Аб гэтым кіраўнік чэскай дзяржавы паведаміў падчас размовы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якая адбылася 30 сакавіка ў Празе.
Паводле слоў Мілаша Зэмана, ідэя стварэньня ў Празе «беларускага офісу для кантактаў» ці «беларускага дома» ўзьнікла пасьля яго леташняй сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай.
«Прадстаўнікі Беларусі вельмі віталі б такую плятформу з практычных і палітычных прычынаў. Спадар прэзідэнт распавёў, што нядаўна накіраваў ліст прэмʼер-міністру Пятру Фіяле з просьбай дамагчыся стварэньня ў Празе офісу ці іншай плятформы, якая дапамагала б беларускай апазыцыі і незалежнай грамадзянскай супольнасьці», — заявіў прэс-сакратар чэскага прэзыдэнта Іржы Оўчачак.
Тым часам дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў пра вырашэньне пытаньня біямэтрычных картак для беларусаў у Чэхіі.
«Чэхія памяняла заканадаўства і будзе даваць беларусам на тэрыторыі Чэхіі біямэтрычныя карткі — віды на жыхарства. Такім чынам вырашаная праблема соцень людзей. Сьвятлана Ціханоўская правяла званок з міністрам замежных спраў Ліпаўскім, а Валер Кавалеўскі правёў кансультацыі па гэтай тэме ў панядзелак — і мы дзякуем міністру ўнутраных справаў за разуменьне і беларусам Чэхіі за іх актыўнасьць. Яшчэ трэба вырашаць пытаньне зь візамі і абаронай для беларускіх уцекачоў з Украіны. Мы працягваем гэтую працу», — сказаў Франак Вячорка.