Ракетныя абстрэлы Ўкраіны зь Беларусі
Пра тое, што зь Беларусі адбываюцца ракетныя абстрэлы тэрыторыі Ўкраіны, кіраўніцтва Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ) сказала ў першы ж дзень вайны 24 лютага.
«З тэрыторыі Рэспублікі Беларусі выпушчаныя чатыры балістычныя ракеты ў паўднёва-заходнім кірунку», — гаварылася ў паведамленьні галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінка расказвае, як зь Беларусі бамбілі ЧарнігаўЛукашэнка кажа пра 2-3 ракетныя ўдары, Пэнтагон — пра 70
24 лютага быў абстраляны Луцк, наступны моцны ракетны абстрэл яго адбыўся 11 сакавіка. Мэтай абстрэлу быў мясцовы аэрадром, удары наносіліся ракетамі менавіта зь беларускай тэрыторыі.
27 лютага зь беларускай тэрыторыі ракетамі абстралялі вайсковую частку ля гораду Ўладзіміра-Валынскага (на захад ад Луцку, за 15 км ад польскай мяжы). Пра гэта паведаміў кіраўнік Валынскай абласной вайсковай адміністрацыі Юры Пагуляйка.
У той жа дзень, 27 лютага, факты ракетных абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі пацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка.
«З поўдня Беларусі ў пачатку канфлікту было два-тры ракетныя ўдары, бо Кіеў разгарнуў тры-чатыры ракетныя дывізіёны каля мяжы», — заявіў ён.
А 3 сакавіка прадстаўнік Пэнтагону пацьвердзіў, што ракетны абстрэл Беларусі вядзецца ў тым ліку зь беларускай тэрыторыі. За першыя 10 дзён вайны амэрыканскае вайсковае ведамства налічыла каля 70 пускаў ракет зь Беларусі па тэрыторыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы як народ — добрыя, Беларусь як краіна і ўлада — кепская». Вынікі апытаньня ва ЎкраінеРакеты ляцелі з Лунінца, Мазыра, Калінкавічаў, Гомля, Баранавічаў
Пра запускі ракеты ў кірунку Ўкраіны з Лунінца пачалі паведамляць 27 лютага. Адлегласьць ад Лунінца да ўкраінскіх гарадоў Роўна і Луцку — каля 200 кілямэтраў. Да Ўладзіміра ў Валынскай вобласьці, ракетны абстрэл якога адбыўся 24 лютага, каля 300 км.
Роўна абстралялі 14 сакавіка. Мэтай абстрэлу стала тэлевежа ў пасёлку Антопаль ля гораду. Загінулі 9 чалавек.
Акрамя гэтага, прадстаўнікі Ўзброеных сілаў Украіны рэгулярна паведамлялі пра ракетныя абстрэлы Чарнігава і яго ваколіц, а таксама Кіева. Да гэтых гарадоў ад Калінкавічаў і Мазыра, дзе рэгулярна бачаць запускі ракет у бок Украіны, каля 100 і 200 кілямэтраў адпаведна.
Ізраільскае агенцтва ImageSat International паведаміла 8 сакавіка, што пад Калінкавічамі заўважаныя прыведзеныя ў баявую гатоўнасьць расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр», і апублікавала сатэлітарныя фатаздымкі ваколіц беларускага раённага цэнтру, на якіх можна пабачыць падобную да «Іскандэраў» тэхніку. Пра шматлікія пускі ракет з ваколіц Калінкавічаў паведамлялі і відавочцы, публікуючы фота вэртыкальных сьлядоў запускаў.
Ракеты, якія запускалі з ваколіц Калінкавічаў, праляталі над Хвойнікамі і Нароўляй у бок Украіны. Ад гэтых раённых цэнтраў да ўкраінскага Чарнігава каля 150 кілямэтраў, да Сумаў — каля 500 км.
Таксама ракеты ў бок Украіны выляталі з аэрадромаў Ліды, Мазыра, Баранавічаў, Гомля.
На відэа, апублікаваным Міністэрствам абароны Расеі, бачны ўзьлёт з аэрадрому Гомля бесьпілётніка з боекамплектам, ракетныя ўдары па ўкраінскай тэрыторыі і пасадка на той жа аэрадром.
У сакавіку прадстаўнікі Ўзброеных сіл Украіны рэгулярна паведамлялі пра ракетныя абстрэлы Чарнігава і яго ваколіц, Роўна і Кіева. Да гэтых гарадоў ад Калінкавічаў і Мазыра, дзе пастаянна бачаць запускі ракет у бок Украіны, каля 100 і 200 кілямэтраў адпаведна.
Апошняя інфармацыя пра запускі ракет з тэрыторыі Беларусі зьяўлялася ў СМІ на пачатку красавіка.
