Лістападаўскім прыцемкам 2019 году мы зь сябрам вярталіся з урачыстага пахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні, і сябра сказаў: «Гэта тое, што я ніколі б ня думаў, але пабачыў у жыцьці: распад СССР, незалежнасьць Беларусі і пахаваньне Каліноўскага на дзяржаўным узроўні з мноствам бел-чырвона-белых сьцягоў. Што там яшчэ можа быць наперадзе? Сыход Лукашэнкі? Нецікава, маштаб ня той».
Лішне казаць, што падобныя думкі круціліся і ў маёй галаве — пра завяршэньне гісторыі, сьведкам якой табе выпала быць. Але што было потым? Калі не лічыць сусьветнае пандэміі, дык адбыліся беларускі выбух у жніўні 2020-га, масавы тэрор супраць беларусаў, які не спыняецца, уварваньне Расеі ва Ўкраіну... А там далей што? Канец імпэрыі? Выглядае, што мы зь сябрам «пасьмяшылі Бога, расказаўшы яму пра свае пляны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кастусь Каліноўскі: Паўстаньне працягваецца. Новая кніга ў «Бібліятэцы Свабоды»Між іншым, заўважу, што перад гэтымі падзеямі заўсёды «да канца ня верылася» ў тое, што яны адбудуцца, яны не ўспрымаліся як рэальнасьць, а калі адбываліся, дык заўсёды — як абухом па галаве. Магчыма, таму, што дзеля свайго маштабу яны не ахопліваліся тваім усьведамленьнем. Як вечнасьць, напрыклад.
Людзі ўвогуле дзіўныя істоты — жывуць задам наперад, рачкуюць. Ідуць нібыта наперад, а бачаць толькі тое, што ззаду, што ўжо адбылося. Славутае трэцяе вока на патыліцы, якое б бачыла тое, куды мы ідзем, ніколі не раскрываецца. Але ж вось што зьдзіўляе. Падзеі, якія адбыліся, і якіх мы ніяк не чакалі, і ў часе якіх дзейнічалі нібы пад гіпнозам, складаюцца ў сваю лёгіку і зьвязаныя паміж сабой у нейкім незвычайна хуткім нарастаньні. Быццам імі нехта кіруе.
З чаго ўсё пачалося? Раптам апаўзла Замкавая гара ў Вільні. Паказаліся парэшткі паўстанцаў і першага зь іх — Каліноўскага. Быццам гэта была ягоная воля. Вы пішаце, што месца майго пахаваньня (дакладней, таемнага закапаньня) невядомае, дык я вам, рачкунам, пакажу сам. Гэта быў 2017 год.
У 2019-м тысячы беларусаў са сьцягамі ўдзельнічаюць у пахаваньні герояў, якое Літва зладзіла на найвышэйшым узроўні. І сябра прызнаўся мне, што пабачыў за сваё жыцьцё «ўсё». Праз год гэтае мора сьцягоў выплесьнецца ўжо на статысячных маршах па ўсёй Беларусі. Як тут не падумаць, што і гэта — воля Каліноўскага, яе працяг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На могілках Росы ў Вільні беларусы ўшанавалі памяць лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастуся КаліноўскагаТэрор у адказ быў яму добра вядомы, бо гэта быў той самы расейскі тэрор, які чарговы раз вынішчаў пасіянарную нацыянальную Беларусь, каб зрабіць з нашай краіны свой пляцдарм для атакі на Кіеў. Хіба ж і гэтага не прадбачыў Каліноўскі, які выйшаў зь зямлі? «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе». Дарэчы, ніхто і ніколі так глыбока і дакладна не сфармуляваў беларускую ідэю свабоды, як ён.
Выходзіць, у Кастуся Каліноўскага ягонае трэцяе вока, якое бачыць наперад, расплюшчанае? І тое, куды ён нас вядзе, а мы ахвотна ідзем за ім, бо слухаем толькі сваё сэрца, гэта той самы наш шлях, наша надзея?
Дык што, скажу я сёньня свайму сябру, хіба давядзецца яшчэ і такую падзею перажыць у сваім жыцьці? Канец імпэрыі. Тое, у што зноў «ня верыцца». Расплюшчы сваё трэцяе вока. І я паспрабую таксама.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.