Галоўнае на гэты момант
- Расея паабяцала «калідор» на «Азоўсталі» для цывільных асоб. У Кіеве папярэдзілі пра магчымы падман.
- Дзяржсакратар і міністар абароны ЗША таемна наведалі Кіеў і правялі перамовы зь Зяленскім.
- У Бранску на 2 нафтабазах успыхнулі пажары, відавочцы казалі пра выбухі.
- Расейцы ідуць на штурм Папаснай на Луганшчыне.
- Некалькіх супрацоўнікаў місіі АБСЭ затрымалі ў Луганску і Данецку.
- У Мінабароны Расеі абвясьцілі мэту другога этапу вайны ва Ўкраіне — выхад у Крым і Прыднястроўе.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 25 красавіка
Зяленскі правёў сустрэчу зь дзяржаўным сакратаром і міністрам абароны ЗША
Энтані Блінкен і Лойд Остын напярэдадні прыбылі зь візытам ва Ўкраіну. Зяленскі адзначыў важнасьць наведваньня Кіева амэрыканскімі высокапастаўленымі чыноўнікамі «ў гэты адказны для Ўкраіны момант».
«Мы цэнім, што Злучаныя Штаты Амэрыкі беспрэцэдэнтна дапамагаюць Украіне. Хачу ад сябе асабіста і ад усяго ўкраінскага народу падзякаваць прэзыдэнту Байдэну за яго лідэрства ў падтрымцы Ўкраіны, за яго асабістую выразную пазыцыю. Падзякаваць усяму амэрыканскаму народу, а таксама Кангрэсу за двухпалатную і двухпартыйную падтрымку. Мы бачым гэта. Мы гэта адчуваем», — падкрэсьліў ён.
Зяленскі абмеркаваў з дэлегацыяй ЗША абаронную дапамогу, узмацненьне санкцый супраць Расеі, фінансавую падтрымку Ўкраіны і гарантыі бясьпекі. Ён адзначыў, што ўжо нададзеная Злучанымі Штатамі абаронная падтрымка на агульную суму 3,4 мільярда даляраў — найбольшы ўклад ва ўмацаваньне абараназдольнасьці Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар і міністар абароны ЗША таемна наведалі Кіеў і правялі перамовы зь Зяленскім. ФОТАУ Бранску на 2 нафтабазах успыхнулі пажары
Расейскія СМІ раніцай паведамілі аб пажары на дзьвюх нафтабазах у Бранску. Журналісты са спасылкай на Міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі паведамлялі менавіта аб загараньні нафтабазаў — спачатку адной, а потым другой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажар ці падрыў? Чаму загарэліся нафтабазы ў Бранску і што пра іх вядома. ФОТА17 чалавек загінулі на пажары ў НДІ ВКС Расеі
Колькасьць загінулых на пажары ў Навукова-дасьледчым інстытуце войскаў паветрана-касьмічнай абароны Расеі ў Цьверы павялічылася да 17 асобаў, паведамляе РИА Новости са спасылкай на ўрад Цьвярской вобласьці. Зь іх апазналі толькі пяцёх. Пажар у інстытуце адбыўся 21 красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея паабяцала «калідор» на «Азоўсталі» для цывільных асоб. Кіеў: «Дамоўленасьцяў па гуманітарных калідорах з „Азоўсталі“ сёньня няма».Расейскія войскі штурмуюць Папасную
Генштаб Узброеных сіл Украіны ў Facebook прадставіў ранішнюю апэратыўную зводку. Зь яе вынікае, што на Данецкім і Таўрыйскім кірунках расейцы вялі артылерыйскі абстрэл пазыцый Узброеных сіл Украіны. У Марыюпалі праціўнік абстрэльваў украінскія пазыцыі на тэрыторыі заводу «Азоўсталь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсоне партызаны абяцаюць закладваць міны ў выбарчыя ўчасткі, калі акупанты паспрабуюць арганізаваць псэўдарэфэрэндумТаксама расейскія войскі штурмуюць горад Папасную Луганскай вобласьці.