На гэтым тыдні ў зводках Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Беларусь не згадваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкуль у Беларусі запускаюць ракеты па Ўкраіне. МАПАПратэсты і перасьлед за іх
Ад 24 лютага — дня пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны — за ўдзел у антываенных акцыях у Беларусі затрымалі больш за 1,5 тысячы чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Акцыі пратэсту праходзілі ня толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але ў Дрыбіне, Докшыцах, Шуміліне, Ушачах — вядома аб пратэстах у 27 гарадах. Шмат людзей затрымалі падчас правядзеньня рэфэрэндуму 27 лютага (больш за тысячу). Толькі ў Наваполацку ў той дзень затрымалі каля 80 чалавек.
Схопленых на антываенных акцыях трымалі ў асабліва жорсткіх умовах. На 15 дзён арышту асудзілі былога дацэнта Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальлю Дуліну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вывеў жанчыну ў іншы пакой і ўдарыў галавой аб сьцяну». Што рабілі на Акрэсьціна з затрыманымі на антываенных акцыяхАгулам на 60 дзён арыштавалі кіраўніцу незалежнага прафсаюзу ВА «Нафтан» Вольгу Брыцікаву. Затрымалі яе 27 лютага на выбарчым участку. Спачатку далі 15 лзён арышту за тое, што яна да сваёй курткі прычапіла аркушы з надпісамі: «Нет войне», «No war», потым за паперкі з тымі ж словамі на вокнах кватэры, яшчэ раз яе асудзілі за допіс «Нет войне» у Instagram.
Людзей затрымлівалі за блакітна-жоўтыя стужкі, сьцяжкі, кветкі да помніку Тарасу Шаўчэнку
На плошчы Перамогі ў Віцебску 27 лютага затрымалі Кацярыну Бекан за блакітна-жоўтыя кветкі ў яе руках. Мясцовыя міліцыянты расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаванне». Жанчыну аштрафавалі.
У Бабруйску асудзілі настаўніцу гісторыі Ларысу Секержыцкую, якая прыйшла ў школу з жоўтай і блакітнай стужкамі ў валасах. Гэта не спадабалася настаўніцы матэматыкі і кіраўніцы вайскова-патрыятычнай клясы Натальлі Сіманенцы і настаўніцы гісторыі Сьвятлане Хутаранскай. Іх падтрымала кіраўніцтва школы. Секержыцкую пакаралі штрафам 70 базавых — 2240 рублёў. І нагадалі, што хутка ў яе скончыцца кантракт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бабруйску асудзілі настаўніцу, якая прыйшла ў школу з жоўтай і блакітнай стужкамі ў валасах8 сакавіка ў Берасьці напярэдадні дня нараджэньня вялікага ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі сілавікі не пусьцілі людзей да помніка клясыку. Мясцовага жыхара Алега Вялава і яшчэ траіх, якія прынесьлі кветкі, затрымалі.
Суд Верхнядзьвінскага раёну абвінаваціў мясцовага жыхара па арт. 24.23 КаАП: ён нібыта правёў несанкцыянаванае пікетаваньне на сайце адміністрацыі Лукашэнкі. Мужчына прыслаў на сайт паведамленне з пытаньнем «Чаму Беларусь удзельнічае ў вайне з Украінай?», але адказу не атрымаў. Ён зноў напісаў і далучыў да пытаньня фатаздымкі бел-чырвона-белага сьцяга і герба Пагоня. Атрымаў 15 дзён арышту.
«Партызаны» ў Беларусі вядуць «рэйкавую вайну»
Яны ўчынілі дзясяткі дывэрсіяў на чыгунцы, а кібэрпартызаны на два тыдні парушылі працу абсталяваньня, якое забясьпечвае аўтаматычную працу Беларускай чыгункі, каб не дапусьціць перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі па чыгунцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мапа антываеннага супраціву ў БеларусіУ сваім відэазвароце прадстаўнікі руху «Супраціў» сьцьвярджаюць, што «партызанскія» групы правялі на тэрыторыі Смаленскай і Бранскай вобласьцяў некалькі дывэрсіяў з мэтай ускладненьня і спыненьня руху расейскіх эшалёнаў з вайсковай тэхнікай. Яны паведамілі, што зьнішчылі прылады сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня на некалькіх участках, а таксама некалькі рэлейных шафаў.
У ноч на 30 сакавіка былі жорстка затрыманыя трое жыхароў Бабруйску, якія нібыта чынілі сабатаж на чыгунцы. Яшчэ аднаго затрымалі 1 красавіка ў Барысаўскім раёне, паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Трое з чатырох падпольнікаў былі параненыя пры затрыманні.
