«Рупар Крамля»
Выдавец і бізнэсовец Пэтар Гаек, які ў свой час быў прэс-сакратаром былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Клаўса, — стваральнік чэскага сайту Protiproud. Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну гэты сэрвэр азначыў як «выразаньне язвы скальпэлем», каб «прачысьціць рану, якая гноіцца». Прыпісаў разьню мірных жыхароў у Бучы, якую сьведкі назвалі справай рук расейскіх агрэсараў, «украінскім нацыстам». Спрабаваў нацкаваць жыхароў Чэхіі на жанчын і дзяцей, якія ўцякалі ад вайны, малюючы іх «ордамі» альбо «бандамі».
На патрабаваньне вайсковай выведкі Чэхіі сайт заблякаваны ад красавіка. «Удзельнічае ў гібрыдных дзеяньнях на карысьць агрэсіўных крокаў Расейскай Фэдэрацыі», — напісалі пра яго журналісты, а самога Гаека назвалі «рупарам Крамля».
Вэб-парталам Protiproud, што можна перакласьці як «Супраць плыні», кіравала аднайменная кампанія Гаека з грашовым абаротам у сотні тысяч крон. Аднак, паводле досьледу Aktuálně.cz і HN, гэта толькі адна з узаемазьвязаных кампаній і асацыяцый, паміж якімі перамяшчаюцца грошы. Гаек адмаўляецца камэнтаваць свой бізнэс. «Якая вам справа? Гэта прыватны праект», — сказаў ён журналістам і паклаў слухаўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія першай паслала Ўкраіне цяжкое наступальнае ўзбраеньнеМаладая беларуска-«інвэстарка»
Пошук Aktuálně.cz і HN выявіў, што стратнае распаўсюджваньне ідэй прарасейскіх дэзынфарматараў з 2018 году аплачвалі непразрыстыя кампаніі ў асобе беларускі Аліны Генрыхаўны Ванечкавай, якой на той час было 27 гадоў. На пытаньне, адкуль узяліся грошы, яна праз тэлефон адказала журналістам, што ня памятае, і таксама адключылася
У выдавецкай сетцы Гаека яна прадстаўляла ў якасьці саўладальніцы, напрыклад, кампанію па стварэньні траставых фондаў, якія можна выкарыстоўваць для прыкрыцьця сапраўдных уладальнікаў.
Распаўсюд дэзынфармацыі праз крэдытораў
Выдавецтва Česká citadela, якое афіцыйна належала Гаеку, у апошнія гады выдавала кнігі вядомых дзеячоў прарасейскай сцэны, якія публікаваліся і на ягоным партале. У кнігах шырыліся тэорыі змовы і нянавісьць да ЗША.
Невядома, колькі кампанія Гаека заплаціла дэзынфарматарам за кнігі. Але, паводле фінансавых справаздач, яна некуды выдаткавала 15 мільёнаў крон.
Як стала вядома журналістам, усе гэтыя мільённыя выдаткі кампэнсавала беларуска Ванечкава. За тры гады тры кампаніі, якія афіцыйна кантралявала Ванечкава, сталі саўладальнікамі выдавецтва Гаека амаль на чвэрць. Журналістам яна не патлумачыла, што прымусіла яе інвэставаць у чэскую фірму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым былога паліцыянта ўразіла ўкраінская тэрытарыяльная абаронаНяўлоўная Ванечкава
Саму Ванечкаву не ўдалося знайсьці ў Чэхіі па адрасе, дзе яна афіцыйна прапісаная. Суседзі ніколі пра яе ня чулі. Яе кватэра зарэгістраваная на кампанію. У Facebook яна пісала, што вучылася ў Адкрытай эўрапейскай акадэміі эканомікі і палітыкі ў Празе. На пачатку красавіка мытня затрымала яе дыплём на латвійска-расейскай мяжы — акадэмія такіх не выдае.
Сваё выдавецтва «Чэская цытадэль» Гаек заснаваў у 2017 годзе. Неўзабаве ён знайшоў для яго інвэстара — Invest & Property Consulting (IPC). Ванечкава, яшчэ пад дзявочым прозьвішчам Цьвірко, называла сябе тады ў сетках галоўным бухгальтарам. Але журналісты высьветлілі, што яна выступала на правах саўладальніцы кампаніі.
Пра гэта сьведчыць і натарыяльны акт ад 2019 г., і сама кампанія тады была вымушаная пацьвердзіць, што структура ўласнасьці IPC складаецца з дваіх уладальнікаў, адна зь якіх Аліна Ванечкава. Цяпер у кампаніі паведамілі, што беларуска ўсё яшчэ працуе тут — у складзе топ-мэнэджмэнту.
Муж беларускі, чэх Ладзіслаў Ванечак, — адзін з партнэраў кампаній, зьвязаных з IPC. Чалавек з такім жа прозьвішчам зарэгістраваў зыходны інтэрнэт-дамэн кампаніі. У 2018-м Ванечак быў асуджаны на 3,5 года турмы за махлярства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Чэхіі папрасіў прэм’ера адкрыць у Празе офіс беларускай апазыцыіБліскучая бізнэс-кар'ера
У 2018 годзе, калі кампанія набыла долю ў выдавецтве Гаека, структура яе ўласнасьці была незразумелая. Згодна з Камэрцыйным рэгістрам, яе кантралявала аднайменная кампанія з ЗША, якая належала іншай кампаніі з Сэйшэльскіх астравоў. Яе ўладальнік не адсочваецца.
У 2019 годзе IPC прадала выдавецтва Гаека кампаніі Target Investments. За тры месяцы да гэтага Ванечкава стала старшынёй рады дырэктараў і статутным дырэктарам Target Investments. Незадоўга да яе прызначэньня ў Target Investments пачаўся нечаканы рост. Згодна зь фінансавай справаздачнасьцю, у 2017 годзе кампанія не вяла ніякай дзейнасьці. Праз год хтосьці ўклаў у яе амаль 70 мільёнаў крон, а ў 2019 годзе яе абарот склаў звыш 400 мільёнаў. У фірмы з двума работнікамі.
Такім чынам, беларуска зь незразумелым дыплёмам і нявызначаным месцам жыхарства Аліна Ванечкава за тры гады прадстаўляла тры кампаніі, у якія невядомыя інвэстары ўклалі сотні мільёнаў крон зь незразумелых крыніц, а кампаніі, у сваю чаргу, фінансавалі прарасейскую дэзынфармацыю, прыходзяць да высновы журналісты.