На вуліцах акупаванага расейцамі Херсону пачалі зьяўляцца ўлёткі, у якіх жыхароў горада заклікаюць ня ўдзельнічаць у псэўдарэфэрэндуме акупацыйнай расейскай улады аб стварэньні фіктыўнай «народнай рэспублікі».
«Херсон — гэта Ўкраіна. Усіх здраднікаў і акупантаў, якія пойдуць на „рэфэрэндум“, папярэджваем: месцы правядзеньня выбараў будуць кропкава замінаваныя, а ўсе асобы будуць вызначаныя і пакараныя. Мы працуем. Ласкава просім у пекла!», — адзначаецца ў тэкстах улётак.
Пакуль што дакладна не вядомая дата правядзеньня такога «рэфэрэндуму». 25 красавіка расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС распаўсюдзіла заяву намесьніка міністра замежных спраў Андрэя Рудэнкі пра тое, што ён нічога ня чуў аб падрыхтоўцы расейскімі ўладамі якога-небудзь «рэфэрэндуму ў Херсоне».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 23 красавіка папярэдзіў аб выхадзе Украіны зь перамоў з Расеяй у выпадку правядзеньня такіх псэўдарэфэрэндумаў на захопленых тэрыторыях.
«Калі будуць зьнішчаныя нашы людзі ў Марыюпалі, калі будуць абвешчаныя псэўдарэфэрэндумы ў новых псэўдарэспубліках, Украіна выйдзе зь любых перамоўных працэсаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
21 красавіка апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» Узброеных сіл Украіны паведаміла, што расейскія войскі пры дапамозе ўкраінскіх калябарантаў рыхтуюць на 27 красавіка фальшывы рэфэрэндум у акупаванай Херсонскай вобласьці.
Перад гэтым упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава заяўляла аб тым, што ўлады Расеі заплянавалі псэўдарэфэрэндум на пэрыяд з 1 па 10 траўня 2022 году, у выніку якога плянуюць стварыць «Херсонскую народную рэспубліку».