МУС Беларусі правяло рэйды ў Баранавічах, Стоўпцах, Лагойску, Сьветлагорску, Асіповічах, Бабруйску, ншых гарадах. Затрымалі ўжо дзясяткі чалавек, на іх завялі справы паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму, зьдзейсьнены арганізаванай групай)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 «рэйкавых партызан» прызнаныя палітвязьняміЯк ніколі моцныя санкцыі
Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Беларусь апынулася пад санкцыямі як памагаты агрэсару ў гэтай вайне. Санкцыі тым ці іншым чынам закранулі шэраг беларускіх банкаў: «Альфа-банк», банк «Дабрабыт», «Беларусбанк», «БелВЭБ», «Белінвестбанк», «ВТБ-Беларусь», «Сбер Банк». Кліенты гэтых банкаў сутыкнуліся зь цяжкасьцямі падчас спробаў зьняць наяўныя грошы ў банкаматах і зрабіць міжнародныя пераводы, а таксама з перабоямі ў працы мабільных аплікацыяў.
Беларускім кампаніям перакрылі доступ да высокіх тэхналёгіяў. Больш за 120 кампаніяў з Беларусі і Расеі больш ня змогуць атрымліваць высокія тэхналёгіі ЗША безь ліцэнзіі, у якой у большасьці выпадкаў, калі не ва ўсіх, будзе адмоўлена.
ЭЗ адключыў тры беларускія банкі ад спэцыялізаваных паслуг абмену фінансавымі паведамленьнямі SWIFT. Ідзецца пра «Белаграпрамбанк», «Дабрабыт» і «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь», а таксама іх даччыныя кампаніі.
ЭЗ забараняе зьдзяйсьняць трансакцыі, зьвязаныя з Нацыянальным банкам Беларусі. З 12 сакавіка нельга аказваць паслугі з каштоўнымі паперамі беларускіх дзяржаўных кампаніяў на фондавых біржах ЭЗ. Эўрапейскім банкам забараняюць прымаць дэпазыты ад грамадзян і рэзыдэнтаў Беларусі, большыя за 100 000 эўра, а таксама прадаваць беларусам каштоўныя паперы ў эўра. Абмежаваныя пастаўкі банкнотаў эўра ў Беларусь (ня тычыцца наяўных грошай для асабістага карыстаньня).
Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць 24 беларускіх фізычных і юрыдычных асобаў у сувязі з «падтрымкай і садзеяньнем», якія Менск аказаў уварваньню Расеі ва Ўкраіну.
У санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША, у прыватнасьці, трапілі два буйныя дзяржаўныя банкі — «Белінвестбанк» і «Банк Дабрабыт», а таксама шэраг прадпрыемстваў абароннай прамысловасьці і органы бясьпекі. Акрамя таго, абмежавальныя меры закранулі міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вольфавіча і бізнэсмэна Аляксандра Зайцава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі рэкордная месячная інфляцыя за 10 гадоў. Улады павысілі мінімальны заробакРэкордныя тэмпы інфляцыі, скарачэньне ЗВР, страты ў экспарце
Нафтаперапрацоўка — адна з асноваў экспарту зь Беларусі ў краіны ЭЗ і Ўкраіну — пацярпела праз санкцыі. Цяпер абодва буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць толькі на ўнутраны рынак. Хаця раней экспарт нафтапрадуктаў прыносіў Беларусі мільярды даляраў штогод.
У Беларусі разганяецца інфляцыя, у сакавіку цэны вырасьлі на 6,1% параўнальна зь лютым. Гэта рэкордны месячны паказьнік інфляцыі зь лістапада 2011 году, калі рост цэнаў склаў 8,1% да кастрычніка.
Таксама скараціліся золатавалютныя рэзэрвы Беларусі. Так, сакавік «зьеў» 692,9 мільёна даляраў золатавалютных рэзэрваў. Гэтыя грошы пайшлі на падтрыманьне курсу беларускага рубля, а таксама на сплату даўгоў.
ЭЗ цалкам закрыў магчымасьць грузаперавозак зь Беларусі. Толькі на аказаньні грузавых паслуг Беларусь штогод зарабляла 2,5 мільярда даляраў.
Заходнія санкцыі, а таксама вайна ва Ўкраіне цалкам разбурылі звыклую лягістыку экспартных паставак беларускіх калійных угнаеньняў. Штогод краіна прадавала 10–12 мільёнаў тон угнаеньняў, зарабляючы каля 2,5 мільярда даляраў. Аднак цяпер, хоць ахвотныя купіць гэты тавар ёсьць, яго проста немагчыма даставіць спажыўцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Беларускі гаюн” атрымлівае тысячу допісаў штодня». Антон Матолька пра інфармацыйную вайну беларусаў супраць расейскай арміі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: расейскія салдаты вывозяць зь Беларусі скрадзеныя ва ўкраінцаў машыны і скупляюць золатаСанкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.