную мэдыцыну, але можна прымусіць ёй карыстацца. А так і напрацоўваецца патрэбная статыстыка, вакол якой круціцца ўся дзяржаўная мэдыцына ў Беларусі. Праўда, ня надта зразумела, навошта пад статыстыку падганяць рэальнасьць. Падчас пандэміі міністэрства не замарочвалася і выдавала статыстыку сьмяротнасьці, якая ўвесь час абвяргалася мэдыкамі з канкрэтных лякарняў. Часта ж бывала так, што ў рэальнасьці толькі ў адной лякарні за суткі памірала ад ковіду больш людзей, чым афіцыйна — па ўсёй краіне. І ніводзін чалавек зь Мінздароўя не адказаў за гэтую хлусьню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раённая анамалія»? Лічбы памерлых ад COVID-19 у Беларусі могуць быць заніжаныя ў сем разоўА цяпер яны пазбаўляюць ліцэнзіі буйную прыватную сетку мэдцэнтраў, яшчэ больш пагаршаючы якасьць жыцьця людзей у Беларусі. І ім пляваць, што гэта абмяжуе доступ людзей да своечасовай дыягностыкі і лячэньня. Што дзяржаўныя лякарні і паліклінікі банальна ня будуць спраўляцца з плыньню пацыентак і пацыентаў.
Зрэшты, гэта і не навіна, што Мінздароўя, як і іншыя дзяржаўныя структуры ў Беларусі, не клапоціцца пра людзей. Але на фоне гісторыі пра «ЛОДЭ» яшчэ больш абсурдна выглядае цяперашняя прапаганда, якая расказвае, што ў Эўразьвязе людзі галадаюць і вельмі кепска жывуць. Спаць ня могуць, хочуць у Беларусь. Набыць солі і, магчыма, схадзіць у паліклініку, пастаяць тры гадзіны ў чарзе на флюараграфію.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.