На паўднёва-бужанскім кірунку праціўнік абстрэльваў пазыцыі ўкраінскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Князеўка і Мікалаеўка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: расейцы наступаюць на Данбасе, штурмуюць пазыцыі ля Харкава, але бяз посьпехаўУцекачы ад вайны
Паводле зьвестак ААН, з пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:
- 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
- 769,6 тысячы — у Румынію,
- 578,3 тысячы — у Расею,
- 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
- 430,2 тысячы — у Малдову,
- 349,3 тысячы — у Славаччыну,
- 23,9 тысячы — у Беларусь.
Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Выбухі і пажар у Бранску
У расейскім Бранску ранкам 25 красавіка грымнулі некалькі выбухаў. Відавочцы падзей дзеляцца ў сацыяльных сетках кадрамі пажараў. Гарыць нафтабаза «Дружба», полымя відаць з розных пунктаў у горадзе, што непадалёк ад беларускай мяжы. Гараць рэзэрвуары з палівам. Расейскія ўлады пакуль не камэнтуюць здарэньняў, таксама невядома, што менавіта стала прычынай пажараў.
Расея ўвяла новыя пэрсанальныя санкцыі супраць грамадзян ЗША і Канады
21 красавіка МЗС Расеі ўвяло пэрсанальныя санкцыі супраць 29 грамадзян ЗША. Сярод іх галоўны рэдактар англамоўнай вэрсіі «Медузы» Кевін Ротрак, сузаснавальнікі Фэйсбуку — Марк Цукербэрг, LinkedIn — Раян Расланскі, віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс з мужам і яшчэ шэраг чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і журналістаў.
Таксама МЗС Расеі абвясьціла аб пэрсанальных санкцыях супраць 61 грамадзяніна Канады. У сьпісе дзяржаўныя службоўцы, вайсковыя камандзіры, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый і супрацоўнікі СМІ.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія «рэйкавыя партызаны» сарвалі штурм Кіева. Мапа антываеннага супрацівуРасейская тэхніка масава пакідае Беларусь
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.
Як рэагуе сьвет
МЗС Вялікай Брытаніі рэкамэндуе сваім грамадзянам пакінуць Украіну
«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну працягваецца з нападамі на шэраг буйных гарадоў. Існуе рэальная небясьпека для жыцьця. Мы рэкамэндуем грамадзянам Вялікай Брытаніі неадкладна пакінуць Украіну, калі вы думаеце, што гэта бясьпечна. Паветраная прастора Ўкраіны закрытая», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі
Аўстралійскі ўрад зацьвердзіў новыя санкцыі 22 красавіка. Гэтым разам пад іх трапілі 144 чальцы Савету Фэдэрацыі РФ (з двухсот), Кацярына Ціханава і Марыя Варанцова — іх аўстралійскі ўрад называе дочкамі Ўладзіміра Пуціна (раней санкцыі супраць іх увялі ЗША і Вялікая Брытанія). Пад санкцыі трапіла і дачка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава.
Усяго ў аўстралійскім санкцыйным сьпісе ўжо каля 750 расейцаў. Таксама забаронены экспарт у Расею, у прыватнасьці, алюмінію і прадметаў раскошы.
Вялікая Брытанія ўвядзе эмбарга на пастаўкі срэбра і ікры з Расеі і павялічыць мыта на некаторыя беларускія тавары
У рамках новых санкцый, пра якія Вялікая Брытанія паведаміла 21 красавіка, уводзіцца забарона на імпарт з Расеі срэбра, лесаматэрыялаў, ікры і іншай прадукцыі. На шэраг тавараў з Расеі і Беларусі, уключаючы дыямэнты і каўчук, на 35% павялічаць мыта. Таксама Брытанія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы 26 фізычных асобаў і арганізацый з Расеі, у тым ліку — чыноўнікаў Мінабароны і МНС, кіраўніка Расейскай чыгункі, канцэрн «Калашнікаў», ракетна-касьмічны цэнтар «Прагрэс» і інш.